“Мабільныя” напевы

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

На пасадзе загадчыка аўтаклуба працую з лістапада. Мне падабаецца гэтая справа: мабільнасць установы дазваляе штотыднёва сустракацца з новымі, але нязменна ўдзячнымі вясковымі жыхарамі Петрыкаўшчыны.

/i/content/pi/cult/283/4513/12-4.jpg

Так, з канцэртнымі праграмамі выязджаем на раён, згодна з графікам, кожны тыдзень. Каб выступленні нашы былі больш якаснымі, стварылі пастаянную арт-брыгаду "Народныя напевы". Увайшлі ў яе самадзейныя артысты Валянціна Бабіч, Ганна Несцярчук, Клаўдзія Міхалевіч, Вольга Шуляк, акампаніятар-акардэаніст Мікалай Язерскі. У рэпертуары "Народных напеваў" - не толькі беларускія і рускія вакальныя творы, але і жартоўныя вершы, байкі, тэатралізаваныя сцэнкі.

Аўтаклуб укамплектаваны неблагой гукаўзмацняльнай апаратурай з мікрафонамі. На набыццё гэтага "начыння" наш аддзел культуры выдаткаваў больш за мільён рублёў. Таму маем магчымасць выступаць не толькі ў маленькіх клубах, але і на мехдварах і жывёлагадоўчых фермах. Нярэдка разам з "Народнымі напевамі" едуць да вяскоўцаў ідэолагі, урачы, аптэкары, страхавыя інспектары...

 Пасля нашых "гастролей" у вёсцы Івашкавічы загадчык мясцовай бібліятэкі-клуба Надзея Коржык зазначыла, што артысты зачаравалі сяльчан звонкімі і чыстымі галасамі. А ў той дзень нас яшчэ чакалі вяскоўцы ў Першай Слабодцы...

Днямі "Народныя напевы" пабывалі ў Брынёве, дзе ладзілася Свята вёскі. І, як заўжды, было шмат кветак і апладысментаў.

Таццяна ПІНЧУК, загадчык аўтаклуба аддзела культуры Петрыкаўскага райвыканкама На здымку: выступаюць "Народныя напевы".