Коласаўскі тэатр: “Оскары”, “Мудрацы” і хіты

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

На фоне шумнага юбілею купалаўцаў вынікі, якія падводзяць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа і Рыд Таліпаў пасля першага года ў якасці мастацкага кіраўніка, выглядаюць больш сціпла. Аднак, безумоўна, не выклікаць нашага інтарэсу яны не маглі.

/i/content/pi/cult/281/4444/Clip_29.jpg"Бадай, самае галоўнае, што ўдалося зрабіць у гэтым сезоне ў тэатры, - кажа Рыд Сяргеевіч, - дык гэта вярнуць на сцэну... спектаклі. Калі я толькі прыйшоў у тэатр, то сутыкнуўся з тым, што ў вячэрняй афішы ў месяц ішло не больш за восем - дзесяць пастановак! Сёння гэтая лічба значна павялічылася, і мы маем да дваццаці і больш вячэрніх спектакляў на месяц".

Апошнім часам Коласаўскі тэатр выпусціў у свет восем новых сцэнічных работ, з якіх пяць - па творах беларускіх аўтараў: "Пазычанае шчасце" Фёдара Палачаніна, "Апошнія сведкі" Святланы Алексіевіч, "Вядзьмарка і Дыназаўрык" Аляксея Якімовіча, "Прывітанне, Альберт!" Юрыя Сохара і "Жарты" паводле вадэвіляў Янкі Купалы, Міхася Чарота і Леапольда Родзевіча. Да "ўмоўна беларускіх" далучае Таліпаў і сваю пастаноўку "Мудрацоў" паводле п'есы Аляксандра Астроўскага "На ўсякага мудраца хапае прастаты", бо пераклад яе зрабіў знаны айчынны драматург Кандрат Крапіва. Дарэчы, у наступным сезоне галоўным беларускім "хітом" мусіць стаць класічная крапівоўская "Брама неўміручасці". А адкрыецца ён адразу дзвюма прэм'ерамі: "Простай гісторыяй" Марыі Ладо і "Квартэтам" Рональда Харвуда.

Разважаючы пра неабходнасць стварэння творчай унутранай атмасферы ў калектыве, Рыд Таліпаў адзначыў і тое, што не толькі аднавіў у тэатры капуснікі ды паказы самастойных работ, але і ўвёў у практыку штогадовае... прафесійнае спаборніцтва: тайным галасаваннем усёй трупы абіраюцца лепшыя акцёры і актрысы, занятыя ў прэм'ерах бягучага сезона. Летась гэткі конкурс быў праведзены для моладзі, не старэйшай за 40 гадоў, але рэзананс, які ён атрымаў, прывёў да таго, што сёлета і для старэйшых акцёраў з'явяцца прэміі імя Аляксандра Ільінскага - за лепшую мужчынскую ролю - і Алены Радзялоўскай - за лепшую жа/i/content/pi/cult/281/4444/Clip_28.jpgночую ролю, - якія будуць уручацца на адкрыцці наступнага сезона. "Гэта не простая фармальнасць, - кажа Рыд Таліпаў, - кожны адзначаны акцёр атрымае ганаровы дыплом, а да яго - прыгожую статуэтку, выкананую нашым мясцовым дызайнерам, своеасаблівы "коласаўскі "Оскар"..."

У вірах фестывальнага жыцця Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначыўся прызам "За лепшую рэжысуру", які атрымаў спектакль "Прывітанне, Альберт!" на ІІ Міжнародным тэатральным фестывалі "Смаленскі каўчэг". А неўзабаве ў рамках "Белай вежы", што чакае прыхільнікаў тэатральнага мастацтва ў верасні гэтага года ў Брэсце, Коласаўскі тэатр пакажа яшчэ адну прэм'еру мінулага сезона, якая пакуль што не зазнала належнай увагі да сябе, - пластычны спектакль "Бездань" Паўла Адамчыкава паводле Рэя Брэдберы з Тадэвушам Кокштысам у галоўнай ролі.

 

На здымках: сцэны са спектакляў "Мудрацы" і "Прывітанне, Альберт!".

Фота Ганны ЖЫГУР і Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА