Сонца з інтрыгай

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Сонечная выстаўка мастака Руслана Сяргеева працуе ў Доме кіно. І такі эпітэт тут не дарэмны: палотны, якія вісяць на вялікіх вокнах фае ўстановы, у гэтыя шчодрыя на сонца дні быццам падсвечваюцца ім знутры. Фарбы мігцяць усімі колерамі вясёлкі, нібы кажучы гледачам: Руслан Сяргееў — жыццярадасны, яркі чалавек і творца. “Станы і я” — так называецца, ужо пятнаццатая па ліку, персанальная экспазіцыя маладога мастака.

/i/content/pi/cult/282/4478/7-4.jpg

Творца робіць упэўненыя крокі ў некалькіх жанрах выяўленчага мастацтва, аднак найбольш ён спрактыкаваны і адчувае сябе вольна ў пейзажы. Прыемна бачыць даволі свежы падыход да адлюстравання беларускіх краявідаў: многія работы Руслана Сяргеева з першага позірку "чапляюць", яны - своеасаблівыя, хаця імпрэсіянізмам, здавалася б, нікога сёння не здзівіш. Знаёмыя кожнаму жыхару нашай краіны выявы - вясковую хатку, возера ў лесе, храмы і гарадскія будынкі - мастак паказвае рэалістычнымі фарбамі і, ў той жа час, прапускае праз свае ўражанні. Малады творца любуецца (ён расказаў, што любіць пленэры, шмат часу працуе на свежым паветры), і гэтае замілаванне выліваецца не павярхоўнай апісальнасцю, а інтрыгай у многіх яго работах.

Амаль на кожнай карціне - вецер, рух, неспакой, шапаценне, скрып старых дрэў, подых дажджу і трапятанне маладой лістоты. Не хочацца прыдумляць складаных сказаў - карціць сказаць адным словам: прыгожа. Маленькія мазкі фарбы, пакладзеныя на палатно лёгка, нібы свавольна, але прадумана і густоўна, ствараюць "акно", за якім адбываецца сапраўдная дзея ("Канец жніўня", "Перад канцэртам").

Руслан Сяргееў прайшоў амаль увесь шлях прафесійнай мастацкай адукацыі (наперадзе - апошні, шосты, курс мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў). Гэта заўважна і ў партрэтах: творы "Фігара", "Радзівіл" і, асабліва, "Старызнік" даюць магчымасць заглыбіцца ў характары. З многіх партрэтаў усміхаецца сам мастак, а палатно "Аптыміст" - мазаіка ў стылі кубізму - адкрывае схільнасць аўтара да гумару, свабоды, шчырасці. "Я і ёсць аптыміст", - кажа Руслан Сяргееў.

 С.Ю.