Пушчанскі “скансен” “сядзіб на продаж” Ці заквітнеюць ружы замест крапівы ў камянецкім Версалі?

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Турпраект “К”: спадчына сядзіб у коле інтарэсаў Калісьці шляхецкія сядзібы былі асяродкамі культуры ва ўсіх яе вымярэннях — ад узвышанага да побытава-гастранамічнага. Але ў наш час лёс многіх з іх склаўся паводле аднолькавага сумнага сцэнарыя. Колькасць маёнткаў, што стаяць сёння закінутыя і паступова руйнуюцца, налічвае многія дзесяткі. Не так даўно па ініцыятыве беларускага Урада была распачата маштабная кампанія па перайначванні сумнага лёсу “нічыйных” сядзіб — праз пошук для іх гаспадароў. Менавіта гаспадароў, а не фармальных уласнікаў. Плануецца, што пасля ліквідацыі юрыдычных бар’ераў прыватныя інвестары здолеюць выкупіць маёнткі за мінімальную цану. Але з дзвюма ўмовамі: па-першае, дзейнічаць строга ў адпаведнасці з айчынным заканадаўствам па ахове спадчыны (гэта, зрэшты, нават не абмяркоўваецца), і па-другое — прыстасаваць былыя сядзібы пад аб’екты аграэкатурызму. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падрыхтавала спіс такіх сядзіб, што складаецца з 46 пазіцый. Удзел у рэалізацыі ініцыятывы таксама прымаюць Міністэрства спорту і турызму краіны і мясцовыя ўлады. Галоўнымі пунктамі маршруту традыцыйнага велатура журналістаў “К” сталі старыя сядзібы Брэстчыны і Гродзеншчыны, многія з якіх уключаны ў “спіс на продаж”. Цікавілі іхнія мінуўшчына, магчымая будучыня і, асабліва, цяпершчына: ад яе тая будучыня наўпрост залежыць. Зразумела, было цяжка ў падобнай паездцы ўнікнуць спакусы зірнуць на той або іншы аб’ект вачыма патэнцыйнага інвестара…

/i/content/pi/cult/282/4486/10-1.jpg

Пакуль гром не грымне над Грымячай

Велавандроўка пачалася на Камянеччыне - краі, чые турыстычныя прынады (як ужо "дзейныя", так і пакуль толькі патэнцыйныя) нават цяжка пералічыць. Не апошнюю пазіцыю ў гэтым рэйтынгу займае і чыстае паветра, што стабільна забяспечвае кліентамі некалькі рэспектабельных санаторыяў. І паколькі попыт у сезон перавышае прапанову...

 Па рэштках старой брукаванкі рушым да колішняга маёнтка Пузынаў у вёсцы Грымяча. Без сумневу, гэта - адна з найбольш прывабных для інвестараў пазіцый у пераліку "сядзіб на продаж". Перспектывы тут - відавочныя: шляхецкі ансамбль збольшага захаваўся і не быў парушаны за савецкім часам якімісьці "іншароднымі ўварваннямі". Ён цалкам адасоблены ад тлуму сучаснай цывілізацыі, і цішыню там парушаюць хіба перашэптванні дзвюх шыкоўных лістоўніц паабапал фасада, якія вядуць свае гутаркі яшчэ з часоў Пузынаў.

Не дзіўна, што планы па пераўтварэнні сядзібы ў турыстычны аб'ект існуюць ужо не першы год. Але... Пакуль гэта толькі планы.

Спытаўшы дарогу да сядзібы ў вясковай дзятвы, пачулі ад яе строгія настаўленні: ні ў якім разе не заходзіць унутр палаца! Бо, маўляў, ужо колькі разоў туды даводзілася выклікаць "хуткую"...

 Нават беглы агляд будынка сведчыў пра верагоднасць такога развіцця падзей. Акурат над дзвярыма пагрозліва навісла прагнілая бэлька. Самі дзверы калісьці былі забіты дошкамі, але нейкія "рупліўцы" даўно пераадолелі гэтую перашкоду. У той самы час, ніякіх засцерагальных шыльдаў, якія папярэджвалі б цікаўных пра рэальную небяспеку пранікнення ўнутр, намі заўважана не было. Як, зрэшты, і абавязковай паводле зака/i/content/pi/cult/282/4486/10-2.jpgнадаўства ахоўнай дошкі з традыцыйнай фармулёўкай: "Нанясенне шкоды караецца...".

Падлога ўнутры месцамі прагніла ажно да дзірак, на столі відаць сляды рэгулярных абвалаў. Пазбавіцца арыгінальных дымаходаў будынку, відавочна, "дапамаглі" "паляўнічыя" на дармовыя будматэрыялы. А вось "прырабіць ногі" масіўнай каванай лесвіцы, што засталася тут яшчэ з часоў Пузынаў, злодзеям пакуль не пад сілу, і яна працягвае ржавець. Гэта сапраўды "лесвіца ў неба": дах над ёю адсутнічае. Ён быў часткова разабраны шмат гадоў таму, калі ў палацы распачаліся рэстаўрацыйныя работы...

Падысці да ганка паркавага фасада так і не ўдалося: вышыня расліннасці ля яго сягае бадай па пояс. Ды і планіроўка парку сёння пазнавальная хіба для спецыялістаў: задумы ландшафтных архітэктараў мінулага ў гушчарах ужо не прачытваюцца.

Сучасная гісторыя сядзібы ў Грымячы тыповая для гэтай катэгорыі помнікаў спадчыны. Але нюансы яе сюжэта, здавалася б, павінны былі настройваць на аптымістычны лад. Яшчэ ў пачатку 90-х у палацы месціўся дзіцячы летнік. Адпаведна, спусцеў ён зусім нядаўна. Пабываўшы там мінулым разам гадоў пяць таму, мусім засведчыць: тады стан будынка быў прыкметна лепшы. Мы нават самі здзівіліся хуткасці развіцця дэструктыўных працэсаў.

Любуючыся прыгажуняй-лістоўніцай, вырашылі трошкі пафантазіраваць і ўявілі сябе зацікаўленымі інвестарамі, якія прыехалі, каб агледзець свае патэнцыйныя ўладанні. Але тут раптам выявілася, што без мачэтэ зрабіць гэта бадай немагчыма.

Якімі будуць далейшыя дзеянні інвестара? Вярнуцца з адпаведнай экіпіроўкай? Або з'ехаць - і ўжо не вяртацца?

Што ні кажы, сёння Грымяча не натхняе на амбітныя бізнес-праекты. Іншая справа - яе колішняе хараство, апісанае ў грунтоўнай энцыклапедыі замкаў і сядзіб Брэстчыны Леаніда Несцерчука - галоўнага спецыяліста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама.

 - Апошнім разам я пабываў у Грымячы зусім нядаўна, і ўражанні ад убачанага магу выказаць адным словам: жах! - адзначыў Леанід Несцярчук. - На маю думку, каб уратаваць гэты помнік спадчыны, трэба неадкладна перадаць яго іншаму ўласніку- больш дбайнаму, чым цяперашні, ААТ "Усход-Камянец". А цана лядачага будынка не павінна быць перашкодай для інвестараў. Бо сёння за яго хочуць атрымаць многія сотні мільёнаў рублёў.

У свой час Леанід Несцярчук загарэўся ініцыятывай: стварыць у сядзібе ўласны музей фальваркавага побыту. Але тады да падобных праектаў мясцовыя ўлады ставіліся з насцярожанасцю, як і ўвогуле да перадачы помнікаў спадчыны ў прыватныя рукі. Хаця менавіта такая будучыня маё/i/content/pi/cult/282/4486/10-3.jpgнтка Пузынаў уяўляецца нават больш прывабнай за пераўтварэнне яго ў, скажам, рэспектабельны санаторый. У перспектыве, такі (або падобны) музей мог бы стаць адным з апірышчаў новага масавага турмаршруту. Балазе да другога яго пункта- усяго якія пару кіламетраў.

Версаль, які сцёрлі жорны гісторыі

Дарога добрая, нягледзячы на свой "мясцовы статус", - што зрэшты, у нашай краіне не дзіва. Таму да Воўчына дабіраемся за лічаныя хвіліны. Сёння гэта звычайная беларуская вёска. Пасярод яе- парэпаныя руіны, у якіх не кожны можа распазнаць архітэктурную перліну еўрапейскай велічыні.

Яшчэ колькі гадоў таму наведванне Троіцкага касцёла прымушала згадаць вусцішную фразу з "Андрэя Рублёва": кепска, калі ў храме ідзе снег. Касцёл, які шчыльна знітаваны з лёсам апошняга караля Рэчы Паспалітай, некалькі дзесяцігоддзяў прастаяў без даху...

Пару гадоў таму храм быў вернуты каталікам. І сёння ён выклікае ўжо іншыя ўражанні. Муры і звонку, і знутры аточаны шматпавярховымі рыштаваннямі, на якіх з ранку да вечара шчыруюць рабочыя. Прыкасцельную тэрыторыю акружае высокі паркан. Доступ у небяспечную зону забаронены для ўсіх. Але для журналістаў "К" было зроблена выключэнне.

Браму адчыніў мужчына, чый паважны век зусім не стасаваўся з яго рухавасцю ды імпэтам: "Сваю першасную задачу - уратаваць касцёл ад поўнага знішчэння - мы, з Божай ласкай, ужо амаль вырашылі. Паверце, гэта каштавала многага: калі распачаліся работы, стан помніка быў проста крытычны. Згадайце хаця б тое, што доўгі час тут быў склад угнаенняў! Сцены літаральна набрынялі хіміяй, і пасля ранішняй расы на цэгле праяўляліся тлустыя плямы. Мы ўжо зрабілі сцяжкі муроў, умацавалі падмуркі..."

Польскі архітэктар-рэстаўратар Віктар Вільк мае ў сваім паслужным спісе аднаўленне помнікаў спадчыны, не раўнуючы, ва ўсім свеце: ад Германіі і да Камбоджы. Але ўжо не першае дзесяцігоддзе ягоны лёс знітаваны з нашай краінай. Тут паслужны спіс папоўніўся сапраўдным цудам- пераўтварэннем шэрага гмаху Дома фізкультуры ў адзін з найпрыгажэйшых мінскіх храмаў: Архікатэдру Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёння спадар Вільк з'яўляецца Упаўнаважаным кардынала Казіміра Свёнтака па пытаннях рэстаўрацыі помнікаў сакральнага долідства на Беларусі.

- Мы вельмі ўдзячны Яго Эмінэнцыі за тое, што ён узяў Воўчынскі касцёл пад сваю апеку,- адзначыў Леанід Несцярчук. - Наша ўп/i/content/pi/cult/282/4486/10-4.jpgраўленне ўважліва сочыць за ходам рэстаўрацыі, аказвае патрэбную дапамогу. І мушу адзначыць, што якасць гэтых работ адпавядае самым высокім стандартам: у іх выкарыстаны найлепшыя дасягненні еўрапейскай рэстаўрацыйнай школы. Спадзяюся, айчынныя спецыялісты атрымаюць добрую магчымасць пераняць і засвоіць досвед спадара Вілька. Бо гэта прафесіянал міжнароднага класа...

Рэстаўратар жвава ўздымаецца на самы верх рыштаванняў, каб паказаць нам дэталь, якая яго ўразіла, - твар анёла, што некалі лунаў над алтаром. Як запэўніў спадар Вільк, усе ацалелыя фрагменты ляпніны, па магчымасці, будуць захаваны. Непадалёк ад руін створаны своеасаблівы лапідарый, дзе сабраны рэшткі манументальнай пластыкі. Сярод іх - і тое, што засталося ад знакамітых фігур евангелістаў, якія некалі атачалі касцельны дах.

