Калі аўтобус прыбывае да канцавога прыпынку?, або Як дабрацца да Здраўнёва?

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Напярэдадні публікацыі матэрыялаў летняга “Турпраекта” “К” мы зноў закранаем сядзібную тэму. Гэтым разам — у ракурсе “абрастання” такіх месцаў адпаведнай інфраструктурай. Разабрацца ў сітуацыі з транспартным забеспячэннем Музея-сядзібы мастака Іллі Рэпіна “Здраўнёва” падказаў ліст нашага чытача. Апошняе яшчэ раз засведчыла: тэма спадчыны нашых сядзіб — актуальная і патрабуе далейшага разгляду.

/i/content/pi/cult/281/4432/Clip_12.jpgБыў у Ветцы пан

У маёй роднай Ветцы, як і ў кожным беларускім мястэчку, жыў калісьці пан. І быў ён, ва ўсведамленні ўласнай культурна-асветніцкай ролі, для гэтай мясцовасці чалавекам не абы-якім: і бібліятэку меў, і жывапісныя работы збіраў, і ў вялікіх аматарах тэатральнага мастацтва значыўся, як, зрэшты, і любы "магнат" з мястэчка, што так-сяк дбаў хоць пра нейкую адукацыю мясцовага люду паспалітага. Але гаворка зараз пра іншае: пра панскую сядзібу ды прылеглую да яе тэрыторыю. Драўляны архітэктурны комплекс займаў калісьці аж два сённяшнія гарадскія кварталы. Засталася ад яго ў цэнтры Веткі толькі адна будыніна, цяпер там- кінавідэапрадпрыемства. У час майго юнацтва знішчана была і частка прылеглага старасвецкага парку (прыбудавалі тут стадыён). Але тое, што засталося, ды плюс два злучаныя паміж сабой стаўкі- на мой погляд, па-ранейшаму самая жывапісная частка гістарычнага веткаўскага ландшафту. І былі колісь у парку атракцыёны, і плавалі па возеры катамараны. Цяпер толькі Купалле ладзіцца...

 

Белыя плямы на карце вандровак

На пачатку лета патэлефанаваў знаёмы: "Падкажы, да якіх малавядомых гістарычных сядзіб можна праехаць на ўласным аўтамабілі пад час адпачынку? Бо ў Міры і Нясвіжы ўжо некалькі разоў быў..." Падказаў, што ехаць варта ў Жылічы (Кіраўскі раён Магілёўшчыны), дзе поўным ходам адраджаецца рэзідэнцыя паноў Булгакаў, і ў Іванава (Іванаўскі раён Брэстчыны), дзе гэтак жа паспяхова адбудоўваецца сядзіба Напалеона Орды: ёсць што пабачыць, а пераначаваць і ў машыне можна. Апошняе сябра ніяк не аспрэчыў, бо прыдарожны сервіс наш, што ні кажы, яшчэ далёкі ад ідэалу. А наконт першага зазначыў, што даўно ўжо прыспеў час стварыць карту сядзіб Беларусі - і не толькі колішніх панскіх, але і сялянскіх, аўтэнтычных, з сапраўднымі млынамі, свірнамі і вінакурнямі... На жаль, такой карты пакуль няма. Як, дарэчы, няма і аўтэнтычных сялянскіх сядзіб, бо створанае ў Дудутках- не эталон адносна традыцыйнага вясковага побыту, а Музей архітэктуры ў Строчыцах - ён і ёсць музей, і не пахне ў ім сырадоем або свежазмолатай мукой... Дарэчы, у сённяшніх аграсядзібах час ад часу гэтыя пахі можна адчуць, але гэтыя "навадзелы" нагадваюць, хутчэй, вясковыя гасцінічныя комплексы з "абсучасненай" імітацыяй сялянскага побытавага экзоту. І дзе тая залатая сярэдзіна?..

Да гэтых "сядзібных" разваг у пэўнай ступені падштурхнуў актыўны чытач нашай газеты і яе пазаштатны аўтар - Канстанцін Карнялюк з Віцебска. У сваім лісце ён піша аб тым, што пачалі ў нас адбудоўвацца гістарычныя сядзібы. Менавіта па стане гэтых сядзіб, слушна лічыць чытач, турысты-замежнікі ацэньваюць у пэўнай ступені стаўленне дзяржавы да нашай гістарычна-культурнай спадчыны. Але турыст - і не толькі замежны - вельмі патрабавальны да якасці паслуг. А яе, гэтай якасці, у нашых раёнах часцяком бракуе. Няма нават элементарнага: шыльдавай рэкламы побач з уязнымі райцэнтраўскімі знакамі, якая даводзіла б, што ёсць цікавага ў горадзе ды на сяле з гістарычнай архітэктуры і з прыродных помнікаў. Словам, шмат чаго яшчэ не стае ў "не даследаванай як мае быць і цалкам не заселенай" прасторы нашага рэгіянальнага турызму. І не са складання сядзібнай карты, як думаецца, тут варта пачынаць.

