З кожнай сям’і — па частушцы

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Пасля доўгага дзесяцігадовага зацішша Слонімшчына вырашыла вярнуць сабе статус рэспубліканскага цэнтра сямейнай творчасці. Яшчэ ў дзевяностыя гады было кінута тут зерне такога фестывалю, які б паказваў і развіваў менавіта сямейную выканальніцкую і дэкаратыўна-прыкладную культуру беларускіх рэгіёнаў. Ужо другі фэст займеў добрую славу і шырокі размах, які выйшаў за межы краіны. Аднак фінансавыя і іншыя прычыны не дазволілі адбыцца трэцяму форуму. Сёлета Міністэрства культуры, упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і Слонімскі райвыканкам вырашылі: рэспубліканскаму фестывалю сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці” — быць!

Уваскрэсеная ідэя 

— На Беларусі шмат розных фестываляў, конкурсаў, — тлумачыць значнасць форуму загадчыца аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Святлана Раманюк, — але менавіта рэспубліканскага фестывалю сямейнай творчасці ў нашай краіне не было. Нарадзіўся ён дзякуючы Міністэрству культуры і асабістай ініцыятыве Тадэвуша Іванавіча Стружэцкага, які там працаваў. Гэта была менавіта яго ідэя — узняць сямейную творчасць, а чаму менавіта ў Слоніме — для мяне дасюль загадка. Мабыць, атмасфера тут такая…
Як толькі стала вядома, што фестываль мусіць адрадзіцца і 25 — 27 мая пройдзе, як і раней, у Слоніме, на яго адразу адгукнуліся творчыя сем’і. Прычым не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Расіі. Курскі дуэт маці і сына Балахніных, напрыклад, каб дабрацца да гасціннага Слоніма, вытрымліваў доўгія вакзальныя чаканні між чыгуначнымі перасадкамі. Шматдзетная акрабатычная сям’я Архімукоў, якая прыехала з Брэсцкай вобласці, узяла ў дарогу нават самага маладога ўдзельніка — немаўлятка, яму ўсяго некалькі месяцаў. Прычым яны — маці Ірына і яе шасцёра дзяцей — паказалі гледачам і журы даволі рэдкі від спартыўнага мастацтва — сямейную акрабатыку.
— Я сама спартсменка, майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы,— кажа маці і кіраўнік калектыву Ірына Архімук. — Калі ў мяне было яшчэ чацвёра дзяцей, мы заняліся сямейнай акрабатыкай. На Беларусі гэта не вельмі папулярны від спорту і творчасці, а вось у Расіі, дзе мы сталі некалькі гадоў таму чэмпіёнамі, рэгулярна праводзяцца чэмпіянаты па ім. Звычайна мы выступаем у Тэльмаўскім сельскім доме культуры, а тут нас запрасілі на рэспубліканскі фестываль, і мы з радасцю пагадзіліся. І хаця мы ўжо па-сур’ёзнаму не займаемся сямейнай акрабатыкай, але любім з дзецьмі выступаць як аматарскі калектыў на розных мерапрыемствах, асабліва калі можна павандраваць, пазнаёміцца з такімі ж актыўнымі сем’ямі.
Для сямейнага ансамбля дзевяці Ровенскіх з Мінска слонімскі фестываль стаў, напэўна, ужо знакавым. Калі яны ўдзельнічалі ў ім яшчэ дзесяць гадоў таму, іх было пяцёра: бацька, маці і трое дзяцей. І тым разам яны сталі лаўрэатамі. А сёлета сям’я прыехала са своеасаблівай“справаздачай” за дзесяцігадовы фестывальны перапынак: за гэты час да ансамбля далучыліся ўжо ўнукі, якія валодаюць беларускімі інструментамі ды народнымі танцамі не горш за сваіх бацькоў. І — атрымалі Гран-пры. Вось такая цікавая “тэндэнцыя” ў гэтай сям’і. 

Традыцыі ў квадраце 

Каб расказаць, што, уласна, уяўляе сабой сам фестываль, раскажам пра яго структурна. Складаецца ён умоўна з дзвюх частак — сцэнічнай і дэкаратыўна-прыкладной. І гэта правільна: на беларускай зямлі песня, танцы ды дэкаратыўнае мастацтва ідуць заўсёды побач.
Таму выбраная форма як нельга лепш адлюстроўвае культурнае багацце народных традыцый. Але, скажаце вы, у чым тут “разыначка”? Існуе ж безліч такіх фэстаў — ад раённых да міжнародных. А соль якраз у тым, што ўся гэтая культура захоўваецца і перадаецца нашчадкам менавіта праз сям’ю. А сямейныя калектывы — гэта захаваныя ды замацаваныя традыцыі ў квадраце.Чым сустракаў цікаўных трэці рэспубліканскі фестываль? Канешне, песнямі ды танцамі, з якімі адпачываюць і весяляцца на Гродзеншчыне, Брэстчыне, Магілёўшчыне…
Сцэна раённага
Дома культуры ў Слоніме стала на час свята своеасаблівым мікракліматам кожнай сям’і, дзе гучалі частушкі пра сямейнікаў, суседзяў, каханне, жарсці, сум ды проста пра ўсё тое, што адбываецца ў жыцці. Асабліва запаміналіся жвавыя сівагаловыя дзяды, якія скакалі на сцэне так, што давалі фору маладым, ды галасістыя бабулі, моцы галасоў якіх можна было толькі дзівіцца: калі зараз голас такі, які ж ён быў у маладосці?! Традыцыйнае выканальніцтва раз-пораз разбаўлялася “папсовымі” матывамі. Напрыклад, малы з клана Логінавых, што з Віцебшчыны, выканаў знаёмы ўсім радыёхіт “Чорны “бумер” на балалайцы. А гродзенец з Галавенкавых паспрабаваў “даслаць” “Ліст на Еўрабачанне”.
 

