“Magnificat” у… Чырвоным касцёле

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

З 7 па 11 верасня ў Беларусі пройдзе VI Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat2010”. Упершыню гасцей гэтага кінематаграфічнага свята прывітае сталіца. У Мінску пройдуць цырымонія ганаровага адкрыцця і першыя конкурсныя прагляды, а на наступны дзень удзельнікі выправяцца на традыцыйнае месца правядзення форуму — у Глыбоцкі раён, дзе адбудуцца асноўныя фестывальныя мерапрыемствы. Гэтым разам у хрысціянскім свяце кіно прымуць удзел стужкі з 15 краін Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Азіі і Аўстраліі, а самымі прадстаўнічымі абяцаюць быць дэлегацыі Расіі, Польшчы, Украіны і, зразумела, Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/282/4484/9-3.jpg

- Пачатак фестывалю ў Мінску мае на мэце паказаць наш цудоўны горад замежным гасцям, - кажа нязменны старшыня "Magnificat'а", беларускі дакументаліст Юрый Гарулёў. - Для гасцей і ўдзельнікаў форуму плануецца багатая экскурсійная праграма па сталіцы. Да таго ж, яго адкрыццё супадзе з урачыстасцямі ў гонар 300-годдзя заснавання мінскага Архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі і 100-годдзя касцёла Святых Сымона і Алены. Гэтай падзеі будзе прысвечана і ўрачыстае пасяджэнне Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў. Таму адкрыццё "Magnificat'"а ўпершыню адбудзецца каля Крыжа Архікафедральнага касцёла, а першыя конкурсныя паказы пройдуць у Чырвоным касцёле.

Па словах арганізатараў, наведвальнікаў форуму чакае цікавая і насычаная праграма, стужкі і перадачы якой адлюстроўваюць розныя бакі хрысціянскага жыцця розных канфесій. Так, праваслаўныя вернікі будуць прадстаўлены, у тым ліку, фільмамі відэастудыі ў гонар пакутніка Іаана Воіна СвятаЕлісавецінскага манастыра з Мінска. Пра конкурсную карціну "Галоўная роля", якая абяцае стаць фаварытам сёлетняга "Magnificat'а", "Культура" пісала ў адным са сваіх нумароў. Пяццю дакументальнымі работамі будзе прадстаўлена Італія. Сярод стужак з Апенінаў найбольшую цікавасць выклікае фільм пра апошнія дні жыцця Яна Паўла ІІ, а таксама стужка "Дзённік горнага святара". Падзеяй абяцаюць стаць паказы стужкі даўняга сябра фестывалю - расійскага рэжысёра Аляксандра Купрына "Экзарх Фёдараў" і тэлепраграмы "Блакадная вера" пра жыццё пад час блакады Ленінграда.

Нагадаем, што шосты год дэвізам фестывалю "Magnificat" з'яўляецца біблейскае выслоўе "Ut unum sint": "Каб усе былі адно". Журы форуму сёлета ўзначаліць рэдактар шэрагу каталіцкіх перыядычных выданняў Беларусі Хрысціна Лялько.