І кніжныя рарытэты

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

На пачатку верасня Беларусь прыме ўдзел у Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Упершыню наша краіна стане Ганаровым госцем гэтага форуму.

Як адзначыла вядучы спецыяліст упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Шыцік, у рамках экспазіцыі Рэспублікі Беларусь, якая размесціцца на выставачнай плошчы ў 320 квадратных метраў, нашу краіну лепшымі ўзорамі сваёй прадукцыі прадставяць больш за 40 вядучых выдавецтваў, паліграфічных прадпрыемстваў, а таксама Нацыянальная кніжная палата Беларусі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны інстытут адукацыі.

Па словах Алены Шыцік, айчынная экспазіцыя будзе складацца з такіх тэматычных частак, як "Вучэбная кніга", "Дзіцячая кніга", "Літаратурна-мастацкія выданні", "65-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца...", "Энцыклапедычная і даведачная літаратура", "Родная Беларусь", дзе будуць прадстаўлены матэрыялы краязнаўчай і турыстычнай скіраванасці, а таксама "Духоўна-асветніцкія выданні". Плануюцца таксама прэзентацыі выдавецкіх праектаў Саюзнай дзяржавы, кніг па тэме Чарнобыльскай трагедыі. А сапраўднымі "разыначкамі" ўсяго форуму стануць выданні- лаўрэаты Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў "Мастацтва кнігі". Да таго ж, асобная частка нашай экспазіцыі будзе прысвечана тэме "Кніжная культура Беларусі: мінулае і сучаснае" - на ёй будзе дэманстравацца калекцыя рарытэтаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Цэнтральнымі мерапрыемствамі форуму стане правядзенне 2 верасня Дня Рэспублікі Беларусь з прэзентацыяй нашай Нацыянальнай экспазіцыі, якая пройдзе на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы кніжнай выстаўкі-кірмашу з удзелам беларускіх творчых калектываў. У гэты дзень адбудзецца і брыфінг міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алега Праляскоўскага, прысвечаны тэме "Выдавецка-паліграфічны комплекс Рэспублікі Беларусь: перспектывы развіцця", а таксама падпісанне пагаднення аб інфармацыйным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі і Расійскай кніжнай палатай.

Шэраг мерапрыемстваў праграмы форуму пройдзе па-за межамі выставачнага павільёна: "круглыя сталы" адбудуцца ў рэдакцыях "Литературной газеты" і часопіса "Наш современник". Таксама запланавана ўскладанне кветак да помніка Янку Купалу.