Вуліца, якая глядзіцца ў люстэрка

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе выстаўка графікі “Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі”. Экспазіцыя вясной распачала Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

/i/content/pi/cult/281/4439/Clip_18.jpgСказаць шмат праз малое, "падгледзець" нешта, чаго ніхто больш не ўбачыць у такім ракурсе, зрабіць унікальнае абагульненне - ці не ўдача ўсё згаданае для мастака? Такія рысы твораў можна заўважыць ва ўсёй экспазіцыі ў музеі: яна не мае ніводнай павярхоўнай работы. Выстаўка сабрала цікавых маладых аўтараў, якія мелі на мэце сказаць - і сказалі- новае слова ў айчыннай графіцы, як у тэмах, так і ў тэхніцы. Мастакі адлюстравалі сумныя, напружаныя і спакойныя моманты жыцця, паспрабавалі стварыць разумную казку або пасвойму разгадаць пэўную філасофскую загадку...

Мала тут дэкаратыўных элементаў, імкнення да прывабнасці... Так, нагадвае габелен графічны аркуш Настассі Дунец "Заслона", што змяшчае ў сабе элементы фігуратыўнага і нефігуратыўнага мастацтва. Моцная энергетыка - у лаканічным дыптыху Ганны Ціханавай "Канатаходцы", чыя выразнасць выяўляецца /i/content/pi/cult/281/4439/Clip_19.jpgпры дапамозе процілеглай манеры: ламаных ліній, халодных колераў, наўмыснай рэалістычнасці. Жаночыя і мужчынскія пальцы - белае на цёмным фоне - паказваюць эмацыйнасць характараў: вытанчанасць і моц, палкія ўзаемаадносіны, жаданне зрабіць свой пункт гледжання адным з магчымых.

У афортах Юрыя Якавенкі незвычайна арганізавана прастора: яго асобныя творы - быццам фрагменты адной вялікай мазаікі, што прысвечана старажытным міфам. Дакладнасць дэталей і своеасаблівая фантазія мастака прымушаюць затрымацца каля твораў, і хочацца іх павялічыць, каб лепш разгледзець дробныя элементы. Работа "Адлюстраванне" Соф'і Піскун, на якой - гарадская вуліца, бы ў люстэрка, глядзіцца ў ваду, па словах аднаго з наведвальнікаў выстаўкі, прываблівае сваёй натуральнасцю, задуменнай атмасферай. А аркушы "Той, які сядзіць" і "Шпацыр" Таццяны Радзівілка запрашаюць гледачоў "дадумваць" адчуванні і развагі за герояў, каго мы можам бачыць толькі часткова...