Што ў нас новенькага?
- Сапраўды, сёлета былі створаны ўсе ўмовы для адбору найбольш таленавітых у ВНУ галіны, - распавёў намеснік начальніка аддзела навучальных устаноў і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Мукалаў. - Па самых масавых спецыяльнасцях, на якія ёсць вялікі попыт у нашых установах культуры, план прыёму быў павялічаны. Гэта такія спецыяльнасці ва Універсітэце культуры і мастацтваў, як "бібліятэкар", "спецыяліст харэаграфічнага профілю", "рэжысёр народных абрадаў і святаў". У Акадэміі мастацтваў упершыню быў ажыццёўлены набор па спецыяльнасці "кінатэлезнаўца", "прадзюсер-менеджэр кінатэлевытворчасці" (конкурс тут, дарэчы, склаў 2,6 чалавека на месца). Увогуле ж, прыёмная кампанія была добра арганізавана і прайшла даволі спакойна. Мы намагаемся захаваць пераемнасць у працы прыёмных камісій. Ратацыі ў іх складзе, вядома, адбываюцца, але не так рэзка: заўсёды застаецца хтосьці, хто ўжо мае вопыт такой працы. Натуральна, без апеляцый не абышлося, але яны разглядаліся ў прынятыя тэрміны, рашэнні прымаліся з улікам думак камісій па кантролі, якія працавалі ў кожнай ВНУ. Большасць тэлефанаванняў у Міністэрства была не са скаргамі, а з просьбай яшчэ раз растлумачыць правы на льготы, пералічыць катэгорыі абітурыентаў, якія могуць іх скарыстаць.
А хтосьці змагаўся: дзесяць на аднаго!
Агульны конкурс у ВНУ культуры сёлета аказаўся крыху ніжэйшы за мінулагодні. Але гэта зусім не падстава для роспачы: маўляў, цікавасць да творчых спецыяльнасцей падае. Пэўна, даліся ў знакі такія фактары, як ужо згаданае павышэнне плана прыёму, яшчэ больш мэтанакіраваная папярэдняя праца навучальных устаноў па прафесійнай арыентацыі абітурыентаў.
У той жа Акадэміі музыкі конкурс увогуле звычайна даволі "спакойны". Але - толькі знешне. Бо паступаюць сюды тыя, хто мае за плячыма як мінімум 11 - 12, а то і болей гадоў музычнай падрыхтоўкі. Таму "выпадковыя" абітурыенты сюды не трапляюць, а тыя, у каго прафесійны ўзровень "не дацягвае", самі адсейваюцца ўжо пасля першых кансультацый.
Самы высокі конкурс тут сёлета быў на харэаграфічнае мастацтва- 2,8 чалавека на месца, бо прыём сюды ажыццяўляецца не штогод, як на музычныя спецыяльнасці, а куды радзей. Дарэчы, завочнага навучання ў Акадэміі музыкі даўно няма. Студэнты ж аддзялення харэаграфіі займаюцца, калі можна так сказаць, на своеасаблівай "вячэрняй" форме, якая насамрэч аказваецца менавіта дзённай, але не ранішняй. Звычайна на гэтае аддзяленне паступаюць дзеючыя артысты балета, у якіх зранку - рэпетыцыя, увечары - спектакль, панядзелак - выхадны ў тэатры. З улікам гэтага фарміруецца і расклад заняткаў для іх: ён прыпадае акурат на вольны ад рэпетыцый і выступленняў час.
Традыцыйна высокім у Акадэміі музыкі быў конкурс у вакалістаў: 2,3 - у жаночых галасоў і 2- у мужчынскіх. Як ні дзіўна, але не на шмат меншая і канкурэнцыя сярод будучых скрыпачоў - 1,8. І гэта не толькі, здавалася б, радасная падзея, якая можа сведчыць пра рост папулярнасці гэтага найскладанага інструмента сярод навучэнцаў (у першую чаргу- дзіцячых музычных школ, бо чым больш дзяцей навучаецца па той або іншай спецыяльнасці, тым большы выбар у музычных вучылішчаў). Нязвыкла вялікі конкурс на скрыпку- гэта яшчэ і трагедыя для кожнага непаступіўшага юнага музыканта.