- Многія фрагменты зніклі зусім нядаўна, - кажа спадар Вільк. - Спадзяюся, што яны засталіся тут, і мясцовыя жыхары ласкава пагодзяцца іх вярнуць...

Яшчэ адна важная задача - распрацоўка ахоўнай зоны для помніка спадчыны. Тым болей, колішняя прыкасцельная тэрыторыя сёння падзелена паміж двума ўласнікамі: яе частка прыналежыць мясцовай гаспадарцы.

- Што да таго, як далей пойдзе рэстаўрацыя... - адказвае на наша пытанне спадар Вільк. - Тут усё залежыць ад фінансаў. Пакуль што грошы на гэтую справу выдаткоўваю толькі я сам. Але маю намер звярнуцца з прапановай у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, каб арганізаваць акцыю па зборы сродкаў на аднаўленне гэтага знакавага для нашай агульнай беларуска-польскай гісторыі помніка.

Запыталіся ў архітэктара: што ж падахвоціла яго ўкладаць столькі сіл і сродкаў у гэты звышпраблемны аб'ект? І пачулі: для яго як для прафесіянала аднаўленне такога помніка спадчыны - справа гонару. Тым больш, зважаючы на драматычную гісторыю апошняга...

- Дарэчы, а ці ведаеце, што тут быў сапраўдны Версаль, або дакладней - яго мініяцюрная копія? - спадар Вільк раптам змяняе тэму гутаркі.

На плане ансамбля, зробленым яшчэ ў 1784 годзе, добра праглядаецца Грандканал. Сёння ад палацавага ансамбля Чартарыйскіх засталіся хіба схаваныя ў зямлі падмуркі.

- Воўчын - гэта мсца, дзе калісьці вырашалася палітыка Рэчы Паспалітай, адбываліся магістральныя культурныя працэсы, - кажа Леанід Несцярчук. - І мы марым пра тое, што калісьці наш Версаль будзе адноўлены...

Вядома, пакуль гэта толькі мары. Зрэшты, не толькі! Гэта таксама і найпрывабнейшая далёкасяжная перспектыва развіцця Воўчына.

Хочацца верыць, што рэстаўрацыя касцёла стане толькі першым крокам па пераўтварэнні звычайнай вёскі ў сапраўдны цэнтр памежнага турызму. Хочацца верыць таксама і ў тое, што лёс яшчэ аднаго закінутага старасвецкага будынка - воўчынскага млына - вырашыцца нават у больш блізкай перспектыве. Рэшткі старых прыстасаванняў і масіўныя жорны, якія там захаваліся, можна ўдала скарыстаць у дызайне інтэр'ера кавярні або гатэльчыка.

 ...На развітанне спадар Вільк запрасіў нас прыехаць ужо ўвосень, каб заспець гістарычны момант: работы па ўсталяванні над касцёлам новага даху з меднай бляхі. Адпаведна, снег у гэтым храме ніколі больш не будзе ісці...

Дзверы ў палац пакуль што зачынены

Да наступнага пункта маршруту- усяго дзесяць кіламетраў. Высокае абяцае сустрэчу з цэлым комплексам помнікаў: рэзідэнцыяй графаў Патоцкіх, прыгожым старым паркам, рэшткамі замка Сапегаў, касцёлам пачатку XVII стагоддзя...

А на самым уездзе ў/i/content/pi/cult/282/4486/10-5.jpg мястэчка нас сустрэў былы кляштар баніфратараў. Гмах з вялізнай шыльдай "Узведзены ў 1785 годзе па загадзе канцлера Вялікага княства Літоўскага А.Сапегі, існаваў да 1840 года. Да нашага часу захаваўся жылы дом манахаў" ахоўваюць два сабакі: вялікі і малы. Гэтая абаяльная ахова не перашкодзіла нам заўважыць, што дах гістарычнага будынка месцамі прагніў наскрозь. Напаўсцёртыя лозунгі з ХХ стагоддзя проста на франтоне былога касцёла - для аматараў экзотыкі.

