Браслаўскі патэнцыял турызму

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

6 жніўня адбылася рабочая паездка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Віцебскую вобласць.

 

У першай частцы рабочага дня Кіраўнік дзяржавы надаў увагу пытанням павышэння эфектыўнасці вядзення сельскай гаспадаркі. Таксама Прэзідэнт быў праінфармаваны аб ходзе ўборачнай кампаніі.

Другім аб'ектам, які наведаў Беларускі Лідэр пад час паездкі, стала база адпачынку "Дрывяты" Нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры". Прэзідэнт азнаёміўся з яе інфраструктурай і арганізацыяй працы. Уведзеная ў эксплуатацыю ў 1998 годзе, база адпачынку займае плошчу 3,8 га, дзе размясціліся тры спальныя карпусы амаль на 100 месцаў, рэстаран, банкетная зала, руская лазня, культурна-аздараўленчы цэнтр і іншыя аб'екты інфраструктуры.

Як далажыў Аляксандру Лукашэнку губернатар Віцебскай вобласці Аляксандр Косінец, плануецца актыўна развіваць магчымасці для адпачынку як на Браслаўскіх азёрах, так і ў вобласці ў цэлым. Ужо цяпер на Віцебшчыне дзейнічае амаль 300 аграсядзіб, і ў бліжэйшы час прадугледжваецца павялічыць іх колькасць да 500. У развіццё турыстычнай інфраструктуры акрамя дзяржаўных сродкаў актыўна прыцягваецца інвестарскі капітал. На думку Прэзідэнта, вырашэнне праблемы дарог створыць дадатковыя магчымасці, у тым ліку і для прыцягнення інвестараў. У рэгіёне Браслаўскіх азёр плануецца развіваць сетку дарог, якія звяжуць паміж сабой азёры.

 Пасля Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з адпачываючымі на "Дрывятах", сярод якіх было нямала расіян, у тым ліку - жыхароў Масквы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі заўжды цёпла прымаюць гасцей з Расіі.

Прэзідэнт адзначыў, што ў стварэнні аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры на Браслаўскіх азёрах мог бы прыняць удзел расійскі капітал, і пасля сюды змаглі б прыехаць на адпачынак яшчэ больш расіян.

Адна з адпачываючых на "Дрывятах" масквічак падзякавала Аляксандру Лукашэнку за тое, што ў Беларусі з вялікай увагай ставяцца да захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Яна адзначыла наяўнасць вялікай колькасці помнікаў і мемарыялаў, якія даглядаюць і падтрымліваюць у добрым стане. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, прынята рашэнне аб узвядзенні новага сучаснага будынка ў Мінску для Музея Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку для захавання памяці пра падзеі тых гадоў.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь