Хто ён, беларускі Астар П’яцола?

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

На мінулым тыдні нашу краіну наведаў Прэзідэнт Сірыі Башар Асад. А за некалькі тыдняў да гэтага па ініцыятыве і пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы адбыўся гастрольны тур у гэтую краіну вядомага творчага калектыву нашай сталічнай філармоніі — Ансамбля салістаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова. Тур прысвячаўся 65-годдзю Вялікай Перамогі і складаўся з пяці канцэртаў у такіх гарадах, як Дамаск, Хомс (Сірыя), Бейрут і Трыпалі (Ліван).

/i/content/pi/cult/281/4441/Clip_23.jpgНа канцэрты, распавялі музыканты, збіраліся не толькі нашы суайчыннікі, але і мясцовыя жыхары. Вельмі цікавіліся беларускімі інструментамі, бо з балалайкай ужо былі знаёмы, а вось баян і домру некаторыя з іх бачылі ўпершыню. І асабліва здзіўляліся таму, што на іх можна з поспехам выконваць сусветна вядомую класіку. Найбольш віталіся Фантазія на тэмы песень ваенных гадоў, а таксама творы нашага Яўгена Глебава, якога некаторыя са слухачоў параўналі з Астарам П'яцола, чыя музыка таксама гучала ў беларускіх канцэртах.

Шмат уражанняў атрымалі і нашы музыканты. Для ўдзельнікаў ансамбля былі арганізаваны экскурсіі, а "гідамі" на іх выступалі супрацоўнікі нашага пасольства. Беларускія "пасланцы міру" пазнаёміліся з найстаражытнейшай культурай Бліжняга Усходу, пабывалі на Міжземным моры. І так асвоіліся "ў гасцях", што нават самі вялі апошні з канцэртаў: шчодра дарылі сваё мастацтва, не сквапячыся і на музычны гумар. "Агучвалі" канцэрт, праўда, па-руску, але з сінхронным перакладам на арабскую. Ну, а музыцы пераклад - не патрэбны.

Фота Юрыя ІВАНОВА

На здымку: ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"