“Кіно — бізнес… касмічны”

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Любы кіназнаўца скажа, што карціна пачынаецца са сцэнарыя. Тым не менш, для шараговага гледача спатканне з мастацтвам экрана адбываецца з глядзельнай залы кінатэатра. Ад таго, як гэтая зала будзе выглядаць, ці будзе яна мець зручныя крэслы, кандыцыянер, ці з’явяцца на яе экране самыя апошнія відовішчныя стужкі, залежыць поспех усяго кінематаграфічнага ланцужка “студыя — дыстрыб’ютэр — пракат”, большая частка якога нябачная шырокай публіцы. “Культура” працягвае адсочваць актуальную сітуацыю ў развіцці айчыннага кінапрацэсу. Гэтым разам нашым суразмоўцам стаў чалавек, ад якога якраз і залежаць уражанні гледача ад сустрэчы з пэўнай стужкай. А нагодай для гутаркі з генеральным дырэктарам УП “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама Васілём КОКТЫШАМ стала, сярод іншага, і ягонае шасцідзесяцігоддзе.

/i/content/pi/cult/281/4433/Clip_13.jpgКніга - цікавейшая

- Васіль Пятровіч, ці памятаеце вы свае першыя ўражанні ад сустрэчы з кіно?

- Як ні дзіўна, добра памятаю сваю першую кнігу, нават малюнкі ў ёй: гэта была руская казка "Марозка". Наша пакаленне любіла чытаць, павага да друкаванага радка прывівалася з маленства. Я, напрыклад, навучыўся чытаць яшчэ да таго, як пайшоў у школу: імкнуўся да навукі ўслед за братам, які на шэсць гадоў старэйшы за мяне. Што да першай стужкі, то яе якраз узгадаць дакладна не магу. Жылі мы ў вёсцы Зубелевічы Ляхавіцкага раёна. Сваёй кіназалы, зразумела, там не было. Фільмы прывозіла кінаперасоўка, круцілі іх у актавай зале школы, для чаго даводзілася завешваць вокны. Білет каштаваў пяць капеек - грошы быццам бы невялікія, але для сялянскіх дзяцей і тое было сумай. Запомнілася, што для тых, хто прыносіў свае заслоны для "светамаскіроўкі", уваход быў вольны...

- Калі не стужкі, то якія кнігі зрабілі на вас уражанне?

- Самае вялікае ўражанне пакінуў Габрыэль Гарсія Маркес і яго "Сто гадоў адзіноты". Парадаксальна, але знаходжу нейкае падабенства гэтай кнігі з кінакарцінай Тома Тыквера "Парфюмер", бо і там, і там героі знікаюць бясследна, не пакінуўшы нашчадкаў. Лічу, чытаць кнігі вельмі карысна: яны даюць глыбокія, а не павярхоўныя веды.

- А што прывяло непасрэдна ў пракат?

- Трапіў туды амаль выпадкова. Але ніколі аб гэтым не шкадаваў, наадварот: лічу, тое быў шчаслівы выпадак. Пачынаў як майстар Лоеўскай раённай кінасеткі. Працаваў сумленна на гэтай тэхнічнай пасадзе і ніколі не думаў, што магу змяніць яе на працу з паперамі. Але, неўзабаве запрасілі на пасаду ў Дзяржаўны камітэт па кінематаграфіі БССР. Думаю, арганізатарскія здольнасці былі ў мяне яшчэ з дзяцінства, і вось, яны атрымалі шанц выявіцца. Праца ў тагачасным Дзяржкіно была вельмі цікавай, шмат дала мне ў прафесійным плане. Атрыманы вопыт дапамог мне не разгубіцца ў складаных рынкавых адносінах, прыступіць да адраджэння сталічных кінатэатраў у новых умовах.

- Пачатак 1990-х быў складаным для ўсяго кінематографа...

- Але гэта быў і вельмі цікавы перыяд! Рынак тады толькі нараджаўся, годных стужак на ім было не шмат: даваўся ў знакі байкот, які нам аб'явілі буйныя галівудскія студыі з-за вялікай колькасці пірацкіх стужак у краінах былога СССР... Тым не менш, калі ў 1991 годзе ў Мінску я арганізаваў першы кінарынак, на яго прыехала больш за 900 ўдзельнікаў, што прывезлі на продаж звыш 400 стужак! Паступова, крок за крокам, сітуацыя стабілізавалася, і калі я ў 1997-м узначаліў сталічны пракат, можна было рабіць смелыя планы на будучыню. Дарэчы, тая канцэпцыя развіцця сталічнай кінапракатнай сеткі, якую мы падрыхтавалі і якая была прынята Мінгарвыканкамам у тым жа 1997 годзе, актуальная і па сёння. Нам удалося захаваць структуру пракату, пры якой дыстрыб'юцыяй стужак і іх паказам займаецца адна і тая ж арганізацыя - УП "Кінавідэапракат Мінгарвыканкама". Гэтая схема эканамічна найбольш эфектыўная, бо заробленыя сродкі ўкладаюцца ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы кінатэатраў. На сённяшні дзень мы абыходзімся без датацый, што з'яўляецца вельмі добрым паказчыкам для ўсёй галіны.

