Музейны інтэрактыў або Каго чакае скарб Банапарта?..

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

У Маскве прайшоў традыцыйны, дванаццаты па ліку, Усерасійскі музейны фестываль “Інтэрмузей”. Гэты прэстыжны форум не толькі ацэньвае і заахвочвае дзейнасць кожнай установы — ад правінцыйнай да сталічнай, але і планава накіроўвае яе, наўпрост уплываючы на фарміраванне стратэгіі нацыянальнага развіцця музейнай справы. На жаль, аналагаў “Інтэрмузею” ў Беларусі пакуль няма, а музейшчыкі сталічныя іншым разам не заўжды ведаюць, якім клопатам жывуць, скажам, іхнія калегі з іншых рэгіёнаў… Што трэба зрабіць, каб усе нашы музеі — раённыя, абласныя, рэспубліканскія — “задыхалі” суладна, каб кожная экспазіцыя “ажыла”, прывабіла яркім інтэрактывам, прынесла максімальны маральны і матэрыяльны прыбытак? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана ГАЎРЫЛАВА, якая цягам некалькіх гадоў з’яўляецца адным з экспертаў “Інтэрмузея”.

/i/content/pi/cult/282/4473/6-1.jpg

 - Святлана Мікалаеўна, якое ўражанне склалася ў Вас ад маскоўскага форуму?

 - Збіраюцца тут супрацоўнікі як рэгіянальных устаноў, так і Эрмітажа, Трацякоўкі... Урэшце, гэта - магчымасць праявіць сябе ў шматлікіх намінацыях, да прыкладу, такіх, як "Лепшы музей фестывалю", "Лепшы музейны праект", "Лепшы выдавецкі праект", "Лепшы экспазіцыйнавыставачны праект", "Лепшая музейна-педагагічная праграма"... Словам, да форуму рыхтуюцца цягам года. А прызавы фонд выдаткоўвае не толькі Міністэрства культуры, але і Саюз музеяў Расіі... Дарэчы, гэтая арганізацыя, што аб'ядноўвае кіраўнікоў вядучых музейных устаноў, вельмі сур'ёзна і плённа працуе над нарматыўнай базай, матэрыяльна падтрымлівае рэалізацыю цікавых праектаў. Такі ж досвед ёсць і ў Літве: там паспяхова дзейнічае Асацыяцыя музеяў... Гэты вопыт мы таксама будзем выкарыстоўваць, нават унеслі адпаведныя артыкулы ў праект Закону "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь".

- Ці была прадстаўлена на "Інтэрмузеі" наша краіна?

 - На пачатку 2000-х гадоў у гэтым фэсце браў удзел у якасці госця Нацыянальны гістарычны з інтэрактыўнай музейна-педагагічнай праграмай. Летась я была экспертам "Інтэрмузея" ў дзелавой праграме фестывалю па тэме "Актуальныя пытанні стварэння і комплекснага развіцця гісторыкакультурных музеяў-запаведнікаў", дзялілася досведам музеефікацыі Нясвіжскага і Мірскага замкаў. Сёлета была экспертам па тэме "Сучасныя экспазіцыйна-выставачныя праекты". Сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлялі яго новую навуковую канцэпцыю. Наша ўстанова са сваёй адметнай стратэгіяй атрымала ўсеагульнае прызнанне і спецыяльны прыз у намінацыі "Эталонны праект "За значны ўнёсак у захаванне і прапаганду гісторыкакультурнай спадчыны народаў - пераможцаў у Вялікай Айчыннай вайне і ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій". Мяркуем правесці падобны форум у нас. Летась распрацавалі яго канцэпцыю, што скіравана, найперш, на падтрымку рэгіянальных музеяў, бо ім, натуральна, таксама ёсць што паказаць, ім таксама трэба паміж сабой канкурыраваць. Між тым, раённыя музейшчыкі нават разам ніколі не збіраліся, тым больш - ніколі не супернічалі за паўнавартаснае фінансаванне сваіх праектаў.

