Прыпяцкі паром... традыцый

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

17 — 18 верасня ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна пройдзе Першы Адкрыты фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”.

/i/content/pi/cult/283/4498/2-3.jpg

 Начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў паведамляе "К", што фестываль заснаваны ў адпаведнасці з распараджэннем Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Гомельскі аблвыканкам, Міністэрства культуры краіны, Нацыянальны парк "Прыпяцкі", Петрыкаўскі райвыканкам.

Свята, як удакладняе Дзмітрый Чумакоў, ладзіцца для падтрымкі і развіцця мясцовай традыцыйнай культуры: фальклору, традыцый і абрадаў, промыслаў і рамёстваў, нацыянальнай кухні. Таму ў фестывальнай праграме - конкурсы рамесніцкіх падвор'яў і нацыянальнай кухні. У іх бяруць удзел прадстаўнікі 11 рэгіёнаў Прыпяцкага басейна: Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Нараўлянскага, Мазырскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Ельскага, Хойніцкага раёнаў Гомельшчыны, Столінскага, Пінскага і Лунінецкага раёнаў Брэстчыны.

 Фестываль, як сцвярджае Дзмітрый Чумакоў, будзе спрыяць рэалізацыі сацыяльна-культурных праектаў Дзяржпраграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 - 2015 гады.

 Спецыяліст аддзела культуры Петрыкаўскага райвыканкама Жанна Адаменка распавяла "К", што вёска Ляскавічы стане фестывальнай сталіцай невыпадкова: па-першае, тут размешчана адміністрацыя Нацыянальнага парку "Прыпяцкі"; па-другое, вёска некалькі гадоў таму стала аграгарадком ды займела цудоўны Цэнтр культуры і адпачынку: адной апаратуры і аснашчэння для яго было набыта на 200 мільёнаў рублёў. Менавіта тут пройдуць фотавыстаўка, прэзентацыя кінаі відэаматэрыялаў, мастацкіх твораў, што адлюстроўваюць прыроду і культуру Палесся.

Галоўная ж фестывальная сцэна размесціцца на плошчы ля ЦКА. А на Прыпяці будзе працаваць "дыскатэчны" паром.

 На здымку: аграгарадок "Ляскавічы" рыхтуецца стаць цэнтрам новага фестывалю.