Колькі будзе “25+5…”?

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Выстаўка “25+5 лепшых эстонскіх кніг” адкрылася днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

 

 Гэтыя выданні, якія былі створаны ў 2009 годзе, з'яўляюцца прызёрамі Нацыянальнага конкурсу дызайну кнігі. Вернісаж адкрыў дырэктар бібліятэкі Раман Матульскі, удзел у ім прынялі Часовы Павераны ў справах Эстоніі ў Рэспубліцы Беларусь Хары Лахтэйн, члены Беларускага саюза дызайнераў і прадстаўнікі айчынных выдавецтваў.

Кнігі, якія можна пабачыць на выстаўцы, цягам мінулага года адбіраліся прафесійным журы ў Эстоніі. Усяго ў конкурсе ўдзельнічалі 174 выданні для дарослай аўдыторыі і 35 - для дзіцячай. Вызначальным для перамогі было добрае графічнае вырашэнне, эксперыменты з сучаснымі друкарскімі шрыфтамі. Выбіралі прызёраў не толькі эстонцы, але і прадстаўнікі іншай краіны, каб конкурс быў больш аб'ектыўны.

Выстаўка ў Мінску арганізавана ў межах існуючага Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Эстоніі, што было падпісана ў лютым 2007 года ў Таліне. Таксама на трэцім паверсе кальцавога калідора НББ можна азнаёміцца з беларускімі прызёрамі Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі-2010", якія прадстаўлены ў экспазіцыі "Лепшыя кнігі Беларусі".