“…Карані” з працягам

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Маладая беларуская спявачка Настасся Шаверанка перамагла на Міжнародным фестывалі “Беларускія карані”, што праходзіў 6 — 8 жніўня ў Паланзе.

 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын, які прысутнічаў на заключных імпрэзах у якасці ганаровага госця, адзначыў, што дадзены фестываль абавязкова будзе мець працяг. КІраўнік нашай дыпмісіі зазначыў пад час наведвання Палангі, што ў наступным годзе "Беларускія карані" пачнуцца з гастролей нашых артыстаў па Вільнюсе, Каўнасе, Клайпедзе ўжо ў сакавіку.

Па словах прадстаўніка арганізатараў форуму - дырэктара Беларускага цэнтра турызму і аздараўлення ў Літве Валянціны Шымуконіс, маладыя выканаўцы з дзвюх краін у верасні выправяцца ў турне па гарадах Беларусі, каб яе жыхары пазнаёміліся з іх творчасцю.

У склад журы "Беларускіх каранёў" уваходзіў кампазітар Алег Молчан. У гутарцы з карэспандэнтам "К" ён заўважыў, што фестываль быў арганізаваны на высокім узроўні: "Усе ўдзельнікі былі моцныя, я не заўважыў тут аутсайдэраў, якія адразу расчаравалі б. Маладых людзей было не шмат, але ацэньваць іх аказалася справай складанай. Некаторыя беларусы і літоўцы асабіста мне спадабаліся тым, што прапаноўвалі не традыцыйныя эстрадныя песні з іхняй, ужо набіўшай аскому, мелодыкай, а паказвалі штосьці арыгінальнае".