Больш за 60 новых выданняў дзіцячай, мастацкай, навукова-папулярнай літаратуры і кніг па мастацтве атрымала бібліятэка пасёлка Ждановічы ў межах акцыі.
Па словах міністра культуры Паўла Латушкі, які браў удзел ва ўрачыстай перадачы кніг, ждановіцкая ўстанова з'яўляецца добрым прыкладам таго, як дзяржава ставіцца да сельскіх жыхароў. Сапраўды, бібліятэка выглядае па-сталічнаму: тут нядаўна прайшоў рамонт, набылі новую мэблю. Міністр выказаў спадзяванне, што падарунак павялічыць зацікаўленасць чытачоў.
У пасёлку жыве 7900 чалавек, і прыкладна 1800 з іх з'яўляюцца наведвальнікамі ўстановы.
Як паведаміў намеснік старшыні Мінскага райвыканкама па ідэалагічнай працы і сацыяльнай сферы Сяргей Шаблыка, раён не фінансуецца дзяржавай - ён зарабляе на свае патрэбы сам. Падтрымка бібліятэкі - адна з шэрагу акцый, якія будуць накіраваны на развіццё культуры прысталічнага рэгіёна. І неабходна паклапаціцца, на думку Сяргея Шаблыкі, не толькі пра ўстановы культуры, але і іншых галін, а таксама пра культуру стаўлення да акаляючага асяроддзя, стасункаў паміж людзьмі.