У кожнага — свая фантастыка

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

II Мінская міжнародная біенале “Colorfest” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі дорыць магчымасць аматарам жывапісу паназіраць за сучаснай творчасцю яркіх мастакоў Еўропы і пабачыць новыя работы айчынных аўтараў. Рэалістычныя і сюррэальныя, нефігуратыўныя, стрыманыя ў колерах і з безліччу адценняў — эпітэтаў да гэтых твораў можна падабраць шмат. Становіцца нават шкада, што многія гараджане, якія не змогуць наведаць бібліятэку ў час летніх адпускоў, не ацэняць гэтыя работы і высокі статус галерэй установы.

/i/content/pi/cult/281/4438/Clip_16.jpgБуяннем фарбаў, колеравымі выбухамі, што апраўдваюць назву экспазіцыі, сустракаюць палотны італьянскага мастака Віторыа Сода. Можна пашукаць у сюжэтах будучыню або сучаснасць, можна проста падзівіцца на эмацыйныя ўсплёскі "кіслотных" адценняў, якія нельга сумясціць у жыцці, аднак работы - запамінаюцца. І патрэбна некалькі імгненняў, каб выслабаніцца ад іх "атакі" і перайсці да прагляду карцін наступных творцаў. А з работ беларускіх аўтараў найбольш нечаканымі па каларыстыцы падаліся карціны Кацярыны Сумаравай (паліпціх "Панарама года"). Чаму? Паспрабуйце выявіць канкрэтныя рэчы праз абстрактнае, маючы ў якасці інструмента толькі тоны і іх адценні... Маладая мастачка зрабіла гэта надзвычай эстэтычна, тонка і выразна.

Украінскі творца Антон Логаў скарыстаў у сваіх работах толькі чорны, карычневы і шэры колеры, аднак яму для ўздзеяння не патрэбна "квецень". Адчуванне закінутасці, небяспекі гучыць з яго палотнаў. Міжволі настройваешся на сур'ёзны лад, калі ўглядаешся ў "Партрэт персідскай дзяўчыны", выкананы мастаком з Бахрэйна Абасам Аль Масаві. А вось партрэтныя работы іншых тв/i/content/pi/cult/281/4438/Clip_17.jpgорцаў скіраваны на тое, каб упрыгожыць прастору, нібыта зрабіўшы яе мякчэйшай.

Так, своеасаблівы, крыху дзіўны, падыход да выявы жанчыны паказвае Патрыцыя Команд. Работы Рыкарда Бенвенуцці - вельмі высокай якасці, больш набліжаныя да сучаснасці, вытанчаныя, нібы выдыхаючыя эратызм.

 Асобную экспазіцыю ў галерэі "Атрыум" складаюць творы італьянца Рафаэля дэ Роза, які прапаноўвае нам трапіць у мінулае (што, дарэчы, нагадвае фэнтэзі або камп'ютэрную гульню). Ён - майстар у кампазіцыйнай пабудове твораў. А ў адказ можна прывесці работы айчыннай мастачкі Таццяны Кандраценка, якая вельмі смела эксперыментуе з размяшчэннем невялікіх выяў людзей, аб'ектаў у аб'ёмнай прасторы: яны скачуць, лунаюць у паветры. У кожнага мастака - свая фантастыка.