Ці быў гадзіннік у князя Алелькі?

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Як вядома, у час існавання Вялікага княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўзнікала даволі шмат гарадоў і мястэчак. Імкліва развіваліся і найбольш старажытныя населеныя пункты нашай зямлі, у тым ліку Слуцк, які прыкладна паміж 1320— 1330 гг. увайшоў у склад ВКЛ. Яго ўладарамі з канца ХІV ст. і да 1612 года былі князі Алелькавічы, а пасля смерці апошняй прадстаўніцы гэтага роду — Сафіі Слуцкай — Радзівілы.

/i/content/pi/cult/281/4446/pic_4.jpgВідавочна, горад не быў выключаны з рознабаковага жыцця краіны, падтрымліваў агульнадзяржаўныя захады па абароне краю ад захопнікаў, і ў першую чаргу - ад крыжакоў. На думку гісторыка Дзмітрыя Даўгяла, у бітве пад Грунвальдам брала ўдзел, у тым ліку, і, слуцкае апалчэнне на чале з Аляксандрам Уладзіміравічам - князем Алелькам.

Адбывалася і стратэгічная забудова горада. У прыватнасці, у 1409 г. на месцы дзяцінца летапіснага Слуцка ўтвараецца Верхні замак. Тады ж упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах умацаванне з драўлянымі сценамі і вежамі на сыпаным "капцы". А на месцы вакольнага горада ўзнікае Ніжні замак Слуцка.

Верхні замак займаў прыродную выспу авальнай формы памерамі 80х100 м, што ўзвышалася пад поймаю Случы ў яе сутоках з рэчкай Бычок. Сёння цяжка ўявіць, што, паводле інвентарных апісанняў XVII- XVIII стст., гэты замак займаў плошчу 1,5 га, а праз Бычок быў перакінуты пад'ёмны мост. Ён вёў да замкавай брамы, што мела чатыры ярусы. Над ёй размяшчалася вежа, дзе знаходзіўся гадзіннік. Вянчаў жа яе модны тады шар, пакрыты пазалотаю.

У той жа час, Ніжні замак Слуцка размяшчаўся на п/i/content/pi/cult/281/4446/pic_5.jpgаўночны ўсход ад Верхняга, аддзяляючыся ад яго запоўненым вадой ровам. Гэты замак быў на 2- 3 м ніжэйшы за Верхні. Ён выглядаў, як няправільны чатырохвугольнік, і займаў плошчу 1,9 га. Абаранялася збудаванне дзякуючы земляному валу і драўляным парканам. Паводле інвентароў, на Ніжнім замку стаялі тры палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўня, замкавая стайня ды іншыя гаспадарчыя пабудовы. Верхні і Ніжні замкі Слуцка абазначаліся ў дакументах XVII - XVIII стст. як "Старое месца".

Новым месцам, або Новым замкам, называлася ў XVII- XVIII стст. цытадэль, якую ўзвялі Радзівілы на левым беразе Случы. Замак гэты меў форму квадрата і займаў плошчу трохі больш за гектар, стрымліваючы варожыя аблогі чатырма бастыёнамі і равелінамі. Абароне спрыяў акружны вадзяны роў, злучаны з ракой патаемным шлюзам.

Стварэнне надзейнай сістэмы абароны было далёка не данінай тагачасным традыцыям. Варта прыгадаць хаця б 1506 г. У Дзень Успення Прасвятой Багародзіцы перакопскія татары на чале з Баты-Гірэем спрабавалі захапіць Слуцк. Узначаліла абарону горада княгіня Анастасія, удава слуцкага князя Сямёна Міхайлавіча.

Штурмавалі татары горад "и подмёты чинали, и огонь подкладали", ды вось толькі "случане боронились добре и много татар побили, з места стреляючи", - гаворыцца ў летапісах. Ці не ад той пары ядры каменныя знаходзяцца ў рове і ў рэчцы Бычок, што працякае побач з Замкавай гарой? Археолагамі іх сабрана недзе каля двух дзесяткаў. Яны акуратна вычасаны з шэрага граніту, адшліфаваныя, гладкія. Канешне, снарады гэтыя недасканалыя па сваёй трываласці: ад вільгаці і перападу тэмператур яны трэскаліся і крышыліся. Таму ўжо напрыканцы ХVІ ст. іх пачалі вырабляць з жалеза. А з цягам часу ядры для большай трываласці пачалі пакрываць волавам, а таксама больш танным тлушчам.