- Па словах камісіі, - пракаменціраваў сітуацыю А.Мукалаў,- абітурыенты-скрыпачы былі настолькі высокага ўзроўню, што ўсе яны былі вартыя паступлення. Але прэтэндаваць на далейшы працяг бясплатнага навучання па гэтай спецыяльнасці мог далёка не кожны: колькасць месцаў - абмежаваная...
Дадамо, што творчасць, адоранасць, талент увогуле цяжка паддаюцца планаванню і "лічбавай сістэмнасці". Бах і Гендэль, да прыкладу, нарадзіліся ў адзін год. А наступны вялікі класік, Моцарт,- больш чым праз 70 гадоў пасля іх. Хто возьмецца спрагназаваць, колькі адораных скрыпачоў народзіцца заўтра і паслязаўтра? Таму і конкурс па музычных спецыяльнасцях часам дае збоі ў стабільнасці: адным разам - "перабор" таленавітых, другім - прэтэндэнтаў, што цалкам адпавядаюць патрабаванням, увогуле няма, асабліва- на некаторыя "штучныя" духавыя спецыяльнасці. Выйсце было знойдзена: план па наборы на духавыя цяпер тычыцца не кожнага інструмента паасобку, а ўсёй групы медных або ўдарных. Таму адзін год можна прыняць больш трамбаністаў, другі - трубачоў і наадварот, зыходзячы з узроўню прэтэндэнтаў. Дык, можа, штосьці падобнае патрэбна і струннікам?
Высокі конкурс склаўся і на такія інструменты, як цымбалы (1,7) і баян/акардэон (1,6). Але тут прычына- іншая: прыём на гэтыя спецыяльнасці ў апошнія гады быў крыху зніжаны зза больш складанага, у параўнанні з іншымі выпускнікамі, працаўладкавання "народнікаў".
У Акадэміі мастацтваў, дзе таксама добра наладжана папярэдняя праца з абітурыентамі і існуе "адсеў" "выпадковых" людзей яшчэ да падачы дакументаў, конкурс усё роўна самы высокі сярод творчых ВНУ. Бо ўсе хочуць стаць папулярнымі "артыстамі тэатра і кіно" (больш як 10 чалавек на месца), усе любяць маляваць і адчуваюць сябе калі не рэмбрантамі, дык дызайнерамі. Адпаведна, конкурс на "графічны дызайн" - 8,3 чалавека на месца, "дызайн віртуальнага асяроддзя" - 7, "экспазіцыйны дызайн" - 6,6, "рэжысуру кіно і тэлебачання" - 4,8.
Даволі высокі конкурс і на некаторыя спецыяльнасці БДУКіМ: "эстрадныя спевы" - 6,1, "менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы" - 5,7, "менеджмент міжнародных культурных сувязей" - 5,5, "народная тэатральная творчасць" - 4,2, "дэкаратыўна-прыкладное мастацтва" (а сёлета сюды набіралі рэстаўратараў) - 4, "інфармацыйныя сістэмы ў культуры" - 3,7. А вось па бібліятэчных спецыяльнасцях (паўтаруся, самымі, бадай, запатрабавальнымі сёння, з-за чаго быў узняты план прыёму) - недабор. Можна, вядома, "спісаць" на тое, што абітурыенты не паспелі зарыентавацца, калі павялічыўся сёлета план прыёму на гэтыя спецыяльнасці. Або спаслацца на невысокія бібліятэкарскія заробкі, невялікае жаданне пасля размеркавання ехаць у сельскія бібліятэкі, дзе самы вялікі недахоп у кадрах. Але навошта шукаць вінаватых? Лепей падумаць пра будучыню і выправіць памылкі.
- Будучыя абітурыенты, - разважае А.Мукалаў,- павінны падбірацца на месцах. Тыя ж бібліятэкі, упраўленні і аддзелы культуры лепей ведаюць тых, каму гэтая праца блізкая па духу, хто ўмее запаліць сваёй зацікаўленасцю дзяцей і дарослых. Такую работу трэба актывізаваць, выкарыстоўваць мэтавыя накіраванні, бо "выпадковых" людзей ва Універсітэце культуры і мастацтваў не чакаюць.