Мастацтва і бізнес

- Сучаснае кіно - гэта мастацтва або бізнес?

- Адназначна - бізнес: сур'ёзны, адказны, які жыве па законах, агульных для рынкавай эканомікі. Умовы існавання ў свеце кіно - даволі жорсткія, звычайна ніхто нікому не патурае. Таму прабівацца на рынак, даводзіць, што мы - надзейныя партнёры, было вельмі складана. Асабліва - з самага пачатку, калі сусветныя кінахіты своечасова не траплялі на нашы экраны. Першай ластаўкай была стужка Джорджа Лукаса "Зорныя войны. Эпізод І" летам 1999-га. Гэта быў першы галівудскі блокбастэр, які мінчане ўбачылі адначасова з ўсім светам. А вось "Сібірскі цырульнік", што выйшаў у тым жа годзе, прывезці своечасова не ўдалося... Перамовы былі складаныя, але дамовіцца з маскоўскімі дыстрыб'ютэрамі адразу не здолелі, - нашы гледачы былі вымушаны пачакаць колькі месяцаў. Дарэчы, калі раней даводзілася ўпрошваць аддаць нам стужку для пракату, то цяпер, наадварот, цяжка "адбіцца" ад настойлівых прапаноў шэрагу кінакампаній. Мінскі пракат атрымаў рэпутацыю надзейнага партнёра, мы інтэграваны ў сусветную сістэму пракату, таму ахвотных дэманстраваць у нас свае стужкі з кожным годам становіцца ўсё больш.

 - Відаць, пытанне правядзення перамоў у пракатчыкаў - адно з самых важных... Ці ёсць у вас нейкі асаблівы сакрэт паспяховых перагавораў?

- Ніякага сакрэту няма, бо кожныя перамовы не падобныя на папярэднія. Заўважыў, калі іду на перамовы, як студэнт на сустрэчу з строгім прафесарам, - хвалююся, не спадзяюся на станоўчы вынік,- часцей за ўсё перамовы праходзяць "на выдатна". І наадварот: калі ўпэўнены, што ўсё ведаю і хвалявацца не трэба, - на перамовах даводзіцца несалодка... Наогул, галоўнае тут - добрая рэакцыя: трэба ўмець хутка прымаць рашэнні і адказваць на пытанні. Звычайна рыхтую адказ за тыя некалькі секунд, пакуль перакладчык перадае мае словы замежнаму партнёру. Бывае, і тых секунд дастаткова, каб пераканаць у сваім пункце гледжання. Таксама важна прывесці трапны аргумент на сваю карысць. Неаднойчы мне наўпрост задавалася пытанне пра кошт білетаў у мінскіх кінатэатрах: маўляў, чаму яны такія танныя? І сапраўды: палітыка коштаў на білеты ў нашых кінатэатрах праводзіцца такім чынам, каб кіно было даступнае абсалютна ўсім катэгорыям гледачоў. Даводзіцца тлумачыць сваім замежным калегам, што калі цэны на білеты падымуцца, глядач пойдзе да гандляроў дыскамі. З такім аргументам звычайна пагаджаюцца. Тым больш, што канкурэнтаў сёння ў кінатэатраў хапае: стужкі цяпер можна паглядзець на DVD, BluRay, лёгка спампаваць з Інтэрнета. Мой унук мне так проста і кажа: "Дзядуля, а навошта хадзіць у кінатэатр, калі ўсё можна паглядзець на камп'ютэры?"

Стэрэашанцы для плоскага экрана

- Атрымліваецца, шанцаў у кінатэатраў не шмат?

- Чаму ж? Хадзіць у кінатэатры людзі ніколі не адмовяцца, бо гэтыя паўтарыдзве гадзіны ў паўцёмнай зале дазваляюць забыцца на побытавыя цяжкасці, апынуцца ў дзіўным свеце фантазій. Наведванне кінатэатра, - па-ранейшаму, бадай, лепшы варыянт адпачынку, у тым ліку сямейнага. Тым больш, што кіно, яго тэхнічныя магчымасці змяняюцца літаральна на вачах. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што праз 10 гадоў, а можа, нават, і хутчэй, падобныя ўстановы будуць працаваць зусім па-іншаму.

- Вы маеце на ўвазе лічбавую праекцыю і стэрэа, так званае 3D?

