Офіс таксама плача?

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Як доўга вы можаце сачыць за працай кававаркі, падтрымліваючы да гэтага працэсу жывы інтарэс? А што, калі перад вамі на сцэне цягам дзвюх гадзін будуць “жыццядзейнічаць” ажно шэсць падобных агрэгатаў, ды яшчэ — у амаль саракаградусную спёку? Не спяшайцеся з адназначным адказам: бадай ніхто з прыйшоўшых у апошнія ліпеньскія дні ў Канцэртную залу “Мінск” на прэм’еру “Офіса” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы цягам усяго спектакля так і не змог адарвацца ад сцэнічнай дзеі “па сваіх справах”, нягледзячы на ўсю экстрэмальнасць умоў прэм’ерных паказаў.

/i/content/pi/cult/281/4443/Clip_27.jpgПастаноўка рэжысёра Кацярыны Аверкавай сталася своеасаблівым падарункам не толькі купалаўцам - да іх 90-годдзя, але і ўсім прыхільнікам тэатральнага мастацтва. Па-першае тым, што мінулы, даволі-такі аморфны з пункта гледжання ўражанняў тэатральны сезон усё ж здолеў завяршыцца годнай і яркай "кропкай" у выглядзе спектакля, які, упэўнена, будзе карыстацца вялікай папулярнасцю, асабліва - сярод прасунутай маладзёжнай аўдыторыі, і на які ўжо ў самым хуткім часе будзе не дастаць "лішняга білеціка". Па-другое, - рэальным доказам таго, што "маладая рэжысура" па сваёй сутнасці нічым не адрозніваецца ад "класічнай рэжысуры", бо галоўнае тут - валоданне прафесіяй і дакладнае разуменне таго, што ты хочаш сказаць са сцэны. А па-трэцяе, тым, што "Офіс" прадэманстраваў: сапраўдны тэатр цалкам здольны сумяшчаць у сабе інтэлектуальнае напаўненне сцэнічнай дзеі з яркай, відовішчнай формай, а размову пра, здавалася б, побытавыя сучасныя сацыяльныя варункі - з іх філасофскім асэнсаваннем.

Пра асобу рэжысёра Кацярыны Аверкавай хочацца разважаць доўга і падрабязна. Літаральна за некалькі гадоў яна не толькі стала ўвайшла ў прафесію, але і прымусіла гаварыць пра сябе як пра цікавага сучаснага рэжысёра - нешараговага, удумлівага, глыбокага і заўсёды нечаканага. Яе тэатральныя інтарэсы - відавочна небанальныя, аднак, палягаюць у сферы добрай літаратуры для тэатра: "Вяртанне Галадара" паводле Тадэвуша Ружэвіча (п'еса Сяргея Кавалёва), "Ханя" Генрыка Сянкевіча, "Зіма" Яўгена Грышкаўца... Многія з гэтых аўтараў - не проста асобы ў сусветнай культуры: усе яны, па сутнасці, - стваральнікі сваіх асабістых светаў, "вандроўкі" ў якія Кацярына Аверкава і спрабуе арганізаваць для беларускага гледача.

Цалкам упісваецца ў гэтыя шэрагі і Інгрыд Лаўзунд, аўтар драматургічнай асновы спектакля, што ў арыгінале мае назву "Пазваночная грыжа". Драматургічны вопыт яе, сучаснага нямецкага рэжысёра, якая шмат ставіць не толькі ў Германіі, але і ў іншых краінах свету, прыцягнуў увагу Аверкавай акурат тым, што тэкст створаны чалавекам тэатральным, з глыбокім веданнем усяго таго, што называецца спецыфікай сцэны. З іншага ж боку, ці не ўпершыню за апошнія гадоў дзесяць (пасля пастановак Віталём Баркоўскім спектакляў "Пісьменныя" М.Чокэ і "Тузы" У.Відмера) беларускі глядач дзякуючы "Офісу" змог атрымаць рэальнае ўяўленне пра тое, чым жыве сучасны еўрапейскі тэатр, і магчымасць асваення падобнага роду драматургіі. Зрэшты, варта зазначыць, што ў сцэнічнай інтэрпрэтацыі купалаўскіх акцёраў нямецкі тэкст усё ж міжвольна "славянізаваўся", набыўшы пэўную лірычнасць і эмацыянальную прывязку да персанажаў, што пайшло адно толькі на карысць агульнаму вобразу спектакля.