/i/content/pi/cult/281/4446/pic_6.jpgАдметны малюнак з жыцця Слуцка ХVІІ ст. далі раскопкі 1999 г., што праводзіліся на пасадзе горада каля Верхняга замка. Археолагамі быў ускрыты ўчастак вуліцы шырынёй каля 5 м, выкладзенай з дубовага бярвення. Вуліца гэтая, відаць, пачыналася ад ракі і ішла ў бок Капыльскай брамы. Пад насцілам вуліцы быў вадасцёк. Узводзілі яго наступным чынам: пракапалі канаву шырынёй 40 - 80 см на глыбіню каля метра, затым загналі ў грунт масіўныя слупы- шулы - праз кожныя чатыры метры і ў пазы гэтых шулаў заклалі завостраныя на клін па канцах бярвенні. У выніку па жолабе дажджавая вада сцякала да самай ракі.

У час раскопак на Верхнім замку Слуцка ў 1985 г. была знойдзена пячная кафля XIV - XVIII стст. На адной з гэтых кафлін адлюстравана выява Пегаса, на якой - манаграма "ВRD", што азначае "Багуслаў Радзівіл Дукс" - "князь" у перакладзе з лацінскай мовы.

Цікава, што пад насцілам вуліцы быў знойдзены амаль цэлы замок. Але як ён сюды трапіў? Тым больш, што замок гэты зачынены на ключ: у ягоным корпусе засталіся часткі разламанай дужкі. Відаць, нейкі зламыснік паквапіўся на чыюсьці маёмасць, збіў замок, пранік у сховішча, а каб замесці свае сляды - шпурнуў замок на вуліцу.

Іншае пытанне: што хавалі тады пад замком? Пад час раскопак знойдзена шмат манет ХVІІ- ХVІІІ стст. Выяўлены фрагменты шклянога дарагога посуду пад пітво. Посуд, па вызначэнні спецыялістаў, прывозіўся з Германіі, Чэхіі і нават з астравоў туманнага Альбіёна.

Знойдзены і гліняны посуд таго ж часу - гаршчкі і макотра вялікіх памераў: пэўна, для прыгатавання традыцыйнай ежы - бігаса. Але асабліва гісторыкаў зацікавіла наступная знаходка - кілішак і вялікі куфаль, бо менавіта яны даюць нам некаторае ўяўленне пра напоі таго часу. Кілішак мае аб'ём усяго 75 грамаў, як і сучасныя чаркі пад моцныя напоі. Куфаль жа меў аб'ём 450- 500 г, амаль як сучасны піўны кубак. Унутры ён быў пакрыты паліваю: відаць, каб піва не ўступала ў рэакцыю з гліняным кубкам. А не пакрытая паліваю яго вонкавая паверхня выпарвала пэўную частку вільгаці і забяспечвала такім чынам паніжэнне тэмпературы напою.

Археолагамі знойдзены і жалезныя падкоўкі на абцасы ботаў, што звычайна насілі салдаты, а таксама ружэйныя крэмні і свінцовыя мушкетныя кулі, больш за два дзесяткі гліняных люлек. Сустракаліся і рэчы, якія відавочна належалі жанчынам: шкляныя пацеркі, падвескі ды пярсцёнкі, жаночы чаравік.

Як растлумачыць такое спалучэнне рэчаў? Відаць,/i/content/pi/cult/281/4446/pic_7.jpg недзе паблізу ад гэтага месца быў размешчаны гарнізон слуцкіх вайскоўцаў, а іх наведвалі дзяўчаты. Аднак на спатканні ў закаханых было не так ужо і шмат часу: гарадскія ўлады пільна сачылі за маральным абліччам гараджан. У прыватнасці, а дзесятай гадзіне вечара адпаведны звон абвяшчаў пра канец усялякай дзейнасці. З гэтага моманту ў корчмах гаспадары абавязаны былі тушыць святло і закрываць сваю ўстанову для ўсіх, без выключэння, наведвальнікаў. Калі які-небудзь карчмар пасля сігналу не рабіў гэтага, ён мусіў заплаціць штраф: па адным залатым за кожнага кліента.

 Але не варта думаць, што мужчынская палова горада толькі балявала: шмат гараджан было далучана да спорту. З дакументаў вядома, што Багуслаў Радзівіл, уладальнік Слуцка, загадваў гарадскім уладам праводзіць заняткі і спаборніцтвы па стральбе. Цікава, што ў спаборніцтвах удзельнічаў сам князь і ягоная сям'я. Стралок, які займаў першае месца, у якасці прыза атрымліваў мушкет, за другое - шаблю, за трэцяе - дзіду. Акрамя таго, пераможца меў права цягам года без пошліны ў гарадскую казну вырабляць гарэлку.

Напрыканцы ХVІ ст. Слуцк быў адным з найбуйнейшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага. Пра гэта сведчыць і такі факт: дзяк маскоўскага пасольства Трыфан Карабейнікаў, які пабываў у Слуцку ў 1593 г., пісаў цару: "А Менска Слутский град больше, а у града в воротах у Острога стоят воротники и стрельцы с рушницами, а в Острог иноземца, не сказав, не пустят".

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, дацэнт БДПУ, археолаг