 Да нядаўняга часу непрэзентабельны выгляд мела і колішняя сінагога. Сёння яе руіны пераўтварыліся ў дагледжаны помнік гісторыі. Тонкай ідэйнай ніткай ён спалучаны з мемарыяльным знакам у памяць пра знішчаных фашыстамі яўрэяў. Адкрыццё яго адбылося акурат у дзень нашага прыезду.

- Добраўпарадкаваннем тэрыторыі мы з калегамі займаліся ўласнаручна, - з гонарам кажа дырэктар гарадскога Дома культуры Алег Грыпічук.

Неўзабаве мы трапляем на тэрыторыю сядзібы Патоцкіх. Хоць парк і не вабіць вока дагледжанымі высадкамі, ён зачароўвае непаўночнай разнастайнасцю старых дрэў: тут растуць ясень, бук, туя, акацыя, сасна чорная і веймутавая, лістоўніца...

 - Раней экзотаў было яшчэ больш,- адзначае Алег Грыпічук,- але час бярэ сваё. Не забудзьцеся зазірнуць і ў былую панскую "аранжарэю" - яна напрыканцы кляновай алеі. Літаральна днямі прыбіралі там смецце.

Высветлілася, што сітуацыя ў Высокім нагадвае знаёмую "ракіроўку" ў Лошыцкім парку, калі за парк і сядзібу адказныя розныя даглядчыкі. Так і з адметнасцямі ў мястэчку: палац знаходзіцца на балансе школы-інтэрната, а парк і замак - на балансе ЖКГ. Да таго ж, цэласнасць ансамбля парушаюць "навабуды" савецкіх часоў.

 - Палац стаіць спусцелы яшчэ з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, з таго часу, як мы пераехалі ў новы будынак, - тлумачыць намеснік дырэктара Высокаўскай дзяржаўнай агульнаадукацыйнай санаторнай школыінтэрната Лідзія Якавук. - Цяпер вось ён мае быць выстаўлены на аўкцыён...

 Ці будзе гэтая ініцыятыва мець вокамгненны поспех, прарочыць цяжка. Але ж лёс палаца, ва ўсялякім выпадку, засцярогі не выклікае. Бо ўласнік дэманструе папраўдзе адказнае стаўленне да выканання заканадаўства ў сферы аховы помнікаў, што, нагадаем, дзейнічае і ў сітуацыі, калі помнік не выкарыстоўваецца. Пазалетась у будынку з'явіўся новы бляшаны дах. "Фундатарамі" рэстаўрацыйных работ выступілі абласныя ўпраўленні культуры і адукацыі. Дзверы ў палац заўсёды зачынены, а ключ мае толькі супрацоўнік школы-інтэрната, які адказвае за гэты будынак.

Агледзеўшы палац звонку і знутры, бачым, што інвестарам будзе куды прыкласці тут свае сілы. А станоўчых змен у Высокім ужо нецярпліва чакаюць.

- Мой дзед Ігнат распавядаў мне, якія ў панскім палацы ладзіліся балі, - ахвотна расказвае тутэйшы жыхар Аляксей Туз. - А навокал такое хараство было...

На думку нашага суразмоўцы, палац цалкам прыдаўся б пад гатэль. Тым больш, заначаваць у Высокім падарожніку няма дзе, як, між іншым, і ў самой "сталіцы раёна" - Камянцы.

- У дачыненні да перадачы палаца ў прыватныя рукі ў нас перасцярог няма: толькі - "за", - кажа мэр горада Леанід Бірук. - Вядома, патэнцыйнаму пакупніку не дазволяць н/i/content/pi/cult/282/4486/11-2.jpgаладзіць у помніку архітэктуры, да прыкладу, вытворчасць. Што да пажаданняў... Марым аб мастацкай галерэі.

