Людміла ПЕРАГУДАВА, кінакрытык, дацэнт Інстытута журналістыкі БДУ: “Аднавіць асяродак”

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

— Асноўная праблема беларускага кіно была агучана ў эфіры канала АНТ незалежнымі экспертамі— гледачамі. У выніку галасавання пад час ток-шоу “Выбар” аказалася: 29% гледачоў прадукцыя Нацыянальнай кінастудыі падабаецца, 71%— не. Годам раней расклад быў прыкладна такі ж: 68% гледачоў не цікавіліся беларускім кіно і прыкладна столькі ж лічылі, што прычына няўдач у індустрыі — адсутнасць свежых ідэй. Таму галоўная праблема — страчаны давер гледача. Беларускаму кіно неабходна вярнуць творчы аўтарытэт. Нездарма азначэнне “мастацкае кіно”, што тычыцца прадукцыі нашай студыі, практычна страціла былы сэнс і ўсё часцей замяняецца няроўназначным сінонімам “ігравое кіно”.

 

Экранная мода - зменлівая. Але ніколі не праходзіць мода на Мастацтва, на кіно прафесійнае, нацыянальнае па сваёй сутнасці. У перыяд рэканструкцыі сферы кіно на першы план выходзіць яго мастацкі ўзровень, тое, дзеля чаго і павінна працаваць кінаіндустрыя. Праблемай з'яўляецца і маленькая колькасць арыгінальных, высокамастацкіх сцэнарыяў, арыентаваных на поспех: глядацкі, фестывальны або камерцыйны. Патрэбны неангажыраваны механізм адбору жыццяздольнага, перспектыўнага матэрыялу. Не існуе дакладнай творчай канцэпцыі, магістральнай лініі і мастацкіх прыярытэтаў - сцэнарны партфель студыі запаўняецца стыхійна і, часцяком, суб'ектыўна. Якаснага росту патрабуе ўзровень рэжысуры. Змена пакаленняў - працэс балючы. Трэба шукаць таленавітых людзей і даваць ім магчымасць рэалізоўваць іхнія планы. Неабходна з піетэтам ставіцца да творчай спадчыны Нацыянальнай студыі і ў поўнай меры карыстацца патэнцыялам і багатым вопытам кінематаграфістаў старэйшага пакалення. Яшчэ адна праблема - адсутнасць на студыі мастацкага кіраўніка. Нават дэбютанты здымаюць сваё першае кіно практычна наўдачу. Неапраўданая рызыка, надта затратная! Аднаўленне страчанага культурнага кінематаграфічнага асяродка - справа не аднаго года. І пэўныя зрухі ўжо ёсць: маю на ўвазе вяртанне на студыю вучняў Віктара Турава- Аляксандра Колбышава і Андрэя Кудзіненкі. Відавочна, капрадукцыя з кінематаграфічна моцнымі краінамі і асобнымі майстрамі- вельмі дзейсная стратэгія развіцця. Выйсці на якасна новы ўзровень беларускаму кіно можа дапамагчы сучасны канцэптуальны падыход: стварэнне інстытута прадзюсерства - адзін з прадуктыўных шляхоў.