“Нясвіж — малы Парыж...”

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Напэўна, ніхто так добра не ведае Нясвіжскі замак, усе яго куткі і куточкі, як рэстаўратар Сяргей ДРУШЧЫЦ навуковы кіраўнік навукова-даследчых і праектных работ, што праводзяцца зараз у Нясвіжскім гісторыка-культурным запаведніку: архітэктар шмат гадоў займаецца вывучэннем і рэстаўрацыяй старажытнага замка роду Радзівілаў і гістарычнай забудовы Нясвіжа. У хуткім часе аматары прыгожага змогуць пабачыць адрэстаўраваныя ўязную браму, прыбрамныя карпусы, дзве галерэі замка. Першы комплекс музея-запаведніка пачне функцыянаваць ужо ў наступным годзе.

 /i/content/pi/cult/118/447/Nyasvizh.jpg
— Гісторыя адраджэння родавага гнязда Радзівілаў,— пачынае расповед Сяргей Аляксандравіч, — распачалася ў другой палове ХІХ стагоддзя і працягвалася пасля. Былі складзены падрабязныя вопісы радзівілаўскіх архіваў, вопісы тэхнічнага стану будынкаў замкавага комплексу.
Калі вырашылася пытанне аб комплекснай рэстаўрацыі, спецыялісты былі ў значнай ступені падрыхтаваны да вялікай працы, бо ўжо быў вядомы шэраг архіўных, бібліяграфічных, іканаграфічных матэрыялаў. Збор інфармацыі не спыняецца. Нядаўна прайшла канферэнцыя, на якой была прынята праграма, падтрыманая ЮНЕСКО, па стварэнні ў электронным выглядзе “Радзівіліяны”. У ёй будуць сабраны ў лічбавым фармаце даныя аб багаццях, што захоўваюцца ў Беларусі і ў іншых краінах. Вядома, што каштоўнасці роду Радзівілаў знаходзяцца ў “Метраполітэнмузеі” ў Нью-Йорку, у Коблінцы ў Германіі, у музеях Польшчы, Літвы.Трэба адзначыць, што Нясвіжскаму замку пашанцавала: практычна адразу пасля пераходу радзівілаўскага гнязда пад нагляд дзяржавы ў замку размясціўся Дом адпачынку, а потым — санаторый былой лечкамісіі. Сюды накіроўваліся сродкі для падтрымкі збудавання, яго даху. У выніку тут у больш-менш добрым стане захаваліся памяшканні, асобныя інтэр’еры. Да нашага часу дайшлі ўзоры кафлі, якая была зроблена напрыканцы ХVІ стагоддзя і ўпрыгожвала радзівілаўскія пакоі, мастацкай лепкі, сталярных вырабаў, кавальства і шмат што яшчэ.
Паралельна з рэстаўрацыйнымі работамі мы ствараем ілюстраваны альбом, куды ўвойдуць старыя малюнкі, фота ранейшага выгляду замка, будзе адлюстраваны ход цяперашніх работ. У Радзівілаў працаваў прыдворны картограф Тамаш Макоўскі, знакаміты ва ўсім свеце, які стварыў у 1604 годзе карту Вялікага княства Літоўскага. Сярод сабраных намі матэрыялаў ёсць копія яго гравюры. Арыгінал прыйшоў да нас са Швецыі. Нам удалося знайсці старажытныя гарматы. На старых фота адлюстравана, дзе яны знаходзіліся. Мяркуецца, што гарматы будуць пастаўлены пасля рэстаўрацыі на валах, як гэта было пры Радзівілах.
— Што ўбачаць турысты ў Нясвіжскім замку пасля першага этапу рэстаўрацыі?
— Пасля заканчэння першага этапу рэстаўрацыі ў замку адкрыецца музей. Наведвальнікі ўбачаць адрэстаўраваныя бібліятэку, архіў, пакой, дзе знаходзіліся вайскоўцы і ахова, іншыя памяшканні і пабудовы. У замку размесціцца невялічкая кавярня з выхадам на адкрытую пляцоўку абарончых збудаванняў. Наша задача — зрабіць усё, каб культурна-асветніцкая работа музея, якая з’яўляецца галоўнай, спалучалася з дзейнасцю па атрыманні прыбытку. Як гэта робіцца, да прыкладу, у нашых суседзяў — у Літве, дзе выдатна прыстасавалі Тракайскі замак для турыстычных мэт. Сюды можна прыехаць з кампаніяй, спыніцца ў мясцовым гатэлі, цікава правесці час. Наведвальнікі Нясвіжскага музея атрымаюць магчымасць набыць рэпрадукцыі старажытных гравюр Тамаша Макоўскага, якія будуць на месцы друкавацца на добрай, прыгожай паперы з дапамогай сучаснай тэхнікі. Першы і другі паверхі замка стануць экспазіцыйнымі. У будучым адновіцца маленькая вартаўнічая вежа — яна называлася “кавалерыя” і дазваляла аглядаць усю навакольную тэрыторыю.
