Дзе сапраўдны Астроўскі? “Навальніца” ў царстве… жарсцяў?

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Што рухае рэжысёрам пад час выбару для сцэнічнай пастаноўкі таго або іншага класічнага твора? Якія новыя, хвалюючыя, тэмы і інтанацыі прыводзяць яго пошукі да хрэстаматыйных п’ес, што вядомыя нам яшчэ са школьных часоў? І чаму такія далёкія ад нас персанажы мінулых стагоддзяў раптам аказаліся для рэжысёра жывымі і актуальнымі?

/i/content/pi/cult/282/4483/9-1.jpg

Гэтыя пытанні практычна заўсёды задаеш сабе, калі той або іншы тэатр бярэцца за пастаноўку твораў, якія за сваё доўгае тэатральнае жыццё абрастаюць неймаверна багатай колькасцю сцэнічных інтэрпрэтацый і нават уласнымі традыцыямі ўвасаблення, так што вельмі часта для звыклага гледача яны становяцца нечым нежывым і заскарузла-аддаленым, своеасаблівым "помнікам мінулых часоў". І кожны раз, ідучы на прэм'еру, з унутраным трапятаннем думаеш: ці ажыве гэтым разам "статуя Камандора"?..

 У мінулым сезоне "Навальніца" Астроўскага неаднойчы фігуравала ў беларускай тэатральнай прасторы. Спачатку - у рамках Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Панарама" - спектаклем магнітагорскага Драматычнага тэатра імя А.Пушкіна пецярбургскага рэжысёра Льва Эрынбурга, знанага сваім натуралістычна-вострым почыркам (паказальна нават тое, што першая сцэна разгортваецца... у лазні) і ўменнем гранічна насыціць сцэнічную дзею жыццём. Зусім нядаўна, у рамках дыпломных паказаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, маладая выпускніца-рэжысёр Таццяна Ларына прапанавала іншую версію сцэнічнага прачытання гэтага твора. Пад відавочным уплывам творчых пошукаў рэжысёра Анатоля Васільева, перад намі паўстала прастора, "задушаная" цемрашальскімі забабонамі. У ёй шчырую верніцу Кацярыну проста да панікі запалохалі абяцаннямі кіпення ў смале за грахі. І вось напрыканцы сезона прэм'еру "Навальніцы" прапанаваў Магілёўскі абласны драматычны тэатр, дзе пастаноўку яе ажыццявіў рэжысёр Барыс Гурэвіч з Санкт-Пецярбурга, вядомы магіляўчанам па сваёй "Жаніцьбе Фігара" ў гэтым тэатры. Ён змяшчае герояў Астроўскага нібыта паміж небам і зямлёй (сцэнограф - Марыя Бранцава): тэатральная прастора запоўнена мноствам мастоў, якія цягам спектакля трансфармуюцца, змяняючы месца дзеяння, так што часам сцэнічная пляцоўка нагадвае... будаўнічую.

Існуе тэатральная "тэорыя" аб тым, што спектаклі падзяляюцца на глядацкія і тыя, што цікавыя тэатразнаўцам. Безумоўна, пэўная рацыя ў гэтым ёсць. Акурат на гледачоў робіць сваю стаўку і Барыс Гурэвіч, прапануючы нам "сцэнічную рэдакцыю тэатра". Самай істотнай, на мой погляд, "папраўкай" Астроўскага ў яго пастаноўцы становіцца тое, што рэжысёр цалкам адмаўляецца ад паказу на сцэне знакамітага, нават класічнага, "цёмнага царства", замяняючы яго "царствам" усеагульнага кахання, якое выяўляецца ў паўтарэннях сцэны масавых любоўных гулянняў, ілюструючай знакамітае "Любви все возрасты покорны".

