Класічны трохкутнік для рэжысёра У кадры — ён , яна і Бярэзіна…

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Спякотнае лета не стала “нагодай” для адпачынку кінематаграфістаў. На Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” ідуць здымкі шэрагу праектаў, прызначаных для вялікага і тэлевізійнага экрана. Сёння “Культура” прапануе даведацца пра новую карціну рэжысёра Віталя ДУДЗІНА з першых вуснаў. Стужка з кранальнай назвай “Дотык”, якая павінна пабачыць свет у пачатку будучага года, распавядае гісторыю сталічнай дзяўчыны, што трапляе па размеркаванні ў вёску, дзе працуе ў выязным гандлі. Першапачаткова праект меў назву “Аўтакрама”, і ў ім знайшлося месца для класічнага любоўнага трохкутніка... Віталь Дудзін — адзін з самых вопытных айчынных рэжысёраў, выпускнік творчай майстэрні Нікіты Міхалкова. Менавіта з імем Дудзіна звязаны шматлікія творчыя поспехі “Беларусьфільма” за апошнія трыццаць гадоў. Карэспандэнты “Культуры” здолелі пагутарыць з кінамайстрам у перапынку між здымак адной з апошніх сцэн яго новай стужкі і даведацца пра асабістае стаўленне Віталя Дудзіна да працы.

 

Каханне і абдымкі

 - Віталь Андрэевіч, раскажыце, калі ласка, чаму вы абралі менавіта сцэнарый Дзмітрыя Якутовіча? 

- З Дзмітрыем Якутовічам мы знаёмы даўно, працавалі разам над сцэнарыем стужкі "Матрос Жалязняк" на Адэскай кінастудыі. Таму, калі сустрэліся ў калідоры "Беларусьфільма", я адразу спытаў: ці ёсць цікавая гісторыя ў запасе? Гісторыя была ў выглядзе дванаццаці старонак сінопсісу сцэнарыя пра гарадскую дзяўчыну, якая па размеркаванні трапляе ў сельскую мясцовасць і паступова пранікаецца яе хараством. Зразумела, у першапачатковую задуму неаднойчы ўносіліся праўкі, як і ў сцэнарый, але гэта - неабходныя працоўныя моманты. У выніку ідэя была ўхвалена экспертным ды рэдакцыйным саветамі, і здымкі, нарэшце, пачаліся.

- Сюжэт "Дотыку" вельмі нагадвае тыповую меладраму. Але вы ўхіляецеся ад таго, каб сказаць аб гэтым наўпрост...

 - Рэжысёры і пракатчыкі вельмі часта навешваюць на свае творы своеасаблівыя цэтлікі: "драма", "камедыя", "сатырычная меладрама" і гэтак далей. Я не імкнуся да таго, каб "жалезна" звязаць маю новую стужку з паняццем "меладрама". Гэта, хутчэй, любоўная гісторы/i/content/pi/cult/282/4492/13-1.jpgя, але... без пацалункаў і абдымкаў, дарэчы, як і без стрэлаў ды выбухаў.

 - Звычайна кінематаграфісты, наадварот, імкнуцца насыціць свае стужкі пацалункамі. Навошта рабіць "Дотык" такім наўмысна цнатлівым?

 - Ведаеце, калі ўключаеш тэлевізар, то бачыш адны пацалункі, выбухі, стрэлы... Каханне, на мой погляд, пачынаецца не з пацалунка, - ён можа быць толькі фармальным сведчаннем адносін, - а з сапраўднага пачуцця. Урэшце, яно можа і не ўзнікнуць. Сапраўднае каханне бывае і без фізічнага дотыку: калі ты адносішся да дзяўчыны настолькі тактоўна, што баішся нават узяць яе за руку, каб не разбурыць трапяткое адчуванне хараства. Тое самае - і ў нашай стужцы: галоўнаму герою за трыццаць, і ён шмат чаго пабачыў у жыцці, а гераіня - дзяўчына-выпускніца, відаць, не без любоўнага вопыту, аднак іх звязваюць адносіны, якія я перанёс з часоў свайго юнацтва.

 - Не баіцеся паказацца старамодным?

- Няхай, тыя, хто захочуць палічыць мяне старамодным, тое і зробяць. Ведаю, знойдуцца іншыя, для каго наша гісторыя ўваскрэсіць часы іх маладосці. Дарэчы, такія чыстыя, трапяткія пачуцці адно да аднаго могуць быць у любым узросце. Я буду вельмі рады, калі наша стужка абудзіць іх. Рамантычна-ўзнёслыя адносіны мужчыны да жанчыны ніколі не былі і не будуць старамоднымі, нават праз тысячу гадоў!

