Венера Сяргея Заранкі “Ажыццяўленне натуры” ў пластычнай рэчаіснасці

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Сяргей Заранка ўвайшоў у гісторыю рускага мастацтва як аўтар цудоўных партрэтаў сваіх сучаснікаў. У лепшых з іх глыбіня прачытання вобразаў спалучаецца з вельмі добрымі ведамі ўнутранай псіхалогіі мадэлі і надзвычайным майстэрствам валодання пэндзлем, якое было атрымана ў выніку добра засвоеных урокаў акадэмічнага жывапісу. Партрэты Заранкі і сёння ўражваюць надзвычай моцнай пластычнай “лепкай”, святланосным жывапісам і ілюзорным адлюстраваннем усіх атрыбутаў і аксесуараў, якія дапамагаюць максімальна раскрыць вонкавы выгляд мадэлі.

/i/content/pi/cult/282/4468/15-1.jpg

 А яшчэ раней "дапартрэтнага" перыяду, калі ён займаўся там жа, у Акадэміі мастацтваў у пейзажыста М.Вараб'ёва, навучыўся бліскуча адлюстроўваць інтэр'еры, якія і цяпер прыводзяць гледача ў захапленне фантастычным валоданнем перспектывай і чароўным зіхаценнем святла.

Да ўсяго, Заранка быў цудоўным гледачом і тэарэтыкам мастацтва, які ўнёс значны ўклад у фарміраванне маскоўскай школы жывапісу. Акрамя ўсяго іншага, ён як своеасаблівы і арыгінальны мысліцель пакінуў шэраг артыкулаў, нататкаў і "меркаванняў" па пытаннях тэорыі выяўленчага мастацтва і мастацкай педагогікі.

Нарадзіўся Сяргей Канстанцінавіч 6 верасня 1818 г. у мястэчку Ляды Бабінавіцкага павета Магілёўскай губерніі (цяпер - Дубровенскі раён Віцебскай вобласці). Бацька, прыгонны селянін, беларус, Канстанцін Нікіцін належыў са сваёй вялікай сям'ёй буйному памешчыку князю Любамірскаму. Ёсць версія, што азы малявання Сяргей атрымаў ці то ў вёсцы Сафронава Вышневалоцкага павета, ці то ў нейкага самадзейнага мастака- дыякана Траецкага падвор'я.

Так або інакш, у сярэдзіне 1820-х гг. Нікіціны вызваліліся ад прыгоннай няволі і перабраліся ў Пецярбург. "Вольнаадпушчаны" Канстанцін Нікіцін паступіў на службу ў дом князя А.М. Галіцына- начальніка Паштовага дэпартамента, у недалёкім мінулым міністра народнай асветы і духоўных спраў. Менавіта з дапамогай гэтага князя Сяргей Нікіцін стаў вучнем Трэцяй Пецярбургскай гімназіі і правучыўся там амаль тры гады.

У 1832 г. у дакументах упершыню згадваецца прозвішча Заранка. Але ніякіх даных пра яго паходжанне я не знайшоў. Праўда, дзесьці прачытаў, што прозвішча Заранка паходзіла ад беларускай назвы планеты Венера, якая з'яўляецца на небе да ўсходу сонца. Такое імя давалі чалавеку, што ўставаў на досвітку, каб сустрэць новы дзень і набрацца сіл для "трудов праведных". Значыць, гэты чалавек лічыўся старанным, руплівым і працавітым. Так гэта або не - не ведаю, але версія - цудоўная. Вядома толькі, што бацька Канстанцін Нікіцін дзвюма гадамі раней значыўся ўжо як "выбаргскі мешчанін". У 1833 г. памерла маці Сержука, і бацька неўзабаве ажаніўся другі раз. Потым выехаў на Смаленшчыну, а васьмярых дзяцей часова пакінуў пад наглядам старэйшага сына - Сяргея. Дарэчы, два яго малодшыя сыны, Мікалай і Васіль, таксама сталі мастакамі, выхаванцамі Акадэміі мастацтваў, а трэці, Юзік, пачынаў як архітэктар. На жаль, усе яны памерлі яшчэ ў маладосці, і ў гісторыі мастацтва згадваюцца толькі як браты Сяргея Заранкі.

Першым прафесійным настаўнікам будучага жывапісца быў вучань Аляксея Венецыянава - нехта В.М. Аўрорын. Сам жа "добры акадэмік" Венецыянаў, пабачыўшы творчыя здольнасці Сержука яшчэ пад час яго вучобы ў гімназіі, дапамог яму паступіць у рысавальны клас Акадэміі мастацтваў і "правільна паставіў яго на шлях мастацтва" (з рукапісу "Запіскі пра рысаванне" малодшага брата Сяргея - Мікалая). Адначасова, з 1834 г., Заранка наведваў акадэмічную майстэрню пейзажыста М.Н. Вараб'ёва, дзе зацікавіўся так званым "перспектыўным жывапісам".

Першай работай мастака, якая выклікала цікавасць да яго творчасці, стала кампазіцыя "Зала Вучылішча правазнаўства з групамі настаўнікаў і выхаванцаў"/i/content/pi/cult/282/4468/15-2.jpg (пачатак 1840-х гг.). Раскошная па асвятленні бакавым святлом, якое ліецца з вокнаў і расчыненай дзверы, па любоўным вывучэнні натуры, па выдатна намаляванай перспектыве залы, па пластычнай завершанасці, натуральнай свабодзе руху фігур, - гэтая шматфігурная партрэтнаінтэр'ерная карціна 22-гадовага мастака і сёння добра глядзіцца ў Рускім музеі. Прынамсі, калі я быў студэнтам, дык, гуляючы па музеі, заўсёды затрымліваўся перад гэтым творам.

У 1848 г. на чарговай акадэмічнай выстаўцы з'явіўся "Унутраны выгляд Петрапаўлаўскай царквы". Тады ж мастак намаляваў значную па памерах "праграмную работу" Акадэміі пад назвай "Выгляд унутранасці Марскога Нікольскага сабора", дзе асабліва ўважліва, дакладна перадаў прадметы ўбрання і начыння. Пасля завяршэння гэтага палатна Заранка стаў дрэнна бачыць. Забягаючы наперад, скажу, што ў апошняе дзесяцігоддзе жыцця мастак быў цалкам сляпы на адно вока.

Аднак праца над "інтэр'ернымі" карцінамі дарма не прапала. У гісторыю рускага жывапісу ўвайшлі такія творы Заранкі, як "Выгляд тэрасы ў маскоўскім Крамлі з сям'ёй Уладзіславава", "Унутраны выгляд Траецкага сабора Сергіеўскай лаўры", "Унутраны выгляд пакоя золатапрамыслоўца Латкіна з партрэтамі яго сям'і", "Зала ў доме Аляксандра ІІ у Царскім Сяле", "Тронны зал Зімняга палаца" ды іншыя. Усе гэтыя інтэр'еры, арыгінальныя "ўнутранасці" палацаў і цэркваў, мастак будзе маляваць і пазней, у 1850 - 60-я гады, але гэта будзе ўжо больш "хобі", бо галоўнае месца ў ягонай творчасці зойме жанр партрэта.

 ...А пакуль, пасля таго, як Заранка скончыў праграмную карціну "Выгляд унутранасці Марскога Нікольскага сабора", ён звярнуўся ў Акадэмію мастацтваў з просьбай выдаць твор яму, каб потым яго прадаць і атрымаць такім чынам "способы для принятия новых занятий по часам художеств".

Акадэмія карціну як сваю ўласнасць, канешне ж, аўтару не вярнула, але прызначыла яму дапамогу ў памеры 300 рублёў з "суммы, назначенной на ободрение художников".

Напрыканцы 1840-х гадоў жанр "унутраных выглядаў" перастаў задавальняць мастака- яго душа ўсё больш імкнулася да "жывой мадэлі", да людзей, і цікавасць да "перспектыўнага" жывапісу паступова адыходзіла на другі план. Можна лічыць, што 1850-ы канчаткова вызначыў яго імкненне да партрэта. Менавіта ў гэтым годзе з'яўленне на выстаўцы партрэтаў пэндзля Заранкі выклікала ў грамадстве вельмі станоўчыя эмоцыі. У адной з рэцэнзій адзначалася: "Да гэтага часу мы не чулі пра Заранку, і знянацку ён выстаўкай двух партрэтаў засяродзіў на сабе ўвагу ўсёй сталіцы і прымусіў гаварыць пра сябе... Я кажу рашуча і сцвярджальна, што Заранка - геній, што лепшых партрэтаў не было з часу ўзнікнення партрэтнага жывапісу (з партрэтамі Ван Дэйка ўключна) і быць не можа, таму што творы Заранкі- дасканалыя, у поўным значэнні гэтага слова".

Партрэты мастака характарызава/i/content/pi/cult/282/4468/15-3.jpgліся як "ажыўленыя натуры", адзначалі, што аўтар "даказаў" прадстаўленнем жывой натуры: натура вышэй за ўсялякае мастацтва, і што ён "стварыў зусім новы род партрэтнага жывапісу, які можна назваць пластычнай рэчаіснасцю. Партрэты Заранкі жывуць і дыхаюць. Ён надае надзвычайную выразнасць вачам".

Маючы за плячыма пэўныя ўзнагароды, у тым ліку Малы залаты і Вялікі сярэбраны медалі, званне "некласнага мастака" і акадэміка, Заранка ў 1850 г. хадайнічае перад Акадэміяй мастацтваў аб прысваенні яму звання прафесара гістарычнага жывапісу. І тады Вучоны савет Акадэміі, ідучы насустрач свайму выхаванцу, даручае яму выкананне праграмнай карціны "Смерць святога Паўла Фівейскага" (з фігурамі ў рост чалавека!). Заранка гэтага задання не выканаў, але прафесійнае званне ўсё ж атрымаў - за партрэты ротмістра Д.Хвастова і мастака Ф.П. Талстога.

У 1843 г. Сяргей Канстанцінавіч спачатку пераязджае ў Маскву, дзе працуе настаўнікам малявання ў Аляксандраўскім сіроцкім інстытуце і ў Палацавым архітэктурным вучылішчы. Потым ён зноў - у Пецярбургу. Тут выкладае маляванне ў Ваеннай навучальнай установе (з 1851 г. - Канстанцінаўскі кадэцкі корпус). Хачу асабліва падкрэсліць, што ў Пецярбургу мастак пражыў 10 гадоў і за гэты час намаляваў свае лепшыя партрэты, якія і ўвайшлі ў "залаты фонд" рускага партрэтнага жывапісу сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Затое ў Маскве ён праславіўся як выдатны педагог, але аб гэтым - далей.

...Раннім партрэтам Заранкі канца 1840-х гадоў уласціва інтымная трактоўка вобразаў, характэрная для школы Аляксея Венецыянава: "Партрэт калекцыянера Ф.Пранішнікава" (у крэсле), "Партрэт опернага спевака А.Пятрова", "Партрэт генерала П.Ламноўскага", "Партрэт А.Венецыянава". А самым раннім з партрэтнай сюіты Заранкі лічу малавядомы, крыху салонны, авальны партрэт паэта М.Лермантава ў афіцэрскай форме, які я ўпершыню ўбачыў у 60-я гады ХХ стагоддзя у Пушкінскім Доме (Інстытут рускай літаратуры) у Ленінградзе. Намаляваны ён быў, відаць, ужо пасля гібелі "героя свайго часу" - Міхаіла Юр'евіча. Дзіўна, што гэтая выява практычна нідзе ў біяграфіях Заранка не згадваецца...

Усе дадзеныя партрэты былі, галоўным чынам, заказныя, як праві/i/content/pi/cult/282/4468/15-4.jpgла, статычныя: увага мастака накіроўвалася не толькі на дакладнае ўзнаўленне вонкавага выгляду мадэлі, але і на яе псіхалагічны стан. Ён перадаваў выяву з максімальным падабенствам з натурай. Дадайце сюды моцную пластычную "лепку", цудоўную перадачу асвятлення, дакладную распрацоўку дэталей - і вы атрымаеце найтанчэйшае "фатаграфічнае" ўзнаўленне аблічча.

Хаця я не прыхільнік доўгага, "каталожнага", пералічэння ў артыкулах назваў работ мастакоў, тут без гэтага не магу абысціся: для апісання творчасці Заранкі гэта неабходна. Вось, мабыць, самыя найлепшыя партрэты майстра: выявы графа А.Закрэўскага, князя С.Галіцына, графа П.Шувалава, графа В.Адлерберга, статс-сакратара, саноўніка А.Танеева, ротмістра П.Папова, пецярбургскага "гарадскога галавы" І.Леснікова і ягонай жонкі А.Лесніковай, генерал-ад'ютанта Ф.Літке, гравёра прафесара Ф.Іардана і ягонай жонкі А.Іардан-Пушчынай, генерал-лейтэнанта Я.Растоўцава, княгіні М.Сталыпінай-Трубяцкой, "Невядомай" (відаць, другой жонкі Ф.П. Талстога- А.І. Талстой-Івановай), Вані (Івана Хрыстафоравіча Лазарава). Дарэчы, гэтага "Ваню" таксама маляваў Іван Айвазоўскі (!): хлопчык у белай сарочцы - на фоне блакітнага неба. Асабліва хачу адзначыць цудоўны партрэт графа Сяргея Строганава, удзельніка Айчыннай вайны 1812 года, руска-турэцкай вайны канца 1820-х гадоў і Крымскай кампаніі 1855 года. У пачатку 1830-х ён быў генерал-губернатарам Мінска...

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"