На канцэрты, распавялі музыканты, збіраліся не толькі нашы суайчыннікі, але і мясцовыя жыхары. Вельмі цікавіліся беларускімі інструментамі, бо з балалайкай ужо былі знаёмы, а вось баян і домру некаторыя з іх бачылі ўпершыню. І асабліва здзіўляліся таму, што на іх можна з поспехам выконваць сусветна вядомую класіку. Найбольш віталіся Фантазія на тэмы песень ваенных гадоў, а таксама творы нашага Яўгена Глебава, якога некаторыя са слухачоў параўналі з Астарам П'яцола, чыя музыка таксама гучала ў беларускіх канцэртах.
Шмат уражанняў атрымалі і нашы музыканты. Для ўдзельнікаў ансамбля былі арганізаваны экскурсіі, а "гідамі" на іх выступалі супрацоўнікі нашага пасольства. Беларускія "пасланцы міру" пазнаёміліся з найстаражытнейшай культурай Бліжняга Усходу, пабывалі на Міжземным моры. І так асвоіліся "ў гасцях", што нават самі вялі апошні з канцэртаў: шчодра дарылі сваё мастацтва, не сквапячыся і на музычны гумар. "Агучвалі" канцэрт, праўда, па-руску, але з сінхронным перакладам на арабскую. Ну, а музыцы пераклад - не патрэбны.
Фота Юрыя ІВАНОВА
На здымку: ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова.