З гэтай нагоды вартай для пераймання падаецца крэатыўная дзейнасць аддзела культуры Браслаўскага райвыканкама. "К" неаднойчы пісала пра дзейнасць мясцовага музейнага аб'яднання, што зарабляе на аказанні платных паслуг, у тым ліку і для турыстаў. Нагадаем, аб'яднанне гэтае складаецца з Гісторыка-краязнаўчага музея і Музея традыцыйнай культуры. Апошні размешчаны ля возера Дрывяты і ўтрымлівае пад адным дахам Дом рамёстваў з сувенірнай крамай, народны Клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў "Ля возера", гасцініцу "Заезны двор" на 13 месцаў, што знаходзіцца на балансе аддзела культуры.
Па меркаванні начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага, Браслаўскае музейнае аб'яднанне ў плане развіцця рэгіянальнага турызму мае вялікія перспектывы. А начальнік аддзела культуры Браслаўскага райвыканкама пацвярджае дадзеную выснову фактамі: летась "прыазёрная музейная індустрыя" прынесла больш за 100 мільёнаў рублёў, "Заезны двор" - ледзь не 75 мільёнаў. Тут пабывала больш за 20 тысяч наведвальнікаў - экскурсантаў і турыстаў. Колькасць іхняя штогод няўхільна расце, адпаведна, павялічваюцца і прыбыткі аддзела культуры. "Заезны двор" стаў ледзь не гарадскім брэндам якаснага гасцінічнага абслугоўвання. Каб тут пасяліцца ўлетку, нумар трэба замаўляць за 2- 3 тыдні.
Усё, гэта, натуральна, вымагае развіцця і канкрэтнага бачання перспектыў. Па меркаванні Мікалая Пашынскага, ужо сёння варта займацца павелічэннем турыстычных маршрутаў і сферы ўплыву аддзела культуры на развіццё гэтага бюджэтаўтваральнага ў перспектыве бізнесу. Да прыкладу, адзін з новых маршрутаў прапануе ахвотным наведанне Замкавай гары, з якой горад у азёрным атачэнні- як на далоні... Дык вось, ужо цяпер вядуцца ўзгадненні, як будзе "акультураны" гэты помнік гісторыі. Галіна Карашкова спадзяецца, што на гары неўзабаве з'явіцца комплекс збудаванняў - гістарычных рэканструкцый, будзе якасна відазменена і танцпляцоўка, узведзеная яшчэ ў 1960-х.
Яшчэ адзін рэзерв, на думку Мікалая Пашынскага, - больш цеснае ўзаемадзеянне аддзелаў культуры Віцебшчыны з уладальнікамі аграсядзіб. Іх у вобласці - амаль 300, і колькасць гэтая няўхільна павялічваецца. Гэтаксама расце і колькасць заявак прыватнікаў на творчыя стасункі з аддзелам культуры па прыцягненні самадзейных самадзейных фальклорных калектываў да канцэртнага абслугоўвання турыстычных маршрутаў. У гэтым кірунку не без поспеху дзейнічаюць не толькі Браслаўскі, але і Пастаўскі, Расонаўскі раёны.
На здымках: гасцініца "Заезны двор"; браслаўскі краявід.