Спярша стань "зоркай", а потым вучыся
Па традыцыі, частка абітурыентаў станавілася студэнтамі без здачы ўступных іспытаў. Гэта тыя, хто сёлета стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, некаторых конкурсаў, а таксама пераможцы беларускіх конкурсаў, пералік якіх быў вызначаны Міністэрствам культуры краіны. 10 такіх абітурыентаў, да прыкладу, было ў Акадэміі музыкі: адзін лаўрэат фонду і дзевяць лаўрэатаў творчых спаборніцтваў - Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў фартэпіяннай музыкі і Рэспубліканскай музычна-тэарэтычнай алімпіяды, якія праводзіліся сёлета.
Права паступлення без іспытаў па адпаведнай спецыяльнасці ў ВНУ атрымалі і лаўрэаты конкурсу "Зорка ўзышла над Беларуссю". Але скарысталі яго далёка не ўсе пераможцы: большасць з іх ужо атрымлівала (ці нават атрымала) такую адукацыю. Тым не менш, студэнтамі Акадэміі мастацтваў сталі чацвёра лаўрэатаў "Зоркі...", яшчэ двое залічаны ў БДУКіМ.
А што ж фіналісты тэлепраекта "Новыя галасы Беларусі"? Некаторыя з іх ужо цягам года паспяхова вучацца ў БДУКіМ. Іншыя сталі студэнтамі цяпер. Ці распаўсюджваліся на іх сёлета льготы? І ці праўда тое, што ўсе яны маглі без аніякіх іспытаў паступаць туды, куды толькі пажадаюць?
- Закон для ўсіх - адзіны, - растлумачыў А.Мукалаў. - Таму яны, як і ўсе, павінны былі здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, праходзіць, калі гэта прадугледжвалася абранай спецыяльнасцю, творчыя іспыты. Іншая справа, што ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта краіны Міністэрства культуры аказвала ім у гэтым неабходную дапамогу, улічваючы іх уласныя пажаданні. Зразумела, удзел у праекце і далейшым канцэртным жыцці вымагаў ад фіналістаў шмат сіл і часу. Таму мы намагаліся арыентаваць іх у правілах паступлення, тэрмінах, патрабаваннях і рэальных магчымасцях. У прыватнасці, цягам паўгода мы збіралі іх некалькі разоў, праводзілі сустрэчы з удзелам намесніка міністра, рэктараў, прарэктараў, прадастаўлялі ўсю неабходную інфармацыю, высвятлялі іх праблемы, узровень падрыхтоўкі па неабходных дысцыплінах (хтосьці скончыў толькі звычайную школу, у кагосьці была спецыяльная пачатковая або сярэдняя адукацыя, у кагосьці - нават вышэйшая, але іншага профілю). Прапаноўвалі мы дапамогу і ў падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання - праўда, фіналісты вырашылі рыхтавацца самастойна, хаця курсы ў БДУКіМ былі для іх бясплатнымі. Паўтаруся, шмат залежыла і ад саміх абітурыентаў, ад іх уласных намаганняў для дасягнення мэты. Калі хтосьці так і не падаў дакументы ў прыёмную камісію ў акрэсленыя тэрміны, дык мы зрабіць нічога не маглі. А калі адна з фіналістак з'язджла на фестываль у Эстонію, і ў дзень тэсціравання ейны пашпарт знаходзіўся на афармленні візы, дык мы дапамаглі ёй атрымаць дазвол на здачу тэсціравання ў рэзервны дзень. Дарэчы, не ўсе працягваюць адукацыю менавіта па вакале. Той жа Мікіта Касцюкевіч паступіў на гукарэжысуру ў Акадэмію мастацтваў, хтосьці ўвогуле абіраў менеджмент у сферы культуры. Гэта іхняе права!
Дык хто ж паедзе па размеркаванні?
Правы і абавязкі звычайна з новай сілай уступаюць у канфлікт, калі ланцужок "абітурыент - студэнт - выпускнік" дасягае фінальнага пункта - "малады спецыяліст". Азначаны вышэй недабор бібліятэкараў - толькі частка гэтай праблемы. Не хапае многіх маладых "прадстаўнікоў сельскай інтэлігенцыі", якіх у стане падрыхтаваць не толькі ВНУ, але ССНУ культуры. Ці ўсе навучальныя ўстановы зацікаўлены ў гэтым? Прывяду сёлетні прыклад.
