Каляровая сукенка “Варвары”

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Спрадвеку разнастайныя абрады суправаджалі жыццё чалавека, рэгламентавалі ягоны побыт. На Беларусі да сёння захоўваюцца і шануюцца некаторыя з іх, у тым ліку лакальныя, характэрныя для пэўнай мясцовасці і вузкага кола людзей. Апрача духоўнай каштоўнасці, многія такія абрады з’яўляюцца унікальнымі аб’ектамі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны.

 

Да прыкладу, пад ахову дзяржавы нядаўна быў узяты і такі абрад, як "Варвараўская свечка" з вёскі Б а с ц е н а в і ч ы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Гісторыя яго распачалася ў далёкім 1905 годзе.

 Па традыцыі, абрадавая свечка з года ў год пераходзіць з адной хаты да іншай, а паслядоўнасць яе перамяшчэння не парушаецца, нягледзячы на адносна невялікі склад удзельнікаў: усяго восем жанчын, большасць з якіх - ужо ў даволі паважным узросце. Цікава і тое, што унікальная свечка зроблена ў гонар святой пакутніцы Варвары, а таму гэтую сакральную традыцыю захоўваюць выключна жанчыны Басценавічаў.

Па словах за/i/content/pi/cult/282/4470/14-5.jpgгадчыка сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталлі Хвір, падобныя абрады сустракаюцца і ў іншых рэгіёнах нашай зямлі, у тым ліку тыя, чыімі захавальнікамі з'яўляюцца выключна мужчыны. Тым не менш, "Варвараўская свечка" заслугоўвае асобнай увагі.

Паводле звестак, атрыманых ад непасрэдных удзельнікаў, абрадавае дзейства распачынаецца ў вёсцы Басценавічы штогод у вызначаны час: 16 снежня а 18-й гадзіне. Гаспадыня, у якой цягам года захоўвалася свечка, выносіць яе і ставіць на стол, засланы белым абрусам. Побач з ім ставіцца ікона святой Варвары. Пасля малітвы кожная з удзельніц абраду пачынала выконваць дакладна вызначаную ролю. Адны займаліся адзеннем для "Варвары". Строй яе складаўся з трох частак: абавязковай белай "кашулі" (сподняй), каляровай "сукенкі", а ўсю кампазіцыю завяршаў шырокі пояс; галаву ахоўніцы павінен быў упрыгожыць рознакаляровы вянок-вянец. Іншыя ў гэты час разагравалі ў грубцы воск, набыты ў мясцовых пчаляроў, з чаго і ствараўся, а дакладней - абнаўляўся (абавязкова выкарыстоўваліся рэшткі "адзення" мінулагодняй свечкі), вясковы абярэг. Выява яго нагадвае сілуэт чалавека з узнятымі ўгару рукамі. І толькі гаспадыня хаты не прымала ўдзел у пераапрананні свечкі - яна магла даваць некаторыя парады, а ўвесь астатні час рыхтавалася да святочнага застолля.

Як толькі свечка была ўпрыгожана, распачыналася таямнічая дзея, пэўная кульмінацыя абраду: на стол выстаўляўся маток чырвонай стужкі, ад яе адразаліся роўныя кавалкі, а літаральна праз імгненне, загадваючы жаданне, кожная жанчына завязвала сваю стужку пад пояс "Варвары". На раніцу пасля святочнай вячэры ўдзельніцы абраду, па традыцыі, ехалі ў царкву, дзе асвячалі Варвараўскую свечку. І толькі пасля гэтага вясковы абярэг пераходзіў на год у хату да новай гаспадыні.

Увогуле ж, па словах Наталлі Хвір, сёння надзвычай актуальныя выяўленне і падрыхтоўка дасье для ўключэння падобных прыкладаў нематэрыяльнай спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, што паспрыяе захаванню народных традыцый. У прыватнасці, на пачатку мінулага года Міністэрства культуры правяло нарады са спецыялістамі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў рэспублікі, якія займаюцца гэтымі пытаннямі на месцах, і вызначылася з папярэднімі аб'ектамі, што могуць прэтэндаваць на статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.


 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"