Дзякуючы старым фотаздымкам рэстаўратары адродзяць інтэр’ер замкавай бібліятэкі. Колішні санаторны насціл у памяшканні бібліятэкі знялі — адкрылася старадаўняя падлога. Яе трэба толькі трохі аднавіць, пачысціць, вярнуць сценам пакоя ранейшы выгляд, аздобіць памяшканне мэбляй.
— Рэстаўратарам, відаць, няпроста захаваць аўтэнтычнасць архітэктуры, канструкцый, інтэр’ераў...
— Мы імкнёмся захоўваць аўтэнтыку. Аднак даводзіцца ў асобных месцах ужываць сучасныя канструкцыі. Дапамагае ў працы тое, што замак будаваўся, як кажуць, на вякі. Метал у Радзівілаў вырабляўся свой, як і іншыя будаўнічыя матэрыялы. Кафлю выкарыстоўваем натуральную, яе фрагменты знойдзены ў вялікай колькасці, збіраем па кавалачках. Вывучаем і аналагі. Мы ведаем, што ў Радзівілаў былі замкі ў Біржы, Дубінках, Бяла-Падлясцы, Шыдлаўцы, — там таксама вырабляліся пэўныя рэчы і развівалася ўласная вытворчасць. Збіраем інфармацыю аб тым, што рабілася і ў тых месцах.Шмат каштоўнай інфармацыі нам даў так званы Нясвіжскі альбом, які захаваўся ў Кіеве. Пачатак будаўніцтва замка пазначаны 1583 годам. Менавіта ў гэты перыяд у Радзівілаў працаваў вядомы італьянскі архітэктарБернардоні. Знойдзеныя гістарычныя матэрыялы сведчаць, што Радзівілы ставілі свае ўмовы, запрашаючы да сябе здольных людзей. Захаваліся малюнкі палаца, камяніцы, планы таго часу, у тым ліку адлюстраванні завяршэнняў комінаў. Дапамагае ў адраджэнні замка і вывучэнне класічных трактатаў, дзе ёсць інфармацыя аб тым, як будаваліся ў тыя часы ў Еўропе фартэцыі, якія існавалі законы пабудовы. Скажам, ведаючы правілы залатых сячэнняў, тое, як выглядаў арыгінал, мы здольны аднавіць разбураныя аконныя праёмы.
— Некаторыя даследчыкі лічаць, што аўтарам архітэктурнага праекта Нясвіжскага замка акурат і быў Ян Марыя Бернардоні...
— Дакладна невядома, ці быў Бернардоні аўтарам праекта замка. Справа ў тым, што цяжка вызначыць “яго руку”. Да нас дайшлі толькі тэксты кантрактаў, дзе пазначаецца, якую працу Бернардоні выконваў. Вядома, што яго запрасіў Радзівіл Сіротка. Ёсць сапраўдныя дакументы, якія сведчаць аб праектаванні ім езуіцкага калегіума і касцёла. А вось сведчанняў, што ён праектаваў замак, няма. Аднак вядома, што амаль трынаццаць гадоў архітэктар знаходзіўся на службе ў Радзівіла. І ў гэты час будаваўся замак. Канешне ж, не прыняць удзелу ў яго пабудове Ян Марыя Бернардоні не мог.
— Якія адметныя будаўнічыя падзеі зафіксаваны ў вашым рабочым ілюстраваным альбоме? Якія знаходкі і адкрыцці?
— Паказаны мантаж вежы. Яна была сабрана з дзвюх частак і мае, як і належыць, меднае пакрыццё.Падзея адбылася ў 2005 годзе. Мы вядзем фотафіксацыю ўсіх праектных работ. Па заканчэнні рэстаўрацыі адбудзецца навуковая справаздача. Фота зафіксавалі працы, выкананыя пасля пажару. Варта адзначыць, што будаўнікі “Салігорскбуда” вельмі аператыўна накрылі дах.Для нас важна ў працэсе працы захаваць аўтэнтычныя канструкцыі. У ходзе рэстаўрацыі давялося сутыкнуцца з дзіўнымі рэчамі. Аказалася, што фундаменты закладзены ў большасці будынкаў вышэй за зону прамярзання. І мы вымушаны былі ўзмацніць іх.
