Дзіяна БАЛЫКА, драматург: “Цырую” п’есы, як мой калега Шэкспір”

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Працягваючы нашу дыскусію, натуральным чынам прыспеў час даць слова і самім драматургам, каб даведацца, як пачуваюць яны сябе ў прасторы і рэаліях сучаснага тэатра. Якое месца яны адводзяць сабе ў тэатральным жыцці і ці па-ранейшаму прэтэндуюць на ролю “властителей дум”? Не толькі ўласным бачаннем прафесіі, але і разважаннямі пра тое, што ж з’яўляецца сёння асноўным клопатам і залогам паспяховасці драматурга, дзеліцца з намі Дзіяна БАЛЫКА.

/i/content/pi/cult/281/4450/pic_16.jpeg- Дзіяна, ты як чалавек, не абдзелены магчымасцю пісаць, змагла зарэкамендаваць сябе і ў журналістыцы, і ў паэзіі. У які момант і навошта табе спатрэбілася драматургія?

- Акурат цяпер я дапісваю кнігу, дзе ёсць раздзел пад назвай "Візітоўка ў дзелавым жыцці". Я пішу пра тое, што ў мяне на стале ляжыць як мінімум тры камплекты візітовак. Паводле аднаго камплекта я- журналіст, паводле другога - драматург, паводле трэцяга - аўтар кніг па псіхалогіі, чацвёрты, скажам, можа засведчыць, што я- фотамастак... Гэта пытанне філасофскага парадку- пытанне самаідэнтыфікацыі. Ёсць людзі, у якіх з гэтым усё проста, а вось у мяне - не. Гэта не праблема, не бяда мая і не вартасць, а- структура майго светаўспрыняцця. У жыцці займаюся самымі рознымі рэчамі, тым, што падабаецца мне: была дырэктарам па развіцці мэблевай кампаніі, дырэктарам па развіцці турыстычнай кампаніі... Абіраю для сябе заняткі не для таго, каб займацца адной справай усё сваё жыццё і гэтым давесці, што я- класны спецыяліст у той ці іншай галіне. Мне падабаецца расказваць гісторыі, і я абіраю для гэтага розныя жанры. Адзін час мне падабалася распавядаць іх у якасці рэпарцёра, любімым мужчынам пра нашы адносіны я расказвала рыфмаваныя гісторыі - вершы. Калі мне падаецца, што ў гісторыі існуе цікавы драматургічны канфлікт, ёсць калізіі, кульмінацыя, катарсіс, - мне хочацца распавядаць іх пры дапамозе дыялогаў і называць гэта п'есай.

- Чалавек, які любіць расказваць гісторыі, пэўна, мае на ўвазе, што ў яго ёсць свой слухач...

- Канешне ж.

- Дык для каго ты расказваеш свае "гісторыі ў ролях"?

- Для існуючага рэпертуарнага тэатра. І гэта - не проста амбіцыйная заява. За шэсць гадоў свайго занятку драматургіяй (акурат столькі часу прайшло з таго моманту, як я паступіла ў Літаратурны інстытут, у якім сёлета атрымала дыплом) не было ніводнага года, каб тры-чатыры спектаклі па маіх п'есах не з'явіліся ў рэпертуарных тэатрах. І да гэтага часу ўсе яны ідуць, збіраюць гледачоў і робяць тэатрам касу. За выключэннем адной антрэпрызы, якая ў сувязі з фінансавым крызісам перастала існаваць. Вельмі часта можна пачуць надта палемічную пазіцыю: маўляў, камерцыйны поспех спектакля не заўсёды супадае з мастацкім. Я не буду гэта абвяргаць, скажу толькі, што кожны чалавек заўсёды выбірае для сябе тыя або іншыя крытэрыі для ацэнкі, у тым ліку і для тэатра, важныя асабіста для яго.

- І які ж крытэрый абіраеш ты для сябе: мастацкасці або камерцыйнасці?

