Фотагенічнасць… памяці

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

У азначэннях фотаздымкаў Вольгі САВІЧ звычайна выкарыстоўваюць тэрмін “нефармат”. А яшчэ — канцэптуальнае фота: арт-фатаграфія, “фатаграфія ўяўлення”. Адметныя праекты гэтай маладой фотамастачкі, выпускніцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, заклікаюць паставіцца да здымка не як да “праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці”, а як да інструмента, сродку, які стварае пэўную рэальнасць. Перад намі бадай экспрэсіянізм або нават імпрэсіянізм — з той толькі розніцай, што мастак выкарыстоўвае фотаплёнку, а не фарбы ды палатно.

/i/content/pi/cult/281/4451/pic_17.jpg

Некалькі тыдняў таму персанальная выстаўка Вольгі Савіч у французскім горадзе Арль была з цікавасцю ўспрынята тамтэйшай публікай. І гаворка - не пра шараговы візіт наведвальнікаў, а сапраўдны інтарэс да беларускай фатаграфіі. Адзначым, што імпрэза адбылася пры дзейснай падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны, Пасольства Французскай Рэспублікі ў Беларусі і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі. Чым прыйшоўся даспадобы замежнай публіцы праект беларускай творцы? Ці здольнае айчыннае фота скарыць фатаграфічны свет Францыі? У інтэрв'ю карэспандэнту "К" фатограф па прызванні і культуролаг па адукацыі Вольга Савіч падзялілася сваімі ўражаннямі ад паездкі.

"Калі вы фатограф - наведайце Арль"

- Вольга, маё першае пытанне будзе заканамерным: як табе, маладому фатографу, удалося зладзіць выстаўку ў Арле - горадзе, вядомым сваёй высокай фатаграфічнай культурай?

- Арль - гэта, можна сказаць, сталіца французскай фатаграфіі. Там знаходзіцца музей, які першым стаў збіраць фотаздымкі як творы мастацтва. Вядомая і так званая арльская школа фатаграфіі, што вылучаецца высокім узроўнем. Ладзіцца ў горадзе і знакаміты фотафестываль "Сустрэчы ў Арлі", які сёлета будзе праходзіць ужо 41 раз.

- Сорак першы? Уражвае!

- Так. Арль багаты на галерэі, выставачныя залы. Пад час фестывалю адбываецца больш за 60 афіцыйных выставак і яшчэ столькі ж неафіцыйных. У ліпені і жніўні (гэта час правядзення форуму) горад ператвараецца ў вялікую пляцоўку для фатаграфіі. Яна - паўсюль: у кавярнях, старых фабрычных памяшканнях, натуральна, у галерэях і выставачных залах ды проста на вуліцах. Сапраўдная раскоша для прыхільнікаў! Што да твайго пытання, трапіла я ў Арль самым звычайным чынам: летась падарожнічала аўтастопам па Францыі, і людзі, якія мяне падвозілі, падказалі месца. "Калі вы фатограф, вам трэба абавязкова наведаць Арль", - такой была іх парада. Я паслухалася і прыехала.

- Думка выставіцца з'явілася адразу ж па прыездзе туды?

- Так. Ды ўсё ж першае, што мне давялося зрабіць, - гэта, нарэшце, стварыць сваё партфоліо. Толькі трапіўшы ў Францыю, зразумела: фатограф заўжды мусіць быць гатовы да таго, каб прэзентаваць свае работы. Таму можна сказаць, што маё партфоліо нарадзілася ў Францыі. Потым ужо я пайшла з ім па галерэях - вось і ўвесь механізм "прасоўвання". Хадзіла, раілася, - і адна галерэя адгукнулася, прапанаваўшы зладзіць выстаўку. У "Атэлье Архіпел" экспануюцца сучасныя мастакі з усяго свету, і для мяне прадставіць свае работы ў ім - вельмі пачэсна. Расклад экспазіцый ужо быў зроблены на год наперад, ды гаспадар галерэі прапанаваў мне пэўны час, і выстаўка, урэшце, адбылася.

- Самае цікавае, што, акрамя прэстыжнай пляцоўкі, табе ўдалося знайсці падтрымку праекта ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

- Праект "у парадку жывой чаргі" быў пададзены ў Міністэрства культуры нашай краіны, там ён быў адобраны і атрымаў падтрымку. Вось і ўвесь цуд. Трэба адзначыць, што праект уключаў у сябе не толькі выстаўку: мы імкнуліся зрабіць своеасаблівыя Дні культуры Беларусі ў Арлі- штосьці накшталт музычна-тэатральнай прэзентацыі ў час адкрыцця экспазіцыі. Для гэтага былі запрошаны музыкант Сяргей Пукст, акцёр Іван Патапаў. А рэжысёрам дзейства і, адначасова, каардынатарам усяго праекта выступаў Андрэй Саўчанка. Усе ўдзельнікі зрабілі свой значны ўнёсак у справу.

