Хто стане мінскай зоркай?

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Больш як сто чалавек выказалі жаданне стаць вядучымі дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2010”.

 

Сярэдні ўзрост маладых людзей, якія даслалі свае анкеты і захацелі стаць часткай грандыёзнага шоу, што пройдзе ў "МінскАрэне" 20 лістапада, - ад 18 да 30 гадоў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

Цікавасць да кастынгу праявілі, у асноўным, студэнты і школьнікі старэйшых класаў з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. Варта адзначыць, што заяўкі паступалі не толькі з усіх абласцей нашай краіны, - свае анкеты накіроўвалі выхадцы з Беларусі, якія цяпер вучацца, жывуць або праводзяць летні адпачынак за мяжой.

Адзначым, што ў кастынгу актыўна прымалі ўдзел мадэльныя агенцтвы, што дасылалі анкеты сваіх прэтэндэнтаў, а таксама зоркі беларускай эстрады і шоу-бізнесу, у тым ліку ўдзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" Вольга Сацюк і Ксенія Сітнік.

Кандыдаты на ролю вядучых папулярнага конкурсу павінны былі прадэманстраваць не толькі выдатнае веданне англійскай або французскай моў, але і ўменне трымацца на сцэне, працаваць у кадры і шмат імправізаваць. Для гэтага з імі працавалі рэжысёры-пастаноўшчыкі Белтэлерадыёкампаніі.

Імя вядучага або вядучых дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010" стане вядома ўвосень, калі экспертная група Белтэлерадыёкампаніі прагледзіць відэазапісы ўсіх прэтэндэнтаў і выбера лепшага або лепшых. Не выключана, што некаторыя ўдзельнікі кастынгу будуць запрошаны для работы ў праекце ў якасці перакладчыкаў, менеджэраў і валанцёраў.