Нібы язык праглынуў 

 На фоне самых разнастайных песень беларусаў вылучаліся выступленні палякаў з Шыплішкаў Сувальскага павета, якія прапагандуюць польскія народныя песні і танцы ў чыстым выглядзе.
Гледачам госці запомніліся не толькі сваімі выступленнямі, але і адным “прыколам”, які павесяліў усіх. Справа была за вячэрай. Гасцінныя слонімцы вырашылі для лепшага знаёмстваі добрага настрою гасцей за сталом учыніць жарты-песні-танцы-забаўлянкі. Сэнс адной жартаўлівай забаўлянкі быў у тым, што мужчыны ў трох вольна набраных парах павінны былі паспрачацца між сабой у хуткім паяданні вараных яек з дапамогай сваіх напарніц.Самым спрытным паглынальнікам аказаўся рослы мужчына. “Пераможца, прадстаўцеся”, — кажуць яму. А ён дажоўвае апошняе яйка і толькі ўсміхаецца. “Прадстаўцеся”, — паўтараюць. Ён зноў маўчыць. Мабыць, папярхнуўся чалавек, вымавіць слова не можа, — усе прысутныя насцярожыліся. “Вы што, імя свайго не памятаеце?” І тут выбягае перакладчыца і кажа: “Паляк ён, не разумее па-беларуску!” Як тут было не пасмяяцца?!А яшчэ запомніўся польскі калектыў надзвычай сур’ёзным стаўленнем да фестывалю-конкурсу. Да позняй ночы яны рэпеціравалі ў холе гасцініцы свае танцы пад гармонік, забаўляючы адміністратара. Вось каму першаму са слонімцаў пашанцавала ацаніць польскія народныя песні і хараводы. 

“Вулічнае” мастацтва 

Сонечная вуліца ля Дома культуры мела свой рытм і парадак. Менавіта на ёй, а дакладней на прыступках РДК, размясціліся творы з лазы, керамікі, лёну, саломкі, паперы і г. д. ад сямейных тандэмаў майстроў і майстрых.Кожны з іх прапагандаваў мастацтва свайго рэгіёна, якое, як гэта звычайна і бывае, адрозніваецца малазаўважнымі, але, тым не менш, значнымі дробязямі, аўтарскай тэхнікай.
— Калі вы заўважылі, — тлумачыць мне лозапляцельшчыца Тамара Багдановіч з Горак Магілёўскай вобласці, — лазовыя творы майстрыхі ў пачатку ланцужка выстаўкі — самыя звычайныя, якія мы бачым паўсюль, і не маюць карункаў. А нашы з мужам вырабы адрозніваюцца менавіта разнастайнасцю аўтарскіх карункаў, якія мы самастойна распрацоўваем для сваіх прадметаў. Таму нашы родзічы — самыя жаданыя госці на Магілёўшчыне: калі да каго ідуць — з сабой бяруць карункавыя падарункі з лазы, якія нідзе не набудзеце за грошы. Аднойчы быў у мяне такі выпадак на выстаўцы. Падышоў да мяне чалавек, глянуў на вырабы і сказаў: “Ну, гэтак любы можа сплесці!”. Пасля гэтай ганарыстай і крыўднай заўвагі ў мяне нарадзілася ідэя стварыць вось гэтую кампазіцыю мушкетаў, якую я назвала “Запрашэнне да творчай дуэлі”. І цяпер, калі нехта пажадае паспаборнічаць са мной у майстэрстве лозапляцельшчыка, у мяне знойдуцца лазовыя мушкеты для такой вось творчай дуэлі, — засмяялася майстрыха. 