Што датычыць капітальных будынкаў — палаца, камяніцы, арсенала, — там праблем няма. А вось малапавярховыя пабудовы, якія пасля выйшлі на тры паверхі, знаходзяцца ў аварыйным стане. Наша задача — захаваць будынкі ў тым выглядзе,які яны мелі. Давядзецца сёе-тое і перарабляць, хоць асноўная мэта рэстаўратараў — захаваць усе аўтэнтычныя ўзоры. Праўда, у зоне пажара давялося трохі адыйсці ад аўтэнтыкі, бо трэба было аператыўна распрацаваць і прымяніць новыя канструкцыі: яны тут заводскога вырабу.Зрэшты, методыка рэстаўрацыі заключаецца ў тым, што перш чым пачынаць археалагічныя даследаванні, увогуле дакранацца да будынка, мы павінны ведаць аб ім як мага больш. Тым не менш, нечаканай сталася знаходка калодзежа ў будынку камяніцы — у яго прадстаўнічай частцы. Сярод нядаўніх каштоўных здабыткаў можна адзначыць таксама знойдзены ствол стрэльбы, распаўсюджанай у Еўропе з ХVІ па ХVІІІ стагоддзі. Гэтая рэч увойдзе ў экспазіцыю. Знойдзена шмат старажытнай керамікі, манет, медальёнаў. Нам удалося таксама раскрыць падземны ход, які выводзіць з двара замка. Адшуканы цікавыя картаграфічныя матэрыялы. Мы маем малюнак Напалеона Орды. На ім мастак адлюстраваў Радзівілаўскі замак. Гэта, безумоўна, вельмі каштоўны малюнак, бо на ім пазначана частка замкавай тэрыторыі, якая не захавалася да нашага часу. На падставе факталагічнага матэрыялу мы зрабілі яе рэканструкцыю.
— На малюнку Орды замак выглядае вельмі прыгожым і велічным, амаль казачным...
— Нездарма казалі раней, што Нясвіж — гэта малы Парыж... У горадзе захавалася шмат помнікаў архітэктуры. Яны таксама рэстаўруюцца.
Адметны будынак — ратуша, пабудаваная ў ХVІ стагоддзі, для якой я рабіў праекты інтэр’ераў экспазіцыі.Тое, што Нясвіжскі замак — унікальны аб’ект — бясспрэчна. Эксперты ЮНЕСКО, якія ўключылі яго ў Спіс сусветнай спадчыны, разумеюць яго каштоўнасць. Падобныя замкі ў Еўропе існуюць, але такога комплексу, дзе б захавалася да нашага часу ўся структура, уся старажытная планіроўка, няшмат. У маленькай рацэ Уша, у ставах, у равах рэгуляваўся ўзровень вады ў залежнасці ад абставін. Горад і замак былі пабудаваны адначасова. Каля замка разбілі чатыры паркі, якія займаюць трыста гектараў. І ўсё гэта ёсць сёння!
— Чаму Радзівілы вырашылі менавіта тут пабудаваць замак і горад?
— Да Радзівілаў гэтыя землі перайшлі, калі яны парадніліся з родам Кішкаў. Месца было звязана з чатырма важнымі гандлёвымі накірункамі, адзін з іх вёў на поўнач — на Вільню, другі на захад — на Брэст. У той час гандаль меў вялікае значэнне. Тыя, хто прыязджаў з таварам у Нясвіж, плацілі ў мясцовую казну немалыя грошы. Падстава будаваць замак і горад менавіта тут была асаблівая. У гэты час Радзівілы ўжо валодаюць землямі ў Біржах, Шыдлаўцы, Бяла-Падлясцы, але яны выбіраюць месца для будаўніцтва свайго горада і замка менавіта на берагах Ушы. Першапачаткова тут было задумана закласці фартэцыю. Былі ўзведзены часткова земляныя, часткова каменныя збудаванні. Да нашага часу захаваўся бастыён, вежа каля касцёла, якая была ўездам у замак.
Радзівілы былі не толькі добрымі гаспадарамі, але і палітыкамі. Гістарычныя дакументы сведчаць: яны былі настолькі заможныя, мелі такі гонар, што не прызнавалі нават каралёў.Усё самае лепшае і перадавое Радзівілы імкнуліся ўкараніць у сябе. У Нясвіжы яны пабудавалі сваю Альбу. Сярод заможных магнатаў модным было запрашаць да сябе на службу спецыялістаў з Італіі, з Рыма, рабіць у сябе штосьці італьянскае. Альба — прыгарад Рыма, дзе месціліся вілы сенатараў, багатых людзей. У Нясвіжы таксама з’явілася Альба, дзе былі палацы, павільёны, вадаёмы, іншыя прыгожыя рэчы.План фартэцыі падобны на планы вядомых еўрапейскіх крэпасцяў. Схема бастыённай сістэмы была адна: яна да нас прыйшла з Галандыі, але нарадзілася ў Італіі. Крэпасці адрозніваюцца памерамі, формай, якую вельмі часта дыктаваў рэльеф мясцовасці. Напрыклад, у Беларусі большасць замкаў выкарыстоўвала штучныя збудаванні і натуральныя балоты. Калі ўзяць Лідскі замак, дык вакол яго знаходзілася балота, якое перашкаджала нападам. У выпадку, калі вораг усё-ткі нападаў, артылерыя камандавала “парадам”. І так абараняліся па ўсёй Еўропе.
— Калі распачалася аднаўленчая праца ў Нясвіжскім замку?
— У поўным маштабе яна распачалася ў 2004 годзе.
— А калі завершыцца рэстаўрацыя замка?
— Зараз вядзецца рэстаўрацыя палаца, камяніцы, арсенала, капліцы, стайні, фартыфікацый, паўднёвай і ўсходняй галерэй. Плануецца ўсё завяршыць да 2010 года. Пасля гэтага комплекс будзе перададзены Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. 


Наталля КІРПІЧЭНКАВА