Натуральнае хараство Беларусі

- Давайце крыху пройдземся па сюжэце. Хутчэй за ўсё, знойдзецца шмат гледачоў, якія пасля прагляду абавязкова абвінавацяць аўтараў у "нацяжках": маладое гарадское дзяўчо чамусьці вырашае застацца ў вёсцы... Так не бывае, скажуць скептыкі...

 - І памыляцца! Мы з вамі размаўляем у фае барысаўскага кінатэатра, дзе здымаецца частка сцэн "Дотыку". Дык вось, цікава, што дырэктар кінатэатра мае такі ж лёс, як наша гераіня! У 1987 годзе яна разам з мужам скончыла знакаміты ЛИКИ - Ленінградскі інстытут кінаінжынераў - і была размеркавана ў Барысаў. Думалі адбыць толькі два гады абавязковай адпрацоўкі, але... засталіся на ўсё жыццё. Хто пасля гэтага скажа, што ў кіно ўсё - няпраўда?

- Чаму Барысаўшчына? Калі не памыляюся, гэта ўжо не першая стужка, якую вы здымаеце менавіта ў гэтым маляўнічым кутку нашай краіны?..

- Так. Першым быў "Іван" - з Анатолем Папанавым у галоўнай ролі, - які мы здымалі непасрэдна на Бярэзіне, другім стала аўтабіяграфічная "Павестка ў суд". Стваралі тут і нядаўняга "Кадэта". У "Дотыку" таксама ў кадры - Бярэзіна. Мяркую, гэта заканамерна, бо вялікая вада спрадвеку прываблівала творчага чалавека, а Бярэзіна - надзвычай маляўнічая, заўсёды прыцягвала мяне. Заўважце, менавіта на гэтай рацэ заўсёды праводзіліся буйныя вайсковыя вучэнні: адзін з берагоў - высокі, другі - багністы, па якім вельмі цяжка праходзіць тэхніка, таму трэніравацца тут вайскоўцам вельмі зручна. Нездарма берагі Бярэзіны сталі ракавымі для Напалеона і Гітлера! Калі паслухаеш аповеды пра тыя сівыя, гераічныя часы, то міжволі прасякнешся павагай да сённяшніх насельнікаў берагоў легендарнай ракі. Я заўсёды знаходжу час для гаворкі з тутэйшымі жыхарамі, якія паказваюць мне сляды прайшоўшых праз Беларусь войнаў... У Бярэзіны ёсць і яшчэ адна прыцягальная рыса: яна вельмі падманлівая, толькі знешне падаецца ціхай і спакойнай, а насамрэч гэта рака вельмі моцная, хуткая. У ейнай глыбіні - такая ж барацьба, як у маёй прафесійнай дзейнасці. У чым заключаецца галоўная задача рэжысёра? Менавіта ў барацьбе, стварэнні не відавочнага, але моцнага драматычнага канфлікту. Заўважце, уздоўж Б

Цяпер - пра акцёраў

 - У "Дотыку" зноў здымаюцца акцёры Нацыянальнага драматычнага тэатра імя М.Горкага...

 - Я працаваў з рознымі артыстамі, у тым ліку з такімі знакамітымі, як Анатоль Папанаў, Людміла Гурчанка, Ніна Усатава. Мне вельмі прыемна, што цяпер працую з нашымі, беларускімі. Дарэчы, Руслан Чарнецкі, Андрэй Сенькін здымаліся ў "Кадэце", а цяпер увасабляюць вобразы "Дотыку". Спадзяюся, у іх атрымаецца не горш, чым у акцёраў любой іншай замежнай школы. Нездарма старшыня журы мінулагодняга Кіеўскага міжнароднага фестывалю Кшыштаф Занусі ўручыў прыз "За лепшы акцёрскі ансамбль" стужцы "Кадэт" з тымі ж акцёрамі з Горкаўскага тэатра.

 - Дарэчы, наконт выканаўцы галоўнай жаночай ролі - Веранікі Пляшкевіч: складваецца адчуванне, што рэжысёр "Дотыку" наўмысна любуецца дзявочым хараством...

 - Так! І ён гэтага не хавае, бо, дзе толькі ні працаваў, заўсёды аддаваў даніну павагі жаночай прыгажосці. Што да нашай гераіні, то нам не трэба было рабіць з яе нейкую "барбі": Вераніка вабіць сваім натуральным хараством. Сама яна з Жодзіна, а адзін з эпізодаў "Дотыку" мы нават здымалі ў вёсцы, дзе некалі жыла яе бабуля. Так, гераіня - вельмі прыгожая, але гэта цалкам праўдзіва, тут няма ніякага кінематаграфічнага прыёму: беларускі заўсёды славяцца прыгажосцю, гэтым можна толькі ганарыцца!

Гутарылі Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ і Антон СІДАРЭНКА

На здымку:

Віталь Дудзін (на першым плане) кіруе здымачным працэсам.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА