Юрый ЦВЯТКОЎ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кінарэжысёр: “Знайсці свайго Гамлета”

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

— Думаю, маю права меркаваць пра тое, якім павінна быць наша нацыянальнае кіно. З’яўляюся лаўрэатам Дзяржпрэміі Беларусі, заслужаным дзеячам мастацтваў краіны. У ігравым кінематографе, у ліку іншых, зняў стужку “Пасля кірмашу” паводле іскрамётнай і геніяльнай купалаўскай “Паўлінкі”, у дакументальным — блок фільмаў пра знакамітых беларусаў, што сваёй творчасцю і грамадзянскай пазіцыяй наўпрост паўплывалі на славу і гонар Бацькаўшчыны. Сярод іх — Багдановіч, Караткевіч, Лужанін… Днямі здаў дакументальную стужку пра Канстанціна Астрожскага і Сафію Слуцкую… Мы цяпер пачалі гаварыць пра стварэнне беларускага нацыянальнага кіно. Не мной сказана, што апірышчам і непахіснасцю самасвядомасці, нацыянальнага самаспазнання з’яўляецца гісторыя. Яна і павінна стаць грунтам для стварэння сапраўдных узораў беларускага кіно. Мы павінны знайсці свайго Гамлета, свайго героя. Тым больш, што на выбітных асоб дэфіцыту ў нас не было. І не варта тут забывацца на тое, што імкненне да Подзвігу бывае не менш каштоўным за сам Подзвіг… І нават фільм, скажам, пра геніяльнага рускага Пушкіна нам трэба здымаць з беларускага пункта гледжання, бо ледзь не траціну жыцця паэт быў знітаваны з нашай зямлёй. Словам, мы не маем права займацца кінаінтэрпрэтацыяй чужой гісторыі і не нашай літаратурнай класікі. Беларускаму грамадству патрэбна яднанне, і кіно тут павінна стаць адным з памочнікаў.