У музычнае вучылішча паступала выпускніца сельскай школы мастацтваў - па мэтавым накіраванні, якое гарантуе: атрымаўшы адукацыю, чалавек вернецца працаваць у тую ўстанову, што і адпраўляла яго на вучобу. Так званыя мэтавікі маюць ільготы- яны паступаюць па-за конкурсам: каб быць залічанымі, ім дастаткова атрымаць на ўступных творчых выпрабаваннях хаця б "тройкі". Аднак дзяўчына атрымлівае "двойку". Скажаце, нізкі ўзровень выкладання на сяле? Дык яго і намагаліся павысіць выхаваннем уласнага спецыяліста, які прыедзе не на два гады "тэрмін адбываць", а назаўсёды (тым больш, што тую дзяўчыну дома чакаюць не толькі бацькі, а яшчэ пяцёра малодшых братоў ды сястрычак). Але, можа, абітурыентцы мядзведзь на вуха наступіў? Толькі гэта чамусьці не перашкодзіла ёй скончыць школу мастацтваў на "дзевяткі", пастаўленыя, заўважым, не выкладчыкам, а, як і на ўсіх выпускных іспытах, спецыяльнай камісіяй. Пэўна, прыёмныя патрабаванні ў вучылішчы куды вышэйшыя за выпускныя ў школе? Можа, і так. Але для чаго тады кансультацыі? Будучая абітурыентка цягам года неаднойчы прыязджала на іх, робячы няблізкі шлях са сваёй вёскі ў абласны цэнтр. І калі ў педагогаў вучылішча былі да яе або да ейных настаўнікаў нейкія прафесійныя прэтэнзіі, іх трэба было выказваць менавіта тады, каб неяк зарыентаваць і саму дзяўчыну, і ўвесь выкладчыцкі склад школы. Ці не ў такім сумесным клопаце пра будучыя кадры і, у тым ліку, спецыялістаў на сяле павінна развівацца наша сістэма навучання?
Што ж, паставіць "двойку" і тым самым адмахнуцца ад усіх праблем- прасцей. Даслаць часовага спецыяліста - таксама. Але ж ці не з гэтых дробных праблем сярэдняга (і яшчэ раней - малодшага) звяна ўзрастаюць і больш значныя пытанні. У прыватнасці - развіцця культуры ў сельскай мясцовасці.
***
Пакуль жа - скажам упэўнена- падрыхтоўка спецыялістаў сусветнага ўзроўню, якія ўслаўляюць нашу краіну далёка за яе межамі, у нас наладжана і адладжана. Тут галоўнае - не страціць назапашаныя традыцыі, а падтрымаць іх і развіваць надалей. А вось са спецыялістамі, неабходнымі для развіцця сельскай культуры, пакуль бываюць пытанні. І тут патрабуецца не толькі дадатковае фінансаванне (маўляў, узніміце бібліятэкарам заработную плату - і ўсе кінуцца атрымліваць гэтую адукацыю, а потым будуць працаваць выключна па спецыяльнасці). Найперш - увага да кожнага лёсу і цеснае супрацоўніцтва навучальных устаноў з упраўленнямі і аддзеламі культуры, дзе добра ведаюць пра запатрабаванні ў кадрах.
Замест даведкі
У сярэднім конкурс па трох ВНУ склаў 2,3 чалавека на месца (летась - 2,7).
Самы вялікі - на "артыстаў тэатра і кіно" (Акадэмія мастацтваў): 10,3.
Самы нізкі - на бібліятэчныя спецыяльнасці (БДУКіМ): тут увогуле недабор.
Усяго ў трох ВНУ на бюджэтную форму навучання прыняты 1001 чалавек, з іх на дзённае аддзяленне - 698, на завочнае - 303:
у БДУКіМ - 661 чалавек (384 і 277 адпаведна),
у Акадэмію музыкі - 194 (завочная форма навучання тут адсутнічае);
у Акадэмію мастацтваў - 146 (120 і 26).
На платнае навучанне ў трох ВНУ прынята 932 чалавекі.