- Канкурэнцыі - няма, а праблем хапае... Я разумею амбіцыі раённых кіраўнікоў, якія фінансуюць рамонт або рэканструкцыю будынкаў пад уладкаванне краязнаўчых музеяў: маўляў, сорамна раёну не мець такой установы. Але ўслед за гаспадарчым клопатам ідзе клопат творчы: стварэнне і насычэнне экспазіцый згодна з гісторыка-культурнымі адметнасцямі дадзенай мясцовасці. А вось з гэтым часцяком не ўсё добра. Так, напэўна, і з'яўляюцца музеі, падобныя адзін да аднаго, як блізняты?

- На мой погляд, кепскі музей той, калі наведвальнік пасля аднаго візіту туды пра наступны больш і не думае, бо нічога ў душу не запала... Павінна быць дамінанта, на якой усё трымаецца. Ёсць яна ў музейных установах Гомельшчыны. Гэты рэгіён на сёння - вядучы ў развіцці музейнай справы. У абласным цэнтры - бліскучыя па форме і змесце Палацава-паркавы ансамбль і Музей ваеннай славы: два калектывы - у пастаянным пошуку. Таму і колькасць наведвальнікаў тут за апошнія гады ўзрасла ўдвая: з 300 да 600 тысяч чалавек... А ўсё чаму? Навуку ўмеюць спалучаць з менеджментам, а ў гэтым - стратэгія сённяшняга дня. Трэба шукаць і знаходзіць, а не чакаць у роспачы бюджэтнага фінансавання... У Музеі ваеннай славы адкрыўся нядаўна яшчэ адзін музей - крыміналістыкі: і сабраны матэрыял - унікальны, і з камплектаваннем тут не марудзяць. А самае галоўнае - ёсць цесная творчая сувязь з раёнамі. Да прыкладу, у Гомелі паспяхова дзейнічае філіял знакамітага Веткаўскага музея народнай творчасці. Новая экспазіцыя рыхтуецца цяпер у Хойніках - Гомельскі абласны музей бярэ ў гэтым самы непасрэдны ўдзел. І гэта нармальная тактыка супрацоўніцтва і ўзаемаўзбагачэння. У Гомелі - вельмі моцны метадычны цэнтр пры абласных музеях, супрацоўнікі якіх курыруюць і вельмі дапамагаюць раёнам. Без такога ўзаемадзеяння раённыя канцэпцыі не складаюцца. На Гомельшчыне нават абласная калегія нядаўна прайшла, дзе аналізаваўся ход выканання галіновай праграмы, і гаворка ішла пра тое, што трэба паспець зрабіць у абласной музейнай справе цягам апошняга паўгоддзя дзеяння праграмы...

- Давайце вернемся да глыбінкі. У нашых аграгарадках усё часцей з'яўляюцца бібліятэкі-музеі. Наколькі правамоцныя такія ўстановы? Афіцыйнага палажэння на іх стварэнне, наколькі мне вядома, не існуе...

- Так, нарматыўнай базай не прадугледжаны такі тып установы. Але я нават не пра гэта. Музейны прадмет павінен быць захаваны і абаронены ў адпаведнасці з Законам "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь". Я ніякім чынам не стрымліваю палёт творчай думкі сельскіх культработнікаў, але пераканана: аб згаданым статусе падобных устаноў весці гаворку яшчэ зарана.

- Якім вам бачыцца сучасны рэгіянальны музей?

- Зноў не магу не згадаць тут маскоўскі форум, які значна нас падштурхнуў. Я казала ўжо, што канцэпцыя беларускага музейнага фэсту ўжо распрацавана. І самае галоўнае, што ў Дзяржаўнай праграме развіцця культуры Беларусі на 2011 - 2015 гады закладзена фінансаванне двух музейных фестываляў. Першы будзе праходзіць у 2012-м. Папярэдне правядзём работу з кожным абласным упраўленнем культуры, з кожным раённым музеем, вызначым конкурсныя намінацыі. У музейшчыкаў з'явіцца стымул выявіцца, а значыць - займець фінансавую падтрымку ў развіцці навуковай работы, музейнапедагагічнай дзейнасці, рэалізацыі экспазіцыйна-выставачных праектаў. Пагадзіцеся, да гэтага трэба дасканала рыхтавацца. У раённых установах няма інфакіёскаў, аўдыёгідаў, новая ж Дзяржпраграма прадугледжвае іх наяўнасць ва ўсіх 147 музеях Беларусі. Не хапае мультымедыйнай тэхнікі. Ведаеце, што ўразіла мяне на "Інтэрмузеі"? Калі гаворка зайшла аб спецыяльным абсталяванні і тэхналогіях, нам паказалі чаргу ля ўвахода ў музей: любы ахвотны можа спецыяльным маркерам зрабіць на мультымедыйнай панелі надпіс і з яе дапамогай... сфатаграфавацца ў адметным антуражы. Сувенір мае шыкоўную багетную раму, і яго хочацца захоўваць! Устаноўку гэтую можна набыць і такім чынам павялічыць колькасць відаў музейных платных паслуг. Акупляецца ж яна вельмі хутка.

