Папулярны art

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Выстаўка-конкурс сучаснага беларускага мастацтва, прысвечаная Эндзі Уорхалу, адкрылася ў Музеі гісторыі беларускага кіно.

"Рабі мастацтва папулярным" - такі дэвіз мае экспазіцыя, якая распачала сваю працу 6 жніўня, у дзень нараджэння гэтага знакамітага мастака, дызайнера, скульптара, рэжысёра. Для маладых творцаў, што спрабавалі сябе ў поп-арце, адбудзецца конкурс, вынікі якога падвядуць 12 жніўня, як адзначыла куратар выстаўкі Ганна Альховік. Журы, якое складаецца з членаў Беларускага саюза мастакоў, а таксама дызайнераў і фатографаў, ацэніць работы. Асаблівую цікавасць конкурс выклікаў у студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: яны прадставілі жывапіс і аб'ёмныя аб'екты ў стылі поп-арт, якімі так славіўся Эндзі Уорхал. Пасля падвядзення вынікаў аўтары самых цікавых работ атрымаюць дыпломы і падарункі. Арганізатары ўпэўнены, што поп-арт, хоць і падаецца простым, даступным для масавай аўдыторыі мастацтвам, але мае рысы элітарнай творчасці. Пад час экспазіцыі ў музеі будуць дэманстравацца фільмы пра гэтую з'яву ў гісторыі XX стагоддзя.