Хто на Анненскі кірмаш?

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Сёння, 21 жніўня, у Зэльве ладзіцца Анненскі кірмаш.

 

У XVIII стагоддзі ён прывабліваў да пяці тысяч купцоў Еўропы, з'яўляючыся другім па велічыні кірмашом пасля Лейпцыгскага. Назву мерапрыемства атрымала ў гонар святой Анны і мела гандлёвы абарот да мільёна рублёў.

Фінансавую і кансультатыўную дапамогу ў адраджэнні кірмашу аказаў праект ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні". Каардынатар па сувязях з грамадскасцю праекта Вячаслаў Смірноў паведаміў "К", што згаданы кірмаш - справа доўгатэрміновая, яна будзе садзейнічаць не толькі росту эканамічнай заможнасці рэгіёна, але і ягонай сацыяльна-культурнай актыўнасці. Таму леташняя прапанова аддзела культуры Зэльвенскага райвыканкама па адраджэнні Анненскага кірмашу была аднадушна падтрымана экспертнай камісіяй праекта ЕС/ПРААН, які выдаткаваў на ажыццяўленне запланаванага 18 мільёнаў рублёў.

Прыкладна такая ж сума была сабрана, па словах начальніка аддзела культуры Галіны Раманчук, і жыхарамі Зэльвеншчыны пад час суботнікаў. Дапамаглі, натуральна, кіраўніцтва раёна і ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама.

На сёлетнім кірмашы, ладзіць які мяркуецца раз на тры гады, паўсотні майстроў і мастакоў прапануюць не менш чым сямі тысячам гасцей свае адмысловыя творы. Каля 200 самадзейных артыстаў прымуць удзел у конкурсах, гульнях і канцэртах. Дарэчы, большасць сабраных грошай была выкарыстана на набыццё сцэнічных касцюмаў і матэрыялаў для дзейнасці рамеснікаў.