Няхай даруюць мне акцёры, занятыя ў пастаноўцы, тое, што на пачатку артыкула я наважылася назваць іх персанажаў кававаркамі. Тым больш, што для падобнай катэгорыі работнікаў існуе іншы, іранічнага адцення, устойлівы ў інтэрнет-грамадзе, тэрмін - "офісны планктон". У супрацьлегласць сваім персанажам, іх выканаўцы аніяк не "тэатральны планктон", а зусім наадварот - "вяршкі" купалаўскай моладзі, якія ў гэтым спектаклі прадэманстравалі не толькі сучаснасць свайго акцёрскага сцэнічнага мыслення, але і ўласны прафесіяналізм, уменне існаваць на "вастрыі" жанру, тонка адчуваць партнёра і выдатна трымаць глядацкую ўвагу. У дадатак - бліскуча адшліфаваны тэмпарытм спектакля, хоць далося гэта акцёрам вельмі няпроста, бо на асваенне новай для іх пляцоўкі было адведзена ўсяго толькі некалькі дзён. Можна было б доўга распавядаць пра персанажаў Аляксандра Малчанава, Дзмітрыя Есяневіча, Вікторыі Чаўлытка і нядаўна прынятых у шэрагі купалаўцаў Паўла Харланчука ды Вольгі Скварцовай. Аднак гэта акурат той выпадак, калі ніякія, нават самыя выкшталцоныя, тэатразнаўчыя разборы не заменяць рэальнага ўражання ад іх акцёрскага існавання на сцэне, якое проста-такі насычана "густатой" жыцця герояў, іх амаль фантасмагарычнай тыпізаванасцю і, разам з тым, надзвычайнай пазнавальнасцю./i/content/pi/cult/281/4443/Clip_26.jpg І, думаю, не толькі я адна, але і многія ў глядзельнай зале з амаль дзіцячым азартам бавіліся такой займальнай справай, як "пазнаванне" ў героях спектакля сваіх калег і саміх сябе.

Усё ж не ўстрымаюся, каб не паразважаць у сувязі з прэм'ерным "Офісам" на адну са сваіх "улюбёных" тэм - аб праблемах сучаснай драматургіі і коле яе інтарэсаў. Уважліва сачыла за рэакцыяй залы на тое, што адбывалася на сцэне, і было відавочна, што тэма, ўзнятая купалаўцамі, не аказалася для гледачоў чужароднай і далёкай. Аказваецца, у адрозненне ад большасці амбіцыйных маладых драмтургаў"рэфарматараў", гледача ў тэатры цікавяць зусім не маргіналы, што спрэс так і сыплюць ненарматыўнай лексікай, а - "звычайныя людзі", прадстаўнікі грамадства, якія не пакутуюць на ўласную выключнасць або дэфектыўнасць (паміж чым у сучаснай драматургіі вельмі часта ставіцца знак роўнасці), а проста намагаюцца асэнсаваць, зразумець навакольны свет і сваё ўласнае месца ў ім. А гэта, між іншым, і з'яўляецца заўсёднай прыкметай сучаснасці ў любым відзе мастацтва, не зважаючы на эпохі і краіны. Бо толькі адшукваючы і ўсведамляючы сябе ў соцыуме тэатральны персанаж можа наблізіцца да статуса "героя нашага часу".

Пасля прэм'еры "Офіса" мы доўга абмяркоўвалі пастаноўку з маім польскім калегам, эмацыянальна і вобразна звяртаючыся да філасофіі экзістэнцыялістаў, у прыватнасці, - да сартраўскіх вобразаў. Аднак на фоне размоў пра шматлікія пласты і глыбіні спектакля выявілася дзіўная ўласцівасць нашага славянскага светаўспрыняцця: падсвядома так і хацелася, каб фінальныя маналогі герояў сталіся іх прасвятленнем, маральным ачышчэннем і вяртаннем да ўласнай, чалавечай душы. Ды толькі рэжысёр так і не дала нам гэтай магчымасці, пакінуўшы на сцэне "бесхрыбетнасць" у чыстым выглядзе - дзеля таго, каб застацца праўдзівай да канца і не патураць аматарам тэатральных "хэпі-эндаў", што вельмі часта пазбаўляюць гледачоў неабходнасці думаць пра спектакль пасля яго заканчэння.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА