У стылі “Felicita”

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Мінскі маладзёжны фольк-гурт “Славянскі стыль”, які складаецца са студэнтаў і выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, стаў лаўрэатам II Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Felicita” ў Італіі. Артысты атрымалі таксама спецыяльны дыплом журы “За арыгінальнае ўвасабленне нацыянальнай культуры”.

/i/content/pi/cult/281/4452/pic_19.jpgКалектыў з амаль пяцігадовай гісторыяй выконвае стылізаваны фальклор у сучаснай апрацоўцы. "Мы паставілі за мэту стварыць музыку, зразумелую для моладзі і цікавую сталаму пакаленню, прычым аснову яе складае традыцыйная культура беларусаў", - кажа лідэр ансамбля Мікіта Рубацкі. У склад "Славянскага стылю" ўваходзяць Кацярына Дуднічэнка, Настасся Шык і Дар'я Шыдлоўская. Выконваючы творы народнай спадчыны з захаваннем традыцыйных прыёмаў народнага вакалу, яны здзіўляюць кантамінацыяй танцавальных рытмаў і гукаў беларускіх інструментаў. Нечаканымі для аўдыторыі падаюцца яркія касцюмы і рухавыя маладзёжныя танцы ў выкананні артыстаў і запрошаных да ўдзелу танцавальных пар.

Нягледзячы на такі нязвыклы мікс, музыканты і выканаўцы робяць творы, што нязменна ўражваюць. Разам яны яшчэ з часоў навучання ў сталічнай сярэдняй школе № 89, што адной з першых далучылася да праграмы "Этнашкола". Там юных творцаў навучылі з павагай ставіцца да фальклору, які яны ўсяляк імкнуцца папулярызаваць. Дарэчы, маладыя людзі шмат гадоў выступалі ў складзе Заслужанага ансамбля народнай песні "Церніца". Пасля Мікіта навучаўся ў Мінскім музычным вучылішчы імя М.Глінкі па класе цымбалаў, а потым паступіў у БДУКіМ на факультэт музычнага мастацтва (спецыяльнасць "Харавое дырыжыраванне"). Цікавае гучанне "Славянскаму стылю" дапамагае набыць аранжыроўшчык - дзі-джэй адной са сталічных радыёстанцый Міхаіл Красінскі.

Калектыў заняў І месца на народным шоу "Крутыя рабяты" на тэлеканале СТБ, атрымаў дыплом фіналіста Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу музычных калектываў "Песні маёй краіны", перамог на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе калектываў мастацкай творчасці прадпрыемстваў і клубных устаноў.

"Славянскі стыль" сёння мае намер ствараць новыя песні, удасканальваць майстэрства і выступаць для самай рознай аўдыторыі. Праўда, публіка пакуль не надта прызвычаілася да такой музыкі: гэта не фальклор у чыстым выглядзе. Між іншым, арганізатары конкурсаў і фестываляў часам не могуць вызначыць намінацыю, у якой групе выступаць. Тым не менш, італьянцы былі ў захапленні ад шоу беларусаў, назваўшы яго "істотным крокам наперад".