Між тым, разважаючы аб будучыні турыстычнага Высокага, не можам не зазначыць тутэйшую асаблівасць: комплекснасць архітэктурных і прыродных помнікаў. Паводле задумы архітэктара, палац, парк і зарослыя сёння травой рэшткі замка Сапегаў - цікавага помніка бастыённай фартыфікацыі - утваралі адзіны ансамбль. Ці ўдасца зноў спалучыць іх у цэласны турыстычны комплекс - застаецца пытаннем.

- Ужо распрацаваны праект добраўпарадкавання парку, - удакладняе Леанід Бірук. - Ён прадугледжвае пракладванне дарожак, рэканструкцыю ўязной брамы, паркавай сцяны, дэкаратыўныя, так бы мовіць, работы... Фінансавання пакуль няма, але, спадзяюся, гэтая праблема будзе вырашана ўжо да канца года...

Ды яшчэ адна акалічнасць, якую мы не здолелі абмінуць увагай, пры ўсім жаданні: непрыемны пах, які ахапіў нас у шчыльнае кола ў Высокім. Яго крыніцу нам высветліць так і не ўдалося, але, як кажуць мясцовыя жыхары, праблема ўжо набалела. Прымераўшы на сябе ролю інвестараў, мяркуем: а ці прывабіць будучага турыста тое "чароўнае паветра"?

Скруха і аптымізм старых фотаздымкаў

Па дарозе да наступнага пункта маршруту становімся ахвярамі тапанімічнага казусу. Як выявілася, колішні маёнтак "Капылы" размешчаны зусім не ў аднайменнай вёсцы, а ў суседняй - Перамозе. Знайсці гэты помнік спадчыны без дапамогі мясцовых жыхароў няпроста: ніякімі турыстычнымі ўказальнікамі ён не забяспечаны.

Зрэшты, яно і зразумела: сёння колішні маёнтак Ротаў на адметны аб'ект "не цягне". Яго хараство засталося хіба што на фотаздымках, зробленых яшчэ ў даваенны час.

- Там, дзе колісь былі шыкоўныя ружы, сёння раскашавала крапіва, - са скрухай кажа старшыня Вярховіцкага сельвыканкама Валянціна Янушкевіч.- Ды і парк, які я памятаю яшчэ з дзяцінства, моцна зарастае...

У пераліку "сядзіб на продаж" маёнтак Ротаў не значыцца. Мабыць, таму, што пакуль ён не трапляе і ў катэгорыю "незапатрабаваных" - хіба толькі збольшага. У двух крылах палаца пануе суцэльнае запусценне: выбітыя дзверы, купы смецця, выдзертыя "з мясам" аканіцы... А ў трэцім усё яшчэ жывуць дзве сям'і. Маладая мама Вольга жыхаркай палаца сябе зусім не адчувае. Яно і зразумела: стан будынка - досыць праблемны. Затое хоць хтосьці ў меру сіл падтрымлівае ў ім жыццё. Калі і гэты агеньчык счэзне...

Заняўшы сваю цяперашнюю пасаду, Валянціна Янушкевіч выступіла з ініцыятывай аб уключэнні сядзібы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Два гады таму гэтае важнае для лёсу помніка рашэнне было прынята. Але... Нават яно не выратавала яго ад частковага разбурэння.

Адкрыўшы леташняе выданне Спіса, у адпаведным артыкуле можна прачытаць пералік пабудоў сядзібнага комплексу: палац, свіран, стайня, кароўнік.

Свіран, падобны да невялічкага замка, і сёння выкарыстоўваецца мясцовай гаспадаркай паводле першаснага прызначэння. А вось мажную "гатычную" стайню і кароўнік цяпер можна ўбачыць толькі на фотаздымках, зробленых, між іншым, зусім нядаўна: у рэальнасці абодва аб'екты ўжо не існуюць.

