“Вытокі Башты”

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Такую назву мае Літаратурна-краязнаўчая гасцёўня Сялецкай сельскай бібліятэкі, што абслугоўвае жыхароў вёскі, якой больш за 600 гадоў.

/i/content/pi/cult/282/4491/12-5.jpg

Гэтая вёска з ціхай рачулкай Баштай - калыска многіх вядомых літаратараў. Сярод сельчукоў ёсць нямала краязнаўцаў-аматараў, што даюць магчымасць моладзі, дзецям дакрануцца да гісторыі сваёй Радзімы. Гэта - настаўнік гісторыі, этнограф, аўтар кнігі "Сяло ля Башты" Мікола Пейган, настаўніцы Ірына Гардзейчык, Алена Ярмашэвіч, бібліятэкар Алена Філатава. Працоўны стаж апошняй у Бярозаўскай ЦБС перавысіў трыццаць гадоў.

 Сёлета па выніках ХVIII Рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры" Сялецкай сельскай бібліятэцы была прысуджана ІІІ прэмія ў намінацыі "За пошукавую і даследчую працу".

Літаратурна-краязнаўчая гасцёўня - гонар Алены Філатавай. За пяць гадоў сваёй дзейнасці "Вытокі Башты" ператварыліся ў паўнаводную раку бібліятэчных краязнаўчых мерапрыемстваў. Апошняе з іх - вечар-успамін "Зямныя і зорныя масты драматурга і мастака", прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Кандрата Крапівы Міколы Арахоўскага.

 На вечары памяці прысутнічалі бацька пісьменніка Аляксандр Паўлавіч, сёстры Алена і Марыя. Сваімі ўспамінамі аб знакамітым земляку падзяліліся сябар дзяцінства Мікола Пейган, былая настаўніца Яўгенія Грышэль.

Праз трынаццаць гадоў пасля таго, як драматург пайшоў ад нас, на вечары гледачы ўбачылі фрагмент п'есы "Напярэдадні" ў выкананні самадзейных акцёраў Міхаіла Кулдашэва і Любаміра Коўбаса. Спектакль, дзе многае ўзята пісьменнікам з жыцця сельчукоў, быў упершыню пастаўлены рэжысёрам Надзеяй Кісялёвай дзевятнаццаць гадоў таму. Яна распавяла аб сваіх сустрэчах з драматургам, аб тым, як артысты народнага тэатра хваляваліся, калі чакалі ацэнкі самога аўтара, адзначыла актуальнасць твора сёння.

Сцэнарый вечара-партрэта пісьменніка Міколы Арахоўскага ўвасобілі чытачкі бібліятэкі Ірына Гардзейчык, Алена Ярмашэвіч, Ларыса Гурская.

У хуткім часе здзейсніцца і мара сельчукоў: адна з вуліц вёскі будзе названа імем іх знакамітага земляка.

Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦБС

На здымку: гаспадыня гасцёўні Алена Філатава.