Лічбавая “…Хваля”

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Мабыць, невыпадкова ў беларускай мове слова “хваля” блізкае па гучанні не толькі да “хвалявання”, але і да “ўхвалення”. Асабіста я адчула гэта акурат у сёлетнім жніўні, калі чарговы раз глядзела тэлетрансляцыі “Новай хвалі” з Юрмалы. Гурт “Litesound” гэтым разам паўстаў як міжнародны беларуска-італьянскі праект: да братоў Каракіных далучыўся італьянец Якапа Маса, з якім тыя пазнаёміліся на конкурсе ў Італіі, дзе заваявалі І месца. На “Новай хвалі” па колькасці балаў за тры дні нашы аказаліся на шостай пазіцыі. І мелі сапраўдны фурор, асабліва— пасля другога конкурснага дня, калі выконвалі песню “Мама”.

/i/content/pi/cult/282/4481/8-3.jpg

Улічваючы асаблівасці гэтага конкурсу, дзе вялікую ролю адыгрывае прапанаваная расійскім бокам рэжысура нумароў, іх відовішчнасць, іншыя пазамузычныя рэаліі, гэтае шостае месца насамрэч - адзнака значная.

 У якасці аргументаў прывяду наступныя. Шматгалосна-поліфанічнае ансамблевае выкананне, прадэманстраванае беларускім гуртом, куды больш складанае за самыя адметныя сольныя спевы. У гэтым сэнсе "Litesound" папраўдзе аказаўся першым, бо па колькасці балаў яго апярэдзілі выключна салісты, а не гурты. Да таго ж, нашы ўдзельнікі сталі практычна адзінымі, хто цалкам выканаў усе конкурсныя патрабаванні. На кожным з тураў яны паказалі адрозныя па характары і стылістыцы песні, прадэманстраваўшы валоданне максімальна шырокай эстрадна-джазава-рокавай палітрай. За песню "Мама" ўвогуле атрымалі 96 балаў з 99-і магчымых, усяго на адзінку адстаўшы ад лідэра гэтага дня- спевака з Эстоніі. Прычым у кожны твор уносілі штосьці сваё! Тую ж "Маму" да іх спявалі Валерый Дайнека, Пётр Ялфімаў, Наталля Падольская, "Камерата". Ды ніхто не дасягнуў такой кранальнасці, як цяперашні "Litesound": прыгажосць мелодыі, гармоніі, празрыстая шчырасць слоў спалучаліся з такой жа сыноўскай пяшчотай у выкананні. Кожны праспяваны гук (што ў сола, што ў бэк-вакале) выліваўся чыстай перлінкай-слязінкай. Можа, яшчэ і таму, што маці Валодзі і Дзімы стаяла за кулісамі?

 У трэці ж дзень, які і аддаліў хлопцаў ад такой, здавалася, блізкай перамогі, яны праспявалі сапраўды тое, што, па конкурсных умовах, складае асноўны рэпертуар гурта. Іншыя ж удзельнікі, здаралася, намагаліся прыстасавацца пад густы журы, не надта схільнага да року. Нават я была ўпэўнена, што для заключнага акорда "Litesound" абярэ "Му time" Валерыя Галаўко, паказаны на адборы да "Еўрабачання".

 - Права выбару трэцяй песні, - пракаменціраваў кампазітар, які выступае прадзюсерам гурта, - я пакінуў за хлопцамі. Тыя ж стаялі перад дылемай, чым ахвяраваць: баламі журы або даверам публікі, бо яны пазіцыянуюць сябе менавіта як рок-калектыў і праз той жа Інтэрнет маюць каля 40 тысяч фанатаў у розных краінах свету. Ці ж маглі яны іх падмануць і ў якасці "самай сваёй" прапанаваць не рокавую песню, а больш эстрадную?..

На жаль, журы гэта не ацаніла. Але творчасць таго ж Валерыя Галаўко ацанілі ўжо па "Маме". Па словах кампазітара, сустаршыня журы Ігар Крутой так і сказаў яму пасля конкурсу: "Гэта - шэдэўр". Дарэчы, "Маму" ў свой час ацанілі і за акіянам: у англамоўнай версіі кампазіцыя ўвайшла ў кампакт "Амерыка", што ўтрымліваў 25 лепшых песень 2006 года. Нядаўнюю ж "Му time", якая не прынесла аўтару перамогі па выніках галасавання беларускіх тэлегледачоў, кампазітар даслаў на міжнародны конкурс. Там песня не толькі не згубілася сярод чатырох тысяч іншых, а была адабрана для альбома, прадзюсіраванага галівудскай кампаніяй. Дый на "Новай хвалі" Галаўко атрымаў замову на песню для "Еўрабачання" - ад прадзюсера адной з суседніх краін.

А што больш за ўсё ўразіла на конкурсе саміх братоў Каракіных?

- Кожны дзень, - падарыў сваю чароўную ўсмешку Валодзя, - пакінуў масу яркіх уражанняў. Найперш, гэта 12 дзён рэпетыцый па 11 гадзін з рэжысёрам Аляксандрам Рэўзіным і ўсёй высокапрафесійнай камандай, што ўдзельнічала ў падрыхтоўцы канкурсантаў: гукарэжысёры, харэографы, стылісты, цырульнікі, візажысты, дызайнеры. Нам пашчасціла працаваць з Вольгай Дэфі: яна стварыла шыкоўныя строі для ўсіх нашых выхадаў на сцэну "Дзінтары".

- Фантазіі ў арганізатараў было шмат,- уключыўся ў размову Дзіма.- Яны прапанавалі, да прыкладу, каб прадстаўнікі ўсіх краін пакінулі свой малюнак або подпіс на пліце "Новай хвалі-2010", што была замуравана на подступах да "Дзінтары". А якім сюрпрызам для ўсіх канкурсантаў стала гашэнне "персанальных" марак з нашымі партрэтамі! Арыгінальна праходзілі і лёсаванні. Тэлегледачы бачылі толькі адно з іх: калі парадкавыя нумары выступленняў канкурсантаў у першы дзень выцягвалі, паводле традыцыі, зоркі. А было ж яшчэ два! Асабліва захапляльным аказалася тое, калі мы вылаўлівалі бляшанкі ад шпротаў (а там, вядома, былі пазначаны нумары) з дна фантана!

Што ж, пасля ўсіх лёсаванняў шостая пазіцыя нашага гурта ў агульным раскладзе балаў не павінна была стаць сюрпрызам, бо ўсе тры дні яны спявалі акурат шостымі: то з канца, атрымаўшы нумар 12 (а гэта таксама дзве шасцёркі), то з пачатку. За "Маму" атрымалі- шэсць вышэйшых адзнак. І па колькасці балаў выйшлі на першае месца сярод шасці гуртоў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе ў адной намінацыі з салістамі. А ракавымі для іх сталі дзве дзевяткі ("перавернутыя" шасцёркі), атрыманыя ў трэці дзень. Чым не "лічбавая сімволіка"? Або нават - канцэпцыя? Бо Дзмітрый Калдун на "Еўрабачанні" таксама быў шостым, што справядліва ўспрымалася за перамогу. Як кажуць у такіх выпадках: калі б гэтага збегу лічбаў насамрэч не існавала, яго трэба было б прыдумаць.