"Гісторыю трэба адчуць"

- Вольга, але нічога не здзейснілася б, калі б не твае фатаграфіі. "Скарбонка Часу" - такую назву мела выстаўка. І ты прысвяціла яе Памяці, якую захоўваю/i/content/pi/cult/281/4451/pic_18.jpgць архітэктура, камяні...

- Па сутнасці, што для нас, сучаснікаў, захавалася са спадчыны мінулых стагоддзяў? У Мінску гэта пэўная колькасць вуліц і будынкаў? У Францыі, да прыкладу, вельмі шмат гмахаў эпохі Сярэднявечча, якія імгненна нараджаюць вобразы, выклікаюць яскравыя эмоцыі, а ў нас - у прыватнасці, у Мінску,- такога няшмат. Для мяне камень - гэта крыніца інфармацыі, гэта вартавы Часу, магчыма, больш шчыры і прынцыповы, чым гісторык. Увогуле, мне здаецца, гісторыю немагчыма вывучыць, - яе патрэбна адчуць. І ў гэтым сэнсе камяні, старыя будынкі, архітэктура, калі бачыш, дакранаешся да іх, паведамляюць нам больш за сухія даты ў падручніках. Я вельмі трапятліва стаўлюся да гэтых момантаў. Нават у Арль на выстаўку я ўзяла вялікую торбу камянёў з Мінска, каб наведвальнікі галерэі маглі не толькі паглядзець на фатаграфіі, але і ўзяць "часцінкі" маёй Радзімы ў рукі і адчуць штосьці сваё.

- Цікава, што гэты шэпт камянёў ты перадаеш праз плёнку, дакладней - праз адметнасці яе фактуры...

- Мне падалося, што фотаплёнка дае магчымасць паказаць гэты нячутны аповед камянёў. Плёнка фіксуе ўсё: пыл, плямы... Я наўмысна выкарыстала гэта. Для мяне істотным было і яшчэ адно. Часам так здараецца: мы імкнёмся да чагосьці ідэальнага і забываемся на тое, што менавіта з пэўных "шурпатасцей" і складаецца наша індывідуальнасць. Адзначу, што "перашкоды Часу" на выстаўцы мы перадалі не толькі праз візуальны шэраг: таксама прывезлі з сабой і гукі горада. Калі глядач падыходзіў да пэўнай фатаграфіі, ён мог пачуць шум машын, размовы людзей, грукат транспарту Мінска... Усе разам увасобілася ў цэлае з музыкай.

- Цікава, ці дасягнула тваё пасланне мэты? Ці адчулі французы "хвалю Памяці" Мінска?

- Як паведамілі мне ў галерэі, выстаўка кранула публіку. На адкрыццё прыйшло больш за 60 чалавек, а для горада, у якім- каля 200 галерэй, гэтая лічба сведчыць аб пэўным прызнанні. Вядома, што хтосьці ўспрыняў серыю больш стрымана, хтосьці застаўся задаволены, але непасрэдная рэакцыя людзей - адчувалася. Адзін чалавек назваў фатаграфіі "Скарбонкі Часу" вельмі маляўнічымі, падобнымі да твораў Пітэра Мандрыяна; другі падзяліўся, што выява "падштурхнула" яго да ўласных успамінаў і фантазій. Чуць гэтыя меркаванні было вельмі прыемна. Адзначу, што выстаўка ўключала ў сябе і яшчэ адзін цыкл - "A.T.T.E.N.D.E" - "Чаканне", які месціўся на ніжнім узроўні галерэі. Гэтая серыя была прысвечана пошуку ідэнтычнасці асобы чалавека, які, патанаючы ў плыні паўсядзённасці, звычак, губляе самога сабе.

Фатаграфія як сродак спасціжэння сябе

- Вольга, твой асабісты почырк дазваляе паглядзець на фатаграфію як на мастацтва, якое не проста адлюстроўвае жыццё, што, урэшце, лічыцца яе прэрагатывай, а - задзейнічае і наша ўяўленне...

- Так, для мяне фотаздымак - хутчэй, не дакумент, а інструмент для асэнсавання. Гэта сродак спасціжэння сябе, жыцця, свету. Для таго, каб, да прыкладу, распавесці пра Мінск, мне патрэбна ўявіць святло яго мінулага. Тое будзе мой асабісты погляд, і ён будзе карысны менавіта гэтым.

- Калі падвесці пэўныя вынікі твайго французскага падарожжа, што з назапашанага досведу табе падаецца самым важным?

- Па-першае, не трэба баяцца рабіць уласныя праекты. Па-другое, фатаграфія - гэта адзін з сучасных найцікавейшых відаў мастацтва. І вельмі шкада, што ў нас няма свайго нацыянальнага, няхай і маленькага, фотафестывалю. Па-трэцяе, пабываўшы на многіх фэстах фота ў Францыі, магу зазначыць: беларуская фатаграфія, асабліва - дакументальная, стала б годным канкурэнтам сярод удзельнікаў форуму. А вось што да арт-фота - тут нам яшчэ трэба папрацаваць...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"