Экранная мода - зменлівая. Але ніколі не праходзіць мода на Мастацтва, на кіно прафесійнае, нацыянальнае па сваёй сутнасці. У перыяд рэканструкцыі сферы кіно на першы план выходзіць яго мастацкі ўзровень, тое, дзеля чаго і павінна працаваць кінаіндустрыя. Праблемай з'яўляецца і маленькая колькасць арыгінальных, высокамастацкіх сцэнарыяў, арыентаваных на поспех: глядацкі, фестывальны або камерцыйны. Патрэбны неангажыраваны механізм адбору жыццяздольнага, перспектыўнага матэрыялу. Не існуе дакладнай творчай канцэпцыі, магістральнай лініі і мастацкіх прыярытэтаў - сцэнарны партфель студыі запаўняецца стыхійна і, часцяком, суб'ектыўна. Якаснага росту патрабуе ўзровень рэжысуры. Змена пакаленняў - працэс балючы. Трэба шукаць таленавітых людзей і даваць ім магчымасць рэалізоўваць іхнія планы. Неабходна з піетэтам ставіцца да творчай спадчыны Нацыянальнай студыі і ў поўнай меры карыстацца патэнцыялам і багатым вопытам кінематаграфістаў старэйшага пакалення. Яшчэ адна праблема - адсутнасць на студыі мастацкага кіраўніка. Нават дэбютанты здымаюць сваё першае кіно практычна наўдачу. Неапраўданая рызыка, надта затратная! Аднаўленне страчанага культурнага кінематаграфічнага асяродка - справа не аднаго года. І пэўныя зрухі ўжо ёсць: маю на ўвазе вяртанне на студыю вучняў Віктара Турава- Аляксандра Колбышава і Андрэя Кудзіненкі. Відавочна, капрадукцыя з кінематаграфічна моцнымі краінамі і асобнымі майстрамі- вельмі дзейсная стратэгія развіцця. Выйсці на якасна новы ўзровень беларускаму кіно можа дапамагчы сучасны канцэптуальны падыход: стварэнне інстытута прадзюсерства - адзін з прадуктыўных шляхоў.