943-і дзень нараджэння

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Сёлета Свята сталіцы, што будзе адзначацца 11 — 12 верасня, якасна адрозніваецца ад леташняга Дня горада. Начальнік аддзела па справах мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Анціповіч паведамляе “К”, што ў структуры святкавання 943-га дня нараджэння Мінска шмат новаўвядзенняў.

 Адбудзецца, да прыкладу, прэзентацыя "сацыяльнага таксі" для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтая ініцыятыва Мінгарвыканкама, па словах Уладзіміра Анціповіча, аналагаў на постсавецкай прасторы не мае...

Святочныя мерапрыемствы распачнуцца традыцыйнай цырымоніяй уручэння ўзнагарод "Мінчанін года" і канцэртам у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Але ў традыцыйным рэчышчы свята шмат і эксклюзіўных знаходак. Адна з іх - дзея "Мінскі дворык", што адбудзецца ля Музея гісторыі горада Мінска. Тут мяркуецца прэзентаваць касцюміраванае тэатральнае прадстаўленне, выстаўкі народнага фотаклуба "Мінск" і дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва.

Дарэчы, дэвіз свята - "Мой родны Мінск - мой лёс, мая надзея!". Менавіта так будзе называцца праграма Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, што прагучыць ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 А ля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета 12 верасня адбудзецца канцэрт салістаў беларускай оперы "Гэта - класіка".

 Святочныя мерапрыемствы, натуральна, пройдуць 11 - 12 верасня ва ўсіх раёнах сталіцы.


 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"