 Другой, не менш значнай, падменай становіцца вобраз Кабаніхі, тонка і далікатна створаны Яўгеніяй Белацаркоўскай. Перад намі паўстае зусім не дэспатычная гаспадыня, што трымае ўсю сям'ю ў кулаку, а... адзінокая жанчына, якая прагне кахання і пяшчоты, і з-за іх адсутнасці "адыгрываецца" на блізкіх. Знешне стрыманая і правільная, прыгожая і самавітая, яна - з ліку тых, пра каго было сказана "коня на скаку остановит". Але раз-пораз у ёй прачынаецца жаночая прырода, асабліва калі вечарам да лавачкі прыходзіць Дзікой (Руслан Кушнер), і былое каханне да яго запальваецца ў вачах прыгажуні. З якой элегантнасцю, далікатна-стрыманым какецтвам і... ледзь улоўным сумам у вачах размаўляе яна з тым, каго кахае і па сёння... І мы разумеем: жарсці і пачуцці, што віруюць у душы гэтай жанчыны, нічым не саступаюць Кацярыніным. Толькі яна, у адрозненне ад сваёй нявесткі, змагла іх утаймаваць і "прывесці да прыстойнага выгляду", пра што сёння не-не - ды пашкадуе...

Што і казаць: падобныя прапануемыя абставіны - зусім не тая атмасфера,/i/content/pi/cult/282/4483/9-2.jpg у якой "пратэст" Кацярыны вырастае сам сабой. І маладой актрысе Марыі Рудаковай, для якой гэта - першая буйная роля на сцэне, даводзіцца няпроста, бо адшукаць "на паверхні" характар сваёй гераіні не выпадае. Адзіным магчымым шляхам, якім актрыса і рухаецца, шмат у чым - інтуітыўна, становіцца не знешні, а ўнутраны канфлікт: спроба гераіні ўтаймаваць і "асядлаць" уласныя жарсці і эмоцыі. І- усведамленне таго, што каханне немагчыма, ды і нельга, прымусіць рухацца ў загадзя вызначаным для яго рэчышчы, бо гэтая стыхія не падпарадкоўваецца аніякім законам і догмам. І ў згубны вір гераіня Рудаковай кідаецца не ў фінале п'есы, а тады, калі вырашае прыйсці на спатканне да Барыса, - акурат з гэтага моманту яна становіцца часткай "любоўнай Волгі" і, адначасова, яе ахвярай. Але ахвярай- дабраахвотнай!

Нягледзячы на сваю хрэстаматыйнасць, "Навальніца" Астроўскага застаецца ці не адной з самых загадкавых п'ес гэтага аўтара. І многія пытанні, зададзеныя ёй, так і не засталіся расшыфраванымі. У прыватнасці, не магу ўзгадаць ніводнага спектакля, у якім рэжысёр патлумачыў бы мне, чаму, з якой прычыны Кацярына стала жонкай Ціхана? Што трымае і падсілкоўвае яе ўнутраны стрыжань: адно толькі "жаль" да мужа?.. І такіх пытанняў па ўсёй п'есе ў Астроўскага раскідана нямала. Рэжысёры старанна намагаюцца абысці іх: ці то выкідваючы з тэксту п'есы цэлыя ўрыўкі і матывуючы гэта неактуальнасцю, "няважнасцю" для канкрэтнага прачытання, ці то дадумваючы ўласныя тлумачэнні тым або іншым акалічнасцям. Складваецца ўражанне, што яны не да канца давяраюць зразумеласці і прастаце выказванняў, з якімі героі драматурга існ у юць у прасторы п'есы, і намагаюцца "ўзмацніць" гэты фундамент. Згаданы напачатку Леў Эрынбург робіць гэта за кошт увядзення ў вобразе Кабаніхі моцных інтанацый горкаўскай Васы Жалязновай. Барыс Гурэвіч - "падмацоўваючы" Астроўскага Чэхавым: развешанымі над сцэнай "чайкамі" і рэфрэнным: "Чаму людзі не лятаюць, як птушкі?".

 У выніку глядач, захоплены сцэнічнымі жарсцямі, суперажывае героям і плача разам з Ціханам ды Барысам. А крытыкі недаўмяваюць: "І дзе ж падзеўся той самы, "сапраўдны", Астроўскі?"...

Фота аўтара