Паміж рэпертуарам і “свабодным плаваннем” Ці хутка на Беларусі з’явіцца Цэнтр візуальных мастацтваў?

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

У тым, што тэатр — мастацтва поліфункцыянальнае, сёння наўрад ці хто будзе сумнявацца. Аднак аналіз прапаноў беларускіх калектываў засмучае: аказваецца, наша сцэна да гэтага часу знаходзіцца ў сістэме каардынат, дзе існуюць толькі два віды творчага самавыяўлення — спектаклі і фестывалі. Што ў гэтым дрэннага? — спытаеце вы. А тое, што гэткая нішчымніца на фоне шырокага дыяпазону магчымасцей, якія сёння прысутнічаюць у сферы тэатральнага мастацтва, не толькі зніжае інтарэс да яе з боку гледачоў — патэнцыйных спажыўцоў, але і не прыносіць карысці самім тэатрам, вымушаным у чарговы раз “пракручвацца” паміж жаданнем ствараць штосьці цікавае і неабходнасцю рабіць касу, а значыць — завабліваць у залу гледача. Прыхільнікі здаровага харчавання ведаюць, што любая монадыета, заснаваная нават на самым карысным прадукце, не можа працягвацца доўга: арганізму рана або позна спатрэбяцца іншыя вітаміны і спажыўныя рэчывы, якіх абраны прадукт не ўтрымлівае. Той жа самы прынцып дзейнічае і ў дачыненні да “ежы духоўнай”: нават самы зацяты традыцыяналіст (да каго, між іншым, я адношу і сябе) час ад часу з ахвотай і задавальненнем смакуе тыя або іншыя тэатральныя далікатэсы. Няхай нават і толькі для таго, каб упэўніцца: сваё — лепшае.

/i/content/pi/cult/282/4472/5-1.jpg

Няма часу на... творчасць

 Што б мы ні казалі пра сілу творчага духу, але сучасныя рэпертуарныя тэатры ў нашай краіне знаходзяцца ва ўмовах, калі ці не галоўнай іх задачай з'яўляецца... выкананне плана па абслугоўванні насельніцтва. З аднаго боку, логіка такога стаўлення да іх - відавочная: дзяржава ўкладае грошы ў развіццё тэатраў і, натуральным чынам, жадае, каб ад гэтага была прамая аддача галоўнаму "спажыўцу" тэатральнага мастацтва - гледачу. Урэшце, без апошняга любы тэатр, нават самы прагрэсіўны, перастае існаваць як з'ява: не адбываецца абавязковага для кожнага сцэнічнага мастацтва працэсу жывой камунікацыі.

У той жа час, усім вядома: для таго, каб падтрымліваць інтарэс да любога, не толькі тэатральнага, працэсу, неабходна, каб той знаходзіўся ў пастаянным развіцці, каб жыццё яго не ператваралася ў прадказальны "бег па крузе", а адкрывала новыя перспектывы ды магчымасці. Як прымяніць гэтую формулу да тэатра? Здавалася б, адказ - відавочны: часцей звяртацца да новых форм і ідэй, увасабляючы іх на сцэне. Аднак на справе сітуацыя выглядае абсалютна супрацьлеглым чынам: кіраўнікі дзяржаўных тэатраў вымушаны да такой ступені "прагназаваць" будучы глядацкі поспех кожнай пастаноўкі, што месца і часу на творчыя эксперыменты ў рабочым графіку калектываў проста не застаецца.

Пачаў здаваць свае пазіцыі нават апошні "аплот" творчых эксперыментаў - Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, які заўсёды пазіцыянаваў сябе пляцоўкай, адкрытай для пошукаў айчынных драматургаў ды рэжысёраў. Іх апошняя прэм'ера - "Адамавы жарты", створаная паводле вадэвіляў Францішка Аляхновіча і Леапольда Родзевіча, - красамоўна сведчыць: небяспечная для творчасці неабходнасць "падабацца гледачам" сёння "цісне" нават на іх.

Патрэбны новыя формы

 Услед за класікам, гэтая думка не перастае быць актуальнай і цяпер. Спробы камерцыялізацыі рэпертуарных тэатраў, якія сёння адбываюцца на нашых вачах, наглядна дэманструюць, што спалучаць і з'ядноўваць дзве аднолькава важныя задачы, такія, як стварэнне мастацкіх работ і папярэдняе "пралічванне" спажывецкага попыту на іх, - справа няўдзячная: адно немінуча "падмінае" пад сябе другое. Нашмат больш рэальна размежаваць гэтыя дамінанты і, паралельна з існуючай класічнай рэпертуарнай базай, развіваць камерцыйнае тэатральнае мастацтва. Не трэба палохацца такога падыходу да справы ды пафасна абвяшчаць: маўляў, на гэтым нельга зарабляць. Можна. І тое нават цалкам лагічна: яно не толькі дасць магчымасць стварыць поле камерцыйнага тэатральнага мастацтва, але і дазволіць не "калечыць" яго традыцыйныя формы.

Некалі адзін паспяховы расійскі рэжысёр тлумачыў мне, чым тэатральны спектакль адрозніваецца ад тэатральнага праекта. "Галоўная розніца, - казаў ён, - заключаецца ў тым, што спектакль - гэта твор мастацтва, і судзіць яго варта менавіта па законах мастацтва. У той час як галоўная задача праекта - адпаведнасць канчатковага выніку, так званага тэатральнага прадукту, першапачатковаму праектна-каштарыснаму разліку". Па сутнасці, ён агучыў галоўную акалічнасць, якую мы сёння чамусьці не бяром пад увагу: ёсць розныя мадэлі стварэння тэатральнага прадукту, і кожная з іх жыве і функцыянуе па ўласных законах, так, што нельга "адзежку" адной нацягнуць на другую, каб гэта было незаўважна ды арганічна.

Самы яскравы прыклад - існуючая на сённяшні дзень тэатральная антрэпрыза. Яшчэ з дзесятак гадоў таму, калі гэтая практыка толькі пачала распаўсюджвацца на постсавецкай прасторы, абаронцы "сапраўднага" тэатра горача і палка змагаліся з ёй усімі магчымымі формамі: маўляў, яна адбірае гледача ў рэпертуарнай сцэны, але сваімі забаўлянкамі толькі дэфармуе яго густы і "адвучвае" ад сапраўднага, высокага мастацтва. Прайшло не так шмат часу, і стала відаць, што антрэпрыза аніякім чынам не паўплывала на існуючы лад: традыцыйныя тэатры засталіся "стаяць", і публіка па-ранейшаму імкнецца да гэтага віду мастацтва. Іншая справа, што катэгорыя "спажыўцоў", для якіх тэатр цікавы акурат у антрэпрызным выглядзе, таксама знайшла для сябе "тавар", адпаведны ўласным густам.

...і рацыён

 Здавалася б, галоўнымі праціўнікамі так званай "праектнай" тэатральнай творчасці мусяць быць акцёры: лічыцца, што яны не вельмі любяць свабоднае плаванне, бо яно пазбаўляе іх гарантаванага, стабільнага працоўнага месца і прымушае ўвесь час "цялёпкацца" ў вірах творчых ініцыятыў. Аднак на справе аказваецца, што акурат яны - галоўныя апалагеты гэткага віду творчасці. І тлумачаць яны сваю пазіцыю проста: удзел у творчых праектах не дае "застойвацца", падштурхоўвае пастаянна развіваць сваю творчую індывідуальнасць, што, з аднаго боку, дазваляе больш дакладна адчуваць уласную запатрабаванасць і кантакт з гледачамі, а з іншага - займацца не руціннымі, а насамрэч цікавымі асабіста ім работамі.

Шырокая практыка, якая існуе ў дадзеным накірунку у суседніх з намі дзяржавах, такіх, як Расія, Украіна, Літва або Польшча, дазваляе сцвярджаць, што гэта ні ў якім выпадку не шкодзіць агульнаму працэсу, а адно толькі робіць яго разнастайным. І- разлічаным на больш шырокае кола гледачоў, дазваляючы ахапіць тых, для каго традыцыйныя формы не ўяўляюць цікавасці. Дык ці ж варта адмаўляць сабе ў такой магчымасці, што проста-такі ляжыць на паверхні?

Фестываліць трэба правільна

Яшчэ адна балючая для беларускіх калектываў тэма - фестывалі. Нягледзячы на тое, што ў нас існуе некалькі насамрэч моцных творчых форумаў, сярод якіх лідэрамі з'яўляюцца "Белая вежа" ў Брэсце і "М.@rtкантакт" у Магілёве, фестывальны "голад" з боку айчынных тэатралаў - відавочны. Тым больш, што сёння фестывалі ўжо перасталі выконваць адно толькі азнаямленчую функцыю, а даўно ператварыліся ў крэатыўныя творчыя цэнтры, якія не толькі "спажываюць" спектаклі і творчыя праекты, але і самі актыўна іх прадукуюць.

Каб не хадзіць далёка па прыклады, узгадаем нядаўнюю пастаноўку "Вяселля" А.Чэхава на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Яе рэалізацыя адбылася дзякуючы супрацоўніцтву з такім буйным тэатральным канцэрнам, як Чэхаўскі фестываль. Дзякуючы гэткаму "сяброўству" беларускіх акцёраў пабачылі - і ацанілі ў самых высокіх эпітэтах! - у расійскай сталіцы, а неўзабаве такую магчымасць атрымаюць і ў Еўропе, пад час восеньскіх гастролей у рамках вышэйзгаданага Чэхаўскага фестывалю.

Што ж замінае беларусам займець такі фестываль? Адказ - відавочны: адсутнасць вольных рэсурсаў для гэтага. Для тых жа брэсцкага або магілёўскага тэатраў форум - гэта ўсяго толькі адзін з відаў работы, прычым, далёка не першасны, калі меркаваць з пункта гледжання ўнутранай "іерархіі" вытворчых планаў. І было б несправядліва патрабаваць ад іх, каб "пабочны" від дзейнасці развіваўся гэтак жа актыўна і прадуктыўна, як і асноўны.

 Практыка і Чэхаўскага фестывалю, і "Балтыйскага дома" ў Санкт-Пецярбургу паказвае: для максімальнай эфектыўнасці падобнай творчай дзейнасці абавязковая ўмова - самастойнасць структуры, што будзе займацца ўсімі арганізацыйна-творчымі пытаннямі. І гэта цалкам відавочна: калі галоўным профілем з'яўляецца арганізацыя фестываляў і творчых праектаў, за якую будуць адказваць канкрэтныя людзі, лагічна, што акурат з іх гэтак жа "канкрэтна" і спытаюць...

 "Каб штораз не пачынаць "з нуля"..."

Генадзь ДАВЫДЗЬКА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, старшыня Канфедэрацыі творчых саюзаў Беларусі:

Як аказалася, ініцыятыва стварэння падобнага фестывальна-творчага цэнтра на Беларусі віруе даўно. Старшыня Канфедэрацыі творчых саюзаў Генадзь Давыдзька бачыць кола інтарэсаў і задач такога цэнтра даволі шырока: ад правядзення буйных, іміджавых фестываляў, якія давалі б міжнароднай грамадскасці ўяўленне аб тым, чым жыве сёння беларуская культура, да стварэння ўласнага тэатральнага "прадукту", у тым ліку - і з прыцягненнем да гэтага вядучых замежных творцаў.

- Ідэя стварэння Цэнтра візуальных мастацтваў як асобнага унітарнага прадпрыемства, у поле дзейнасці якога ўвайшлі б не толькі тэатр, але і кіно, узнікла найперш для таго, каб айчынныя творцы маглі не распыляць свае намаганні, - кажа Генадзь Браніслававіч. - Не сакрэт, што сёння аднаму асобнаму тэатру вельмі складана арганізаваць тыя ж гастролі за мяжу. Мы ж мяркуем, што пры Цэнтры патрэбны спецыяльны гастрольны фонд, з якога і фінансаваліся б выезды за мяжу тых або іншых калектываў, што, на думку экспертаў, маюць цікавыя творчыя работы ў сезоне, здольныя на высокім узроўні прадставіць не толькі канкрэтны тэатр, але і ўсю наш краіну. Гэтак жа, як і кінематаграфісты з цікавым фільмам маглі б разлічваць на арганізацыю яго ўдзелу ў тых або іншых прэстыжных міжнародных фестывалях, а не шукаць для гэтага прыватных кантактаў.

Адным з відаў дзейнасці Цэнтра бачыцца і арганізацыя буйных, іміджавых фестываляў у нас на Беларусі, той жа тэатральнай "Панарамы", якую ў свой час я з групай калег задумваў як форум нацыянальных тэатраў, што з'язджаліся б у нашу сталіцу са сваімі цікавымі праектамі, або кінематаграфічнага "Лістапада", старшынёй якога я цяпер з'яўляюся. Вельмі важна, каб падобныя імпрэзы рыхтаваліся пастаяннымі групамі, а не часовымі, што збіраюцца за два-тры месяцы да пачатку і працуюць у аўральным тэмпе. Гэта мусіць быць штат, няхай сабе і невялікі, спецыялістаў, прафесіяналаў у арганізацыйнай справе. А на дапамогу ім - групы экспертаў, якія будуць прыцягвацца для работы па канкрэтных накірунках дзейнасці, у залежнасці ад таго, маем мы справы з тэатральным праектам або кінематаграфічным.

Істотны момант: гэткі від дзейнасці не запатрабуе ад дзяржавы дадатковых фінансавых укладанняў "на ўтрыманне". Іншая справа - тыя грошы, якія выдаткоўваліся і раней, пры новай сітуацыі будуць ісці не на часовыя групы, а на няспынны працэс, што не будзе кожны раз пачынацца "з нуля". Да ўсяго, Цэнтр зможа і самастойна зарабляць дадатковыя, патрэбныя для арганізацыі той або іншай імпрэзы, грошы за кошт, прыкладам, стварэння і пракату ўласных спектакляў і арганізацыі тэатральных праектаў. Я ўвогуле лічу, што пры Цэнтры павінна быць свая, няхай і невялічкая, творчая пляцоўка, дзе пастаянна адбываліся б эксперыменты, ладзіліся цікавыя пастаноўкі. Гэта дасць нам магчымасць не "вывальвацца" з жывога фестывальнага руху, які сёння ў свеце надзвычай актыўны і развіваецца збольшага па-за межамі звыклых рэпертуарных тэатраў.

***

Мяркую, Цэнтр будзе здольны ўзяць на сябе і справу правядзення Нацыянальнай тэатральнай прэміі: кампетэнтныя эксперты заўсёды змогуць прыехаць у любы тэатр краіны, паглядзець спектакль, абмеркаваць яго, зняць на відэа, каб потым размясціць на сайце. Глядзіш, у хуткім часе тэатры адчуюць стымул для жывой творчасці і перастануць працаваць адно толькі "дзеля сябе" і планавых паказчыкаў.