- Калі ўжо гаворка зайшла пра музейнае абсталяванне, дык зноў не магу не спаслацца на тое, што ледзь не штотыднёва бачу ў журналісцкіх камандзіроўках: у музеях нашых нават выставачных шафаў не хапае...

 - Цалкам згодная! У любым музеі павінна быць спецыяльнае выставачнае абсталяванне - з кліматкантролем, з адпаведным асвятленнем... Расія, несумненна, крочыла далёка наперад у гэтым плане. Была я аднойчы ў мястэчку Вітаславіца ля Ноўгарада, наведала этнаграфічны музей. Дык вось, там наведвальнікаў сустракае барыня ў нацыянальным строі, а любы музейны прадмет, нават калыска, калі яго кранеш, пачынае... вам распавядаць і пра свой лёс, і пра гісторыю гэтай зямлі! Хіба ж такое забудзеш? Таму і наведвальнікаў там шмат, а гэта, у сваю чаргу, - крыніца сродкаў на развіццё.

- Наша сённяшняя, так бы мовіць, музейная пасіўнасць, адсутнасць інтэрактыву і грашовых прыбыткаў - ад кадравага дэфіцыту?

- Безумоўна, ад творцы ўсё залежыць. Многія цяпер цудоўна ўсведамляюць, што заўсёдная музейная ціша на сёння не адпавядае патрабаванням часу і трэба шукаць новыя формы работы, абуджаць выставачныя залы інтэрактыўнай дзеяй. У Лідскім замку, як вядома, ладзіцца "Вяселле Ягайлы", у Бярозаўскім краязнаўчым музеі дзейнічае "Зялёная школа" для дзяцей..

- І ўсё ж не стае анімацыі, інтэрактыву... Чаму б пры краязнаўчых музеях не ладзіць для падлеткаў шматдзённыя экспедыцыі па адшукванні, да прыкладу, старадаўніх скарбаў з дапамогай "сапраўднай" карты ды кваліфікаванага інструктара па выжыванні?..

- Я думаю, за пяць гадоў дзеяння новай Дзяржпраграмы сітуацыя карэнным чынам зменіцца. Ужо цяпер пашыраецца сфера музейнага ўплыву на развіццё рэгіянальнага турызму, што таксама падштурхоўвае да крэатыву, бо тураператар людзей на "мёртвую" экскурсію зводзіць толькі адзін раз... Цікавы вопыт існуе ў вёсцы Станькава, дзе месціцца філіял Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: там у партызанскі лагер не трапіш без ведання пароля, які ў цябе запытваюць "сапраўдныя" партызаны, а камендант лагера ставіць на твой білет спецыяльную пячатку з правам на ўваход у музей (білет становіцца, натуральна, сувенірным)... З нетрадыцыйных форм музейнай работы я згадала б і Першы Міжнародны фестываль ласкутнага шыцця, што адбываўся днямі ў Домемузеі Рэпіна ў Здраўнёве... А вось ідэя з пошукам скарбаў мне падаецца выключна перспектыўнай. Уяўляеце, з якім імпэтам будзе выкупляцца гэткі тур па адшукванні, да прыкладу, скарба Напалеона на Барысаўшчыне? Або вось яшчэ адзін праект, з поспехам рэалізаваны расіянамі, які называецца "Восем музеяў за восем дзён". У вандроўцы бярэ ўдзел сям'я, а восем музеяў, узгадніўшы тактыку абслугоўвання і суму прызавога фонду, спачатку прымаюць экскурсантаў, а на восьмы дзень ладзяць конкурс-віктарыну на падставе ўбачанага і пачутага з прызамі для ўсіх сямейнікаў. Гэта ж з поспехам можна выкарыстоўваць і ў нас.

Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"