- Лічу, што без глядацкага поспеху не бывае поспеху мастацкага. Усе жанры добрыя, акрамя сумнага. І я дакладна ведаю, што на маіх спектаклях глядач не сумуе. Хаця ён, замест таго, каб патраціць свае грошы на білет у тэатр, мог бы пайсці ў кіно, купіць сабе шакаладку, модную вопратку... Калі ў нас дзяржава датуе тэатральныя білеты, дык і кошты на іх - даволі нізкія. У той жа Расіі расцэнкі - іншыя. На апошняй прэм'еры па маёй п'есе "Псіхааналітык для псіхааналітыка", якая адбылася ў Маскве зусім нядаўна - 22 чэрвеня, білеты каштавалі ў пераліку на беларускія рублі ад 50 да 150 тысяч, і ў зале быў аншлаг! А калі людзі трацяць на тэатральную пастаноўку грошы, супастаўныя з добрай вячэрай у рэстаране, значыць, ім не сумна на маіх спектаклях, ці не так? І для мяне гэты крытэрый вельмі важны.

 - Але неаднойчы ад сур'ёзных крытыкаў даводзілася чуць, што Дзіяна Балыка забаўляе гледачоў за кошт гумару на сексуальныя тэмы і жартачкаў "ніжэй пояса"...

 - Я забаўляю гледачоў тым, што цікава мне. Што ж да сексуальнай тэматыкі - я сапраўды шмат увагі надаю гэтаму, як псіхолаг пішу кнігі, да мяне па парады звяртаюцца людзі. Зрэшты, я проста імкнуся расказваць цікавыя гісторыі. А прыйдуць на спектакль людзі абсалютна рознага інтэлектуальнага ўзроўню і адукаванасці, і кожны прачытае ў ім сваё. Я дакладна ведаю, што з пазіцый герменеўтыкі і рэцэптыўнай эстэтыкі тэкст сам па сабе сэнсу не нясе: можна колькі заўгодна трэсці самую тоўстую кнігу- з яе ўсё роўна ніякія "сэнсы" не пасыплюцца. Тэкст набывае сэнс толькі пры прачытанні, і, хітрая рэч, - сэнс, які вычытваецца, адпаведны інтэлекту суб'екта, што чытае.

- Зыходзячы з гэтай формулы, я прыходжу да высновы: няўжо нашы рэжысёры, якія дэкларуюць адсутнасць цікавай сучаснай беларускай драматургіі, проста не могуць вычытаць у ёй якіх-кольвек сэнсаў?

 - Ніколі не вазьмуся казаць за ўсю беларускую драматургію, бо не з'яўляюся яе аналітыкам і, па шчырасці, не вельмі добра ў ёй арыентуюся. Існуюць людзі, з якімі я сябрую і якія, па волі лёсу, належаць да тых, хто піша п'есы. З некаторымі іх тэкстамі я знаёмая, некаторыя з іх мне блізкія, цікавыя, зразумелыя, іншыя - не блізкія, не цікавыя і не зразумелыя. А ў рэжысёраў, якія не ўспрымаюць беларускую драматургію, чамусьці не атрымліваецца ўразіць мяне як гледача пастаноўкамі сусветнай класікі. Вось што я назіраю за сабой. Калі прыходжу ў беларускі тэатр, часта прымушаю сябе, так бы мовіць, знутры вышукваць інтарэс да пастаноўкі. А калі прыязджаю ў Маскву і прыходжу на спектаклі там - забываюся на час, дзеянне...

- Ад пастановак у беларускіх тэатрах уласных п'ес - гэткія ж адчуванні, як і ад чужых?

- Розныя. Але ёсць спектаклі, якія вельмі мне падабаюцца і здаюцца магутнымі ды цікавымі: "Чорны анёл з белымі крыламі" Цімафея Ільеўскага ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы і "Псіхааналітык для псіхааналітыка" Сяргея Кулікоўскага ў Коласаўскім тэатры, які, я ведаю, табе не падабаецца. Ужо пяты сезон на сцэне РТБД ідзе з абавязковымі аншлагамі "Белы анёл з чорнымі крыламі" ў пастаноўцы Венедзікта Расстрыжэнкава. Гэта пра нешта кажа! Але ў Беларусі ў мяне ідзе не так шмат п'ес. Хаця да мінулага года я заўсёды казала, што "корміць" мяне псіхалогія, а тэатр - гэта мая аддушына. Але сітуацыя змянілася, бо ў мяне ідуць спектаклі не ў эксперыментальных тэатрах з заламі на 30 месцаў, а ў тэатрах "з калонамі". Гэта дазваляе не хадзіць штодня ў офіс на працу, а займацца тым, што мне падабаецца. І я ніколі не саджуся за рабочы стол з думкай: маўляў, зараз вазьму жарцік "ніжэй пояса", і ён прынясе мне грошай.

- А як жа такі пасыл: маўляў, персанажы ўсе - розныя, і немагчыма ў кожным з іх выпісваць самога сябе?

- Ды я ні ў якім разе гэтага і не раблю! З таго часу, як займалася журналістыкай, я прывыкла "падглядваць" за гісторыямі, і сёння ў сваіх п'есах я расказваю пра тое, што восем гадоў таму магло быць маімі рэпартажамі. Іншая справа - зразумець, "прысвоіць" свайго персанажа неабходна абавязкова: іначай ён будзе хадульным, кардонным, незразумелым і непраўдзівым. Атрымліваецца ці не - гэта ўжо пытанне да маіх літаратурных здольнасцей. Але для мяне вялікім крэдытам даверу кожны раз з'яўляецца той факт, што рэжысёр выбірае тэкст Дзіяны Балыка сярод велізарнай колькасці твораў масцітых калег, чые п'есы можна ўзяць бясплатна, і канкурыраваць з імі - надзвычай складана, бо многія з іх ужо самі па сабе з'яўляюцца "брэндамі": Чэхаў, Шэкспір, Астроўскі...

- Ты так папросту адносіш усіх іх да сваіх калег?

- Так. Амбіцыйна? А чаму б і не? Вось табе гісторыя з маёй апошняй прэм'ерай - спектаклем "Псіхааналітык для пісхааналітыка", які паставіў Андрэй Баравікоў. Мы з ім, дарэчы, пазнаёміліся ў цягніку: тэатр Рамана Вікцюка ехаў на гастролі, мы з Андрэем апынуліся ў адным купэ, і я прапанавала яму сваю п'есу, якая абсалютна выпадкова аказалася ў мяне з сабой... Ёсць рэжысёры, якіх я лічу сваімі блізкімі сябрамі, але пры гэтым ведаю, што без авансу і канкрэтнай замовы ад тэатра яны не прыступяць да рэпетыцыі ніводнай з маіх п'ес, як бы добра яны ні ставіліся да маёй творчасці і да мяне асабіста. А вось Андрэй Баравікоў у вольны ад асноўнай працы час, калі ніхто яму не плаціў, сабраў каманду прафесійных акцёраў, якім гэты тэкст падаўся цікавым. Уклаў свае ўласныя грошы ў спектакль, прыцягнуў сябра - мастака па касцюмах Вячаслава Старадубцава, што таксама ўклаў у праект уласныя грошы, а ў выніку ў нас яшчэ з'явіліся і спонсары, якім таксама спадабалася ідэя нашай пастаноўкі.

- Я магу зразумець рэжысёра, мастака, якія ўкладваюць уласныя грошы у праект, што бачыцца ім цікавым і перспектыўным. Але ці гатова ты сама аддаць грошы на пастаноўку сваёй п'есы, калі лічыш яе таго вартай?

- Скажу так: гэтага спонсара знайшла я.

- Значыць, размовы пра тое, што Дзіяна Балыка знаходзіць грошы для пастаноўкі сваіх п'ес - гэта праўда?..

- Маскоўскі спектакль - гэта антрэпрызны праект, які, я ведаю, прынясе мне прыбытак. Але я ніколі не панясу грошы ў дзяржаўны тэатр. Лічу, што пішу такія тэксты, на якіх любы калектыў можа зарабіць. У дзяржаўных жа тэатрах у мяне вельмі абмежаваныя правы: я не магу зладзіць столькі паказаў, колькі мне цікава, не магу атрымаць той прыбытак, на які разлічваю. З дзяржаўнымі тэатрамі я не таргуюся, і атрымліваю свае аўтарскія па зацверджанай стаўцы. Але ў тым праекце, што мы рабілі ў Маскве, ёсць мая 30-працэнтная доля, і таму я гатова дапамагаць яму развівацца. Я хацела зладзіць сваю антрэпрызу і ў Мінску: літаральна ў мінулым кастрычніку адбылася прэм'ера спектакля "Любімая жанчына міністра". Але гісторыя павярнулася так, што на сённяшні дзень я маю іск да антрэпрэнёра адносна нявыплачанага ганарару. Гэта не першы раз, калі я адстойваю свае аўтарскія правы: у Беларусі- другі такі выпадак, і яшчэ некалькі было ў іншых краінах, але там пытанні ўрэгулявалі ў дасудовым парадку. Цяпер і па мінскім праекце таксама рыхтуецца міравое пагадненне, і нават частку грошай мне ўжо выплацілі. Я стаўлюся да ўсяго, што пішу, прафесійна і стараюся атрымліваць за гэта грошы.

- Ну, добра, няўжо гэта такія вялікія сумы, з-за якіх трэба распачынаць судовыя справы?

- Лічы сама: толькі за чатыры паказы пастаноўкі мне, згодна з дагаворам, выплацяць кампенсацыю ў суме амаль 2,5 мільёна рублёў. За месяц пракатваецца два спектаклі, так што атрымліваецца сума, цалкам супастаўная з сярэднямесячным заробкам у нас.

- Атрымліваецца, ты сваім прыкладам абвяргаеш трывалую на працягу дзесяцігоддзяў думку аб тым, што ў Беларусі немагчыма зарабляць на жыццё драматургіяй?

- Я- зарабляю, і акурат сваёй прафесіяй. Але ж тут, як і ў любым іншым бізнесе, ёсць працэс накаплення: канешне, з адной пастаноўкі ў адным беларускім рэпертуарным тэатры жыць не будзеш. Але калі ў цябе ідуць спектаклі ў 18 тэатрах і з прыстойнымі коштамі білетаў - можна жыць.

- Тады наколькі ты зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з беларускімі тэатрамі? І якія захады ты гатова для гэтага зрабіць?

- Пісаць добрыя п'есы і працаваць з рэжысёрамі. Для кожнага рэжысёра, калі ў яго ёсць нейкія пытанні да тэксту, я заўсёды прыслухоўваюся, таму што вельмі добра разумею: без "праверкі" на сцэне п'еса не можа быць ідэальнай. У маім выпадку, з маімі літаратурнымі здольнасцямі я да яе вяртаюся і з кожнай новай пастаноўкай рэдагую. Таму ў "Белага анёла з чорнымі крыламі" ёсць восем рэдакцый: пасля кожнай новай пастаноўкі я нешта ў ёй "цырую". І я хацела б мець магчымасць вярнуцца да кожнай сваёй напісанай п'есы- ведаю, што ніхто з вялікіх не лічыў гэта за ганьбу. Шэкспір быў практыкуючым чалавекам тэатра і п'есы свае ён ствараў у працэсе рэагавання на іх гледачоў.

 

Рэзюме візаві

Драматургія як форма бізнесу - думаецца, такое вызначэнне для нашай гутаркі было б цалкам заканамерным. Тым больш, што і пачалася яна з размовы пра тыя "матывы", якія рухаюць аўтараў у гэтую прафесію. Аказваецца, сёння, пры граматна арганізаваным менеджменце, можна зарабляць грошы самымі рознымі відамі дзейнасці, і напісанне п'ес - у іх ліку. Так, любая праца павінна аплачвацца, і гэты тэзіс, бадай, ніхто і не збіраецца абвяргаць. Вось толькі драматургію мы да гэтага часу прывыклі "па-старамоднаму" лічыць усё ж не "аб'ектам куплі-продажу", а ў большай ступені - творчасцю. І хаця многія з рэжысёраў, у тым ліку і наш папярэдні суразмоўца - Мікалай Пінігін, выказваюцца на карысць абавязковага авалодвання драматургамі асновамі прафесійнага рамяства ў справе напісання п'ес, усё ж ніводзін з іх не разлічвае, што гэта і стане той самай прыступкай, на якой можна спыніцца, каб спакойна дажываць "сваё жыццё ў мастацтве". Шукаючы паралелі ў іншых сферах бізнесу, прыйшла да думкі: можна ўсё жыццё вырабляць і прадаваць зэдлікі, можна нават зрабіць гэты занятак брэндавым і неверагодна прыбытковым, скарыстаўшы элементарныя законы рынкавага попыту. Але пры гэтым так ніколі і не зразумець бажоўскага Данілу-майстра, які ніяк не здавольваўся нават самай дасканалай працай "па чарцяжы" і апантана-прагна шукаў сваю Каменную кветачку - не кіруючыся аніякімі камерцыйнымі выгодамі, а для таго толькі, "...каб поўную сілу каменя самому ўбачыць і людзям паказаць".