Пацікавіліся ў мясцовых жыхароў лёсам пабудоў. Нам асцярожна патлумачылі: маўляў, год-два таму цішком разабралі на будматэрыялы...

Старшыня сельвыканкама не спыняе сваіх намаганняў вярнуць сядзібе жыццё: рыхтуе праект у Нацыянальную камісію па справах UNESCO, каб атрымаць частковае фінансаванне на рэстаўрацыйныя работы. Валянціна Янушкевіч плануе звярнуцца з прапановай аб супрацоўніцтве і да спадкаемцаў колішніх уласнікаў маёнтка з рода Ротаў (балазе кантакты з імі ўжо наладжаны), спадзяецца і на дапамогу мясцовай гаспадаркі. Але поўнае адраджэнне маёнтка немагчымае без удзелу інвестара./i/content/pi/cult/282/4486/11-1.jpg

Аргументы на карысць пераўтварэння сядзібы ў прыстойны турыстычны аб'ект цяжка знайсці ў яе нягеглай рэчаіснасці. Але ж у такой ролі могуць выступаць пажоўклыя фотаздымкі і старыя планы парку. Яны натхняюць на аптымістычную выснову: лёс гэтага куточка Камянеччыны можа быць лепшы.

Новае жыццё для старога маёнтка

Сядзіба Грышчыцы, якая трапілася нам на шляху з Высокага да Камянца, у даведніках адметнасцей не значыцца. Яно і не дзіўна: ад маёнтка захаваліся хіба парк і парослыя рэшткі падмуркаў. Але менавіта ён стаў першай у раёне сядзібай, на ўездзе ў якую сёння красуецца надпіс "Прыватная тэрыторыя".

- Пакуль турыстаў не чакаем,- патлумачыў уласнік аб'екта, фермер Іван Панасюк. - Сядзіба для гэтага проста не саспела: работы тут - у самым разгары. А хуліганаў і "чорных археолагаў" (былі ў нас і такія) на сваёй тэрыторыі бачыць не хочам.

Патомны пушчанец Іван Панасюк з'яўляецца ўладальнікам фермерскай гаспадаркі з 2008 года. Яна і ўключае ў сабе як ўчасткі плантацый маліны, ажыны і растаропшы, так і тэрыторыю былога панскага маёнтка.

- Войны і час прывялі стары парк у запусценне, - распавядае фермер, адгукаючыся на нашу цікавасць наконт помнікаў. - Так, да нас сёння прызджаюць з даследаваннямі спецыялісты з Нацыянальнага парку "Белавежская пушча", але, каб выратаваць асобныя пароды дрэў, мяркую, спатрэбіцца дапамога вопытных замежных экспертаў-дэндролагаў. На жаль, не ведаю ў нашай краіне нікога, хто робіць тыя ж ін'екцыі для каштанаў...

 Што да зніштожанай пасля вайны сядзібы, справа яе аднаўлення падаецца фермеру сумнеўнай: маўляў, адрадзіць- магчыма, але ці будзе яна мець ранейшую каштоўнасць?

Аднак крэатыўныя захады існуюць у Івана Мікалаевіча адносна ландшафту маёнтка.

 - Перапады паміж былымі панскімі азёрамі складаюць некалькі метраў,- з запалам гаворыць новы ўладальнік,- і гэтага дастаткова, каб выкарыстоўваць водныя рэсурсы для арашэння глебы і выпрацоўкі электраэнергіі...

Не адмаўляецца бізнесмен і ад магчымасці пабудовы інжынерных канструкцый для выпрацоўкі энергіі з дапамогай паветра.

У цэлым, словы "экалогія", "экалагічны" ў дачыненні да сваёй гаспадаркі і Цэнтра аздараўлення і духоўнага адраджэння (а менавіта так плануе назваць будучы комплекс адпачынку Іван Мікалаевіч) гучаць у яго вуснах не як даніна модзе, а- прынцыповая ўмова стварэння і існавання яго справы.

- Пушчанскія землі, - кажа ён, - гэта тыя мясціны, якія трымаюць у сабе вялікі энергетычны патэнцыял. І мне хочацца прапанаваць людзям адпачынак, які сапраўды адрадзіў бы і аднавіў бы іх, пазбавіўшы ад дрэнных эмоцый, а не - як гэта часам, на жаль, бывае - выцягнуў апошнія сілы. Таму мне падаецца істотным максімальнае судакрананне з прыродным наваколлем і зямлёй, цішыня і спакойны лад думак пад час прабывання ў комплексе...

 Што прадугледжвае будучы экалагічны цэнтр? Будаўніцтва дамкоў для адпачынку з саломы, узвядзенне Гасціннага дома на 24 месцы, які "будзе адкрыты для ўсіх, хто мае патрэбу ў спакойным адпачынку"... Ды гэтаксама/i/content/pi/cult/282/4486/11-3.jpg яго складнікам стане праваслаўная капліца (дазвол на яе будаўніцтва ўжо атрыманы ад царкоўных улад). Там будуць рэгулярна ладзіцца набажэнствы.

- Абмяркоўваем і ідэю стварэння Музея ікон, - дадае наш суразмоўца.

Грышчыцы зусім непадалёк ад вёскі Ражкоўка - самабытнай мясціны з цікавай гісторыяй. Там захаваўся унікальны помнік народнага драўлянага дойлідства - курная хата. Не так даўно раённыя ўлады прапанавалі размясціць хату на тэрыторыі гаспадаркі Панасюка.

 Паводле задумы гаспадара, хата стане "сэрцам" своеасаблівага этнаграфічнага хутара. А потым, у перспектыве, ён ператворыцца ў сапраўдны скансен з тых помнікаў народнага дойлідства, якія, не маючы сучаснага прымянення, апынуліся пад пагрозай знішчэння.

- Пакуль жа побач з курнай хатай плануем пабудову Дома рамесніка і Сялянскай хаты, - распавядае Іван Панасюк. - У першым - кожны жадаючы можа паспрабаваць сябе ў якасці майстра па вырабе глінянага посуду, а ў другой- спячы бліны ў сапраўднай сялянскай печы.

 - А ці бачыцца вам Цэнтр камерцыйным прадпрыемствам? - не ўтрымліваемся ад "пытання рубам".

- Гаспадарка прадугледжвае выраб гарбаты, лекавай сыравіны, - адказвае Іван Мікалаевіч. - Але экалагічны цэнтр не разглядаецца мной як прыбытковая ўстанова. Яго значэнне - у фарміраванні экалагічнага мыслення, умацавання адпаведнага ладу жыцця і згутавання вакол сябе аднадумцаў...

Энтузіязм і планы фермера не маглі не ўсцешыць наша вуха, але... Што да "цвярозай" ацэнкі другога боку, высветлілася: па ініцыятыве абласных улад праект рэгенерацыі сядзібы ў Грышчыцах быў уключаны ў праграму Еўрасупрацоўніцтва. Іван Панасюк спадзяецца, што атрыманых такім чынам сродкаў хопіць, каб увасобіць усе задумы ў жыццё і аднавіць на турыстычнай карце Беларусі цікавы аб'ект.

 Тое, што развіццё айчыннага турыстычнага бізнесу залежыць не толькі ад вялікіх інвестыцый, але, у першую чаргу, ад імпэту і крэатыўнасці людзей, якія ўкладваюцца ў справу,- ісціна, што, бадай, не патрабуе доказаў. Ды ўсё ж пабачыць на ўласныя вочы прыклады асабістай зацікаўленасці і руплівай дзейнасці - рэч, вартая роздуму і падвядзення пэўных вынікаў. А мо і паўтарэння тых самых рытарычных пытанняў...

(Працяг будзе.)

 Ілля СВІРЫН, Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ,

нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск - Камянецкі раён - Мінск

Фота аўтараў