Маладыя класікі

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Прэзідэнцкі аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна распачаў тыднёвы гастрольны тур у Польшчу і Германію.

/i/content/pi/cult/282/4459/2-2.jpg

Учора ўвечары малады, але ўжо знаны калектыў рушыў у Польшчу. І ўжо сёння дасць першы канцэрт у горадзе Вісерава. Заўтра - ажно два выступленні: у Гданьску і Гдыні. Наступны музычны прыпынак - у Слупску, пасля чаго аркестр паедзе ў Берлін, для ўдзелу ў фестывалі "Маладая еўрапейская класіка". А на зваротным шляху правядзе яшчэ адзін сольны вечар - у Гожуве-Вялікапольскім.

Сцэны, на якіх будуць выступаць нашы музыканты, - самыя разнастайныя: гэта і канцэртныя залы, і пляцоўкі на адкрытым паветры... Праграма падрыхтавана таксама размаітая. Польскія слухачы, вядома, пачуюць музыку Фрыдэрыка Шапэна. Нямецкія - Роберта Шумана, бо сёлета, нагадаем, увесь культурны свет адзначаў 200-годдзе з дня нараджэння гэтых двух геніяў. Дарэчы, у шуманаўскім Фартэпіянным канцэрце саліраваць будзе нядаўні зорны выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Пятроў. Упрыгожаць канцэрты і шматлікія вакальныя нумары. Прычым усе - у выкананні пераможцы праекта "Маладыя галасы Беларусі", лаўрэата міжнародных конкурсаў Анатоля Сіўко.

Замежная публіка і знаўцы змогуць ацаніць не толькі выканальніцкае майстэрства нашых музыкантаў розных спецыяльнасцей, але і лепшыя здабыткі нацыянальнай кампазітарскай школы, бо ў кожным з канцэртаў будзе па некалькі яркіх, адметных беларускіх сімфанічных твораў, найперш - Яўгена Глебава. Віктар Бабарыкін не абмежаваўся знакамітым Адажыо з балета "Маленькі прынц", а звярнуўся таксама да іншых яго партытур, выбітных паводле кампазітарскай задумы і - асабліва - аркестроўкі. У Берліне, да прыкладу, прагучыць цыкл харэаграфічных навел кампазітара, самай папулярнай з якіх з'яўляецца, бадай, па-заліхвацку жартоўная мініяцюра "Мушкецёры". Асабліва прыемна, што ў сольны вечар аркестра на фестывалі "Маладая еўрапейская класіка" ўключаны і адзін з новых беларускіх твораў, складаны па драматургічнай канцэпцыі і выканальніцкіх задачах, - Канцэрт для аркестра "Allegresse" Галіны Гарэлавай.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"