Бог не роўна дзеле 

Калі для некаторых удзельнікаў фестываль — гэта магчымасць годна прадставіць вобласць, раён, свае традыцыі і майстэрства, дык для іншых народных майстроў удзел у конкурсах, выстаўках становіцца неабходнасцю творчага выжывання. Пра гэта з болем у сэрцы распавёў кераміст, супрацоўнік кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнага выхавання Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.Пушкіна Валерый Марчук.
— Для нас, народных майстроў, — пачаў ён размову, — удзел у любым падобным мерапрыемстве — гэта важкая аргументацыя для кіраўніцтва нашага ВНУ на карысць мэтазгоднасці нашага творчага існавання. Зараз, на вялікі жаль, атрымліваецца, што па тых ці іншых прычынах рамёствы гінуць. Калі б, прыкладам, мы з жонкай не ўдзельнічалі ў выстаўках, конкурсах і гэтак далей, нашу кафедру, дзе мы выкладаем рамёствы, можна было б закрыць. А так хоць дзякуючы гэтым мерапрыемствам мы “даем справаздачу” і даказваем мэтазгоднасць і значнасць рамёстваў. Атрымліваецца, што народную прамысловасць, ды і мастацка-эстэтычнае выхаванне ўвогуле, сёй-той не лічыць неабходнымі для выкладання ў ВНУ. Хаця ўжо даўно даведзена, што абсалютна ўсіх спецыялістаў трэба вучыць развіваць пачуццёвае ўспрыняцце, без якога немагчымы прагрэс.
На жаль, мы, майстры і выкладчыкі, адчуваем такое стаўленне да мастацтва, што яго нібы можа і не быць. З гэтай праблемай мы звярталіся да нашых рэктара, прарэктара, а яны нам адказвалі, што нас прасцей закрыць, чым знайсці выйсце. Маўляў, разбірайцеся са сваім мастацтвам самі. Мы сёння зусім занядбаны. Зайдзіце ў нашы майстэрні-падвалы, дзе працуюць студэнты: памяшканне нельга праветрыць, яно рэгулярна затапляецца вадой, у майстэрні смурод, там усё гніе, пакрываецца плесенню, тэкстыль увогуле немагчыма зберагчы. Нас ужо параўноўваюць з шампіньёнамі, дзецьмі падзямелля. Прабачце, што кажу вам пра гэта ў святочныя фестывальныя дні, але ўжо так набалела, што нельга маўчаць. 

Бочка мёду і лыжка дзёгцю 

Тры дні панавала свята сямейнай творчасці. Усе 28 сем’яў-удзельніц атрымалі падарункі, якія прадаставілі слонімскія прадпрыемствы і камерцыйныя структуры, а таксама — дыпломы ўдзельнікаў, лаўрэатаў лепшай конкурснай праграмы, спецыяльныя дыпломы і, канешне, Гран-пры. Настаў час развітвацца, абменьвацца ўражаннямі ад фестывалю.
Амаль усе былі задаволены, бо ўсё прайшло добра. Аднак быў адзін вельмі сумны факт: горад не выказаў глядацкай зацікаўленасці да мерапрыемстваў фэсту — зала была амаль пустая, калі не лічыць журы на чале з М.Дрынеўскім ды саміх удзельнікаў.
— Пакуль я тут блукаў па вуліцах ля РДК, — падзяліўся назіраннем наш вадзіцель мікрааўтобуса, што прывёз журы ў Слонім, — дык мяне не раз спынялі слонімцы ды распытвалі: а што, маўляў, тут адбываецца? І я, мінчанін, ім паведамляю: фестываль у вас тут, у Слоніме. Не пабачыў я ніякай рэкламы мерапрыемстваў. Вісела афіша толькі ля самога Дома культуры…
— Сорамна мне за нашых слонімцаў, — казала жыхарка горада Таццяна Міхайлаўна. — Калі праходзяць у нас святы ды выступленні, дык нават забясплатна іх у залу не зацягнуць. А я ж ведаю, што калі нашы ансамблі выступаюць, прыкладам, у Польшчы, дык на выступленні там квіткі і за грошы нялёгка набыць. А ў нас — не тое. А былі ж аб’явы і па радыё, і ў газетах, што 25 — 27 мая будзе фестываль, прыедуць калектывы з усіх абласцей ды замежжа… Сорамна… 

Быў трэці, будзе і чацвёрты 

І ўсё ж фестываль сямейнай творчасці адбыўся. Кіраўніцтва раёна, вобласці, Міністэрства культуры, журы адзінадушна гаварылі: рэспубліканскі форум сямейнай творчасці не павінен знікнуць.— Хацелася б толькі, каб ён стаў больш значным, — зазначыў старшыня Слонімскага райвыканкама Мечаслаў Касцюк,— ды каб падняўся яго статус, павялічылася колькасць удзельнікаў. Сёлета прыехалі каля 250 удзельнікаў, 28 сямейных калектываў. Трэба, каб ягоны парастак вырас у моцнае дрэва жыцця. І думаю, што ён абавязкова павінен атрымаць пастаянную прапіску ў Слоніме і штогадова праводзіцца на нашай зямлі. Бо гэта не толькі свята, але і ўмацаванне стасункаў, культурны абмен між краінамі, абласцямі. Бо нават з дальняга замежжа праяўляецца да яго цікавасць.
— І было б выдатна, — дадае Святлана Раманюк, — каб гэтая ідэя перарасла ў фестываль кшталту міжнароднага “Славянскага базару”. Бо сям’я — гэта, вядома ж, не толькі ячэйка грамадства, але і ядро нашай дзяржавы, яе бяспека і стабільнасць.

Святлана ЖУРАЎСКАЯ
Мінск — Слонім — Мінск
Фота аўтара