Балет на пленэры

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Заўтра балетная трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь выязджае ў Італію. У межах буйнога фестывалю мастацтваў на Сіцыліі, у горадзе Таарміна, нашы артысты пакажуць два спектаклі: “Спартак” і “Жызэль”.

/i/content/pi/cult/282/4465/3-4.jpg

- Спецыяльна для гэтай паездкі,- распавёў мастацкі кіраўнік балета, народны артыст Беларусі Юрый Траян, - трупа была выклікана з адпачынку. Увесь тыдзень ішлі рэпетыцыі. Бо любыя гастролі, нават з добра адладжанымі спектаклямі, якія складаюць аснову рэпертуару,- гэта заўсёды крок у невядомае.

- На фестываль "Таарміна арт" тэатр едзе ўпершыню. Але салісты гастралявалі ў Італіі неаднойчы. У свой час вы таксама выступалі там разам з нязменнай партнёркай, народнай артысткай краіны Людмілай Бржазоўскай...

- Гэта была вялізная канцэртная праграма, прымеркаваная да закрыцця кінафестывалю. Мы танцавалі на сцэне Рымскай оперы, паказвалі фрагменты з двух балетаў - сучаснага ("Стварэнне свету") і з класікі ("Спячая прыгажуня"). А ўночы бегалі па Рыме, каб паспець хоць штосьці пабачыць. Італію можна вывучаць да бясконцасці! Таму вельмі спадзяюся, што мы не толькі пакажам там сваё майстэрства, але і замацуем кантакты.

- Ды ўсё ж спачатку, як я разумею, было знаёмства італьянскага імпрэсарыо з нашай трупай?

- Паўгода таму ён наведаў наш тэатр, паглядзеў балет "Спартак" і быў вельмі ўзрушаны спектаклем. Балет Арама Хачатурана ўвасабляўся ў харэаграфіі па-рознаму. Тым больш прыемна, што ўсе заўсёды сведчаць пра адметнасць нашай пастаноўкі і высокі прафесіяналізм нашай трупы, бо "Спартак" патрабуе не толькі яркіх салістаў, але і добра падрыхтаванага кардэбалета, асабліва - мужчынскага. А ў другой дзеі "Жызэлі", наадварот, ёсць магчымасць напоўніцу прадэманстраваць лепшыя якасці жаночай часткі трупы: тут усё павінна быць абсалютна ідэальна, іначай рамантычна-містычны "свет ценяў", куды трапляе гераіня, страціць свой сэнс.

- Не бянтэжыць, што артыстам давядзецца выступаць на адкрытым паветры?

 - Ці ж гэта ўпершыню? Да таго ж, тое не проста нейкая часовая сцэна, а сапраўдны тэатр пад адкрытым небам - так званы грэкарымскі "Тэатр Антычнасці". Дый сам фестываль у Таарміна існуе ўжо роўна 25 гадоў: ён праводзіцца з 1985-га. У яго праграме, як нам паведамілі, - не толькі балеты, але і іншыя спектаклі, як музычныя, так і драматычныя, а таксама разнастайныя канцэртныя праграмы і нават кінамастацтва, паказ якога ўтварае "фестываль у фестывалі"...

 На здымку: сцэна з балета "Жызэль".