Графіка без “свавольстваў”

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Выстаўка графікі беларускага мастака Паўла Татарнікава працуе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Для многіх гледачоў гэтая падзея была доўгачаканай: вялікая экспазіцыя знаёміць з яго творчасцю за апошнія дзесяць гадоў.

/i/content/pi/cult/281/4437/Clip_14.jpgАсаблівую ўвагу варта звярнуць на серыю работ "Брама мінулага", якую Беларускі саюз мастакоў і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў вылучаюць на суісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2010 года ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Паданні і рэальныя гістарычныя падзеі, помнікі Беларусі і краявіды, ілюстрацыі да замежных твораў - усе тэмы адлюстраваны аўтарам вобразна і дакладна. Мы бачым бездакорныя графічныя лісты, без абстрактных "свавольстваў" або недакладнасцей, на якія часта штурхае непаслухмяная акварэль (у мастака яна - ціхая "служка"), аднак вока затрымліваецца не на гэтым. Ад аднаго твора да другога пераходзіш з захапленнем ад стылю мастака: тут - іранічны гумар у выяўленні казачных герояў, шчырыя пачуцці на тварах асоб, колеравая гармонія. Зялёны, бы трава, карычневы, бы зямля, чырвоны, бы заход сонца, - любімыя ў палітры мастака, і яны вельмі пасуюць самому вобразу нашай зямлі.

/i/content/pi/cult/281/4437/Clip_15.jpg"Мы маем сапраўды адметнага майстра, што можа годна прадставіць нашу краіну на любым узроўні за мяжой, - адзначыў на вернісажы калега Татарнікава, графік, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. - Выбраць мастака, які дастойны прэміі, заўсёды вельмі складана, але тут Саюз не сумняваўся: большасць прагаласавала аднадушна, каб падтрымаць менавіта гэтую кандыдатуру". Мастацтвазнаўца Міхаіл Баразна заўважыў: "Работы Паўла Татарнікава - гэта вынік вельмі глыбокай працы інтэлекту і таленту. І хоць манера яго - класічная, на выстаўцы можна заўважыць нечаканыя творы з арыгінальнай кампазіцыяй". У экспазіцыі, акрамя серыі "Брама мінулага" (1998 - 2008 гг.), можна ўбачыць ілюстрацыі да кнігі Джона Мэцьюза "Артур - кароль Альбіёна" (2006 - 2007 гг.), серыю "Уладары і дойліды Гародні" (2008 - 2009 гг.).