Новы этап развіцця культуры і мастацтва

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня прыняў з дакладам міністра культуры краіны Паўла Латушку.

 

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны аб выніках работы Міністэрства культуры з чэрвеня 2009 года - часу прызначэння Паўла Латушкі на пасаду міністра.

Аляксандр Лукашэнка даручыў актывізаваць работу па прыняцці ў бліжэйшы час Дзяржаўнай праграмы развіцця культуры Беларусі на 2011 - 2015 гады, што прадугледжвае інавацыйны падыход ва ўдасканальванні гэтай сферы. Паводле слоў Паўла Латушкі, гэтая праграма створыць дадатковыя магчымасці для новага этапа развіцця культуры і мастацтва Беларусі ў бліжэйшай пяцігодцы.

 Прэзідэнт праінфармаваны аб перспектывах далейшага развіцця сферы эстрады і кінамастацтва Беларусі. У бліжэйшы час плануецца правесці нараду на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы з удзелам прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, дзеячаў культуры, кінамастацтва і дэталёва прааналізаваць стан і перспектывы развіцця кінамастацтва Беларусі.

На сустрэчы размова ішла таксама аб рабоце ВНУ сферы культуры. Беларускі Лідэр даручыў па выніках іх праверкі актывізаваць работу па павышэнні ў іх узроўню навучальнага працэсу. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў некалькі прапаноў Міністэрства культуры, у прыватнасці - аб стварэнні сістэмы нацыянальных прэферэнцый для развіцця айчынных культуры і мастацтва. Прапануецца стварыць больш ільготныя нормы падаткаабкладання ў беларускім заканадаўстве, якія далі б магчымасць прыцягваць больш пазабюджэтных сродкаў для развіцця сферы культуры і мастацтва.

Аляксандр Лукашэнка адобрыў ініцыятыву аб стварэнні пры Урадзе грамадскага савета па развіцці культуры і мастацтва, у склад якога ўвойдуць як усім вядомыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі, так і прадстаўнікі таленавітай моладзі.

Кіраўнік дзяржавы таксама падтрымаў прапанову аб заснаванні нацыянальнай тэатральнай прэміі. На думку Паўла Латушкі, гэта створыць дадатковыя магчымасці для стымулявання развіцця тэатральнага мастацтва ў Беларусі.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь