Наперадзе — “Скарбы…”

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Канцэрты Грамадска-культурнай акцыі “Беларусь — гэта мы!” пасля невялікага перапынку зноў будуць збіраць гледачоў па ўсёй краіне.

 

18 жніўня ў Хоцімск Магілёўскай вобласці завітае Тэатр песні Ірыны Дарафеевай, а праз 10 дзён у Салігорску выступіць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева. Шэраг канцэртаў пройдзе і ў першы асенні месяц. Пра гэта паведамляе Міністэрства культуры краіны.

Багатай на выступленні будзе Мінская вобласць: тут у рамках гастрольнага тура выступяць Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская - 9 верасня ў Слуцку, 10-га ў Старых Дарогах - Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры", а 17-га ў Нясвіжы - Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі". Напярэдадні Дня беларускага пісьменства 5 верасня ў Хойніках парадуе жыхароў горада ансамбль "Сябры". А 15 верасня актэт балалаечнікаў "Віцебскія віртуозы" Віцебскай абласной філармоніі наведае Оршу. Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі пакажа сваё майстэрства ў Ганцавічах 24 верасня.

У гэтым жа месяцы жыхары сталіцы і абласных цэнтраў пабачаць доўгачаканую маштабную Рэспубліканскую выстаўку сучаснага выяўленчага мастацтва, якая адбудзецца ў межах другога этапа акцыі, што мае назву "Скарбы беларускай зямлі".