Чым жывіцца “Жывіца”?

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

У вёсцы Падлессе, што ў Слуцкім раёне, сёмы год дзейнічае ў мясцовым СДК фальклорны калектыў “Жывіца”.

 

 Удзельніцамі ансамбля з'яўляюцца Ганна Вайтовіч, Валянціна Каравай, Людміла Кейлер, Таццяна Чаркас, Галіна Шкалёнак, Надзея Шэлег, Тамара Яўсюк. Калі Людміла Кейлер і Галіна Шкалёнак - тутэйшыя, дык астатнія кабеты - з суседніх вёсак. А вось акампаніятар Таццяна Чаркас прыязджае з райцэнтра. Сярод ветэранаў калектыву - адзіны мужчына Сяргей Леанідавіч Шпак. Ён вядзе гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Большасць жанчын - пенсіянеркі, працавалі колісь у мясцовым СВК "Падлессе-2003", альбо на іншых прадпрыемствах, а С.Шпак - педагог па адукацыі. Паўтара года таму калектыў абнавіўся: у Падлессе з суседняга Старадарожскага раёна прыехала Марыя Гасанава - культработнік больш як з 10гадовым стажам, якая стала мастацкім кіраўніком ансамбля.

У летні вечар маляўнічыя плакаты (іх падрыхтаваў дырэктар СДК, мастак, кіраўнік шахматнага гуртка і муж мастацкага кіраўніка "Жывіцы" Рашыд Гасанаў) запрасілі вяскоўцаў на мясцовыя "Вячоркі". Удзельніцы калектыву аздобілі адну з хат ручнікамі, посцілкамі, прыладамі сялянскай працы. Гаспадары Васіль і Кацярына, ролі якіх па-майстэрску выканалі Сяргей Шпак і Марыя Гасанава, запрашалі суседзяў. Удзельнікі "Вячорак" спявалі беларускія народныя песні, рыхтавалі ў маслабойцы масла, пралі... Паўтары гадзіны праляцелі імгненна...

Анатоль БАРЫС Старыя Дарогі