 - І не толькі гэта. Хоць "лічбавая рэвалюцыя" будзе самай уплывовай. У Мінску яна ўжо пачалася: неверагодны поспех кінатэатра "Кіеў" - таму сведчаннем. У планах на гэты год - "Салют" і "Цэнтральны". Плёнка, да якой мы прызвычаіліся, хутка стане рарытэтам: праекцыя ў кінатэатрах будзе весціся выключна з лічбавых носьбітаў. Сёння фільмы дастаўляюцца ў кінатэатр па пошце на спецыяльным прыстасаванні- адмысловым жорсткім дыску памерам з невялікую скрыню. Але ўжо ёсць тэхналогія, па якой карціну ў найлепшай якасці можна спампаваць непасрэдна ў кінатэатр праз касмічны спадарожнік або камп'ютэрную сетку. Відаць, будучыня - менавіта за апошняй схемай.

- Ці адбіваюцца яны на якасці саміх стужак?

- З кожным годам фільмы становяцца ўсё больш дасканалымі з тэхнічнага боку і, на вялікі жаль, усё менш інтэлектуальна насычанымі. Трэба разумець, што кіно - відовішча, прызначанае, найперш, для адпачынку. Наша задача як пракатчыкаў - зрабіць гэты адпачынак максімальна камфортным для гледача, а выбар стужак - шырокім. Таму няспыннае развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы - наша галоўная мэта. Інакш можна хутка апынуцца ў аутсайдэрах.

- Якія ж перспектывы ў 3D? Стэрэакіно з'явілася яшчэ ў 1950-я- 60-я гады, але магістральным накірункам развіцця не стала. Ці можа пераход на "лічбу" гарантаваць 3D распаўсюджанне?

- Усё будзе залежаць ад глядацкага попыту. Сёння, пасля трыумфальнага шэсця па свеце стужкі Джеймса Кэмерана, попыт на 3D надзвычай высокі. Касавыя зборы "Аватара" імгненна адбіліся на прапанове: калі паглядзець спіс стужак, што прапануюць вытворцы на восень гэтага года, то можна ўбачыць тры-чатыры стэрэакарціны кожны тыдзень. Калі хваля цікаўнасці да 3D не спадзе, то можна быць упэўненым, што гэтая тэхналогія будзе развівацца надалей, і праз пяць-шэсць гадоў пры праглядзе стужкі з аб'ёмнай выявай ніякіх адмысловых акуляраў не спатрэбіцца. Аднак, я ўпэўнены, звычайнае двухвымернае кіно стане па-ранейшаму здымацца і паказвацца нароўні са стэрэаатракцыёнамі.

- Ці складана выбіраць стужкі для мінскага гледача?

- Спецыфіка выбару стужак - у тым, што кантракты падпісваюцца звычайна за два месяцы да прэм'еры, таму даводзіцца меркаваць аб якасці будучай карціны па рэкламным роліку, а таксама па апісанні сюжэта, імёнах акцёраў... Калісьці прадаваліся гатовыя стужкі, і я заўважыў: маё меркаванне вельмі часта не супадае з меркаваннем шараговага гледача. Таму (справа ёсць справа!) часта даводзіцца браць стужку, якая асабіста мне не падабаецца, але, хутчэй за ўсё, будзе ўхвалена глядацкімі масамі. Стараюся ўспрыняць фільм вачамі таго, каму стужка прызначана.

 

Галоўнае - давер гледача

- Васіль Пятровіч, наступнае пытанне - балючае для кожнага, хто зацікаўлены ў развіцці нацыянальнага кінематографа: чаму беларускія стужкі пакуль не карыстаюцца вялікім глядацкім попытам?

- Поспех любой кінематаграфіі- найперш, у імёнах. Ніякая краіна тут не выключэнне. Згадайма той самы "Аватар": глядач пайшоў не толькі на 3D-тэхналогію, але і на "зорнае" імя Джеймса Кэмерана. І той не расчараваў сваю публіку. Што да нашага кіно, дык яму гучных імёнаў - акцёраў, рэжысёраў - відавочна не хапае. З-за цяжкасцей на пачатку 1990-х наша кінамастацтва згубіла цэлае пакаленне творцаў. Цяпер гэта даецца ў знакі. Тая моладзь, што прыйшла ў прафесію, яшчэ толькі робіць першыя крокі, і, трэба сказаць, даволі няўпэўненыя. Глядач адвык ад самой думкі, што беларускае кіно можа быць цікавым. Давайце ўзгадаем касавыя хіты Ігара Дабралюбава, Валерыя Рыбарава: глядач з задавальненнем ішоў на кіно з маркай "Беларусьфільм". З найноўшай гісторыі можна прыгадаць толькі поспех "Анастасіі Слуцкай". Галоўная задача - вярнуць давер гледача, а гэта немагчыма без з'яўлення значных постацей. Спадзяюся, хутка сітуацыя зменіцца, і нашы стужкі будуць канкурыраваць з замежнымі на роўных. Ну, а мы, пракатчыкі, зробім усё магчымае, каб беларусы глядзелі беларускае кіно з камфортам і атрымлівалі адно задавальненне!

Фота Юрыя ІВАНОВА