 

Клець, павець, вароўня... аўтобус

Працытую словы Канстанціна Карнелюка, бо пад кожным з іх гатовы падпісацца: "Не ажыўляць трэба сядзібы, а- грунтоўна адраджаць, і рабіць гэта не дзеля паказухі. Але ў нас няма сістэмнай канцэпцыі аховы гісторыка-культурнага ландшафту. А сядзібы павінны жыць самастойным духоўным жыццём з багата насычаным зместам... Сядзібы - важны элемент духоўнага, эканамічнага жыцця сучаснай Беларусі, нашага грамадства і наступных пакаленняў. Іх варта выкарыстоўваць у адукацыйных і выхаваўчых мэтах, для турыстычнага, а значыць - матэрыяльнага і сацыяльнага развіцця рэгіёнаў... Не застанецца сядзіб - дзеці нашы так і не зразумеюць, што такое стайня, карэтня, клець, павець, вароўня... А як на справе? Да знакамітага Музея-сядзібы "Здраўнёва" нават аўтобус не ходзіць. Ва унікальна-казачны асабняк Іллі Яфімавіча Рэпіна жадаюць прыехаць турысты з усёй Беларусі. Але аматары творчасці жывапісца павінны дабірацца да сядзібы... некалькі кіламетраў пехатой. А ў Здраўнёва хочуць прыехаць і пажылыя людзі..."

Карэту мне, карэту!

Музей-сядзіба "Здраўнёва" - філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Я звязаўся з намеснікам дырэктара ўстановы Валерыем Шышанавым. Сапраўды, праблема аўтасувязі на маршруце "Віцебск - Здраўнёва" існуе. Як тлумачыць Валерый Аляксеевіч, аўтобус з абласнога цэнтра ходзіць толькі да гарпасёлка Руба. А ад яго да рэпінскай сядзібы - недзе тры кіламетры. Сапраўды, не кожны прыхільнік прыгожага пагодзіцца пераадолець такую адлегласць пешшу. Вось і атрымліваецца, што "ў госці да Рэпіна" за год трапляюць, па словах Шышанава, толькі арганізаваныя тургрупы альбо вандроўнікі на ўласных аўто. Тым не менш, іх агульная штогадовая колькасць дасягае 20 тысяч чалавек. Як сцвярджае намеснік дырэктара абласнога краязнаўчага музея, калі б да сядзібы мастака рэгулярная транспартная сувязь была наладжана хаця б цягам летняга сезона, колькасць наведвальнікаў "Здраўнёва" значна павялічылася б. Так што мае рацыю спадар Карнялюк. Але аўтобусны маршрут да музеясядзібы нявыгадны мясцоваму аўтапарку. Справа ў тым, што гарпасёлак Руба знаходзіцца ў межах Віцебска, таму на кошт аўтобуснага білета ўплывае так званы гарадскі тарыф. А каб дабрацца, да прыкладу, да "Здраўнёва", патрэбны аўтобус міжгародні. А яго пускаць, атрымліваецца, невыгодна. Як кажа Валерый Шышанаў, пытанне гэтае музей спрабаваў неаднаразова вырашаць на мясцовым узроўні, але пакуль - безвынікова. Самы час супрацоўнікам "Здраўнёва" заняцца карэтным рамізніцтвам...

Калі ж адкінуць сумныя жарты ўбок, дык, па словах начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага, пытанне, узнятае Канстанцінам Карнелюком, - надзвычай актуальнае і, хоць палягае яно ў прасторы міжведамасных эканамічных нестыковак, патрабуе найхутчэйшага вырашэння...

Каб сцены і дрэвы выхоўвалі

 Рэпінскі музей - сядзіба адроджаная. Як вядома, свой важкі ўклад у рэалізацыю гэтай акцыі ўнесла ў свой час рэдакцыя "Культуры". У стадыі адраджэння - згаданыя Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль і сядзіба Напалеона Орды. Дарэчы, да вёскі Жылічы ад райцэнтра Кіраўск "бясконны" турыст можа беспраблемна дабрацца на рэйсавым аўтобусе, якіх ходзіць туды двойчы на дзень. "К" неаднойчы пісала пра тое, што ў Жылічах ёсць на што паглядзець: у колішняй панскай сядзібе дзейнічаюць музей, бібліятэка, ДШМ, а мясцовы парк здзіўляе сваімі маштабамі і падборам унікальных дрэў... І ўсё гэта знаходзіцца на балансе аддзела культуры Кіраўскага райвыканкама...

А колькі на Беларусі сядзіб і паркаў некалі знішчаных, напаўзруйнаваных, неадроджаных. І далёка не ўсе яны знаходзяцца ў сферы інтарэсаў раённых аддзелаў культуры, маюць іншых гаспадароўуласнікаў, сярод якіх ёсць ужо і прыватнікі, пра што "К" таксама пісала неаднаразова. Неаспрэчна адно: стратэгіі бюджэтаўтваральнага, адукацыйна-выхаваўчага выкарыстання сядзібна-паркавых комплексаў, як падкрэслівае ў сваім лісце Канстанцін Карнялюк, на Беларусі пакуль няма. Таму і выглядаюць не надта "жывымі" гарадскія старасвецкія паркі ў Ветцы, Нароўлі ды іншых нашых мястэчках. Чакаюць рамонту, рэстаўрацыі, рэканструкцыі 175 гістарычных сядзіб, занесеных у Спіс дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Дарэчы, 46 гэтых сядзіб, як распавядае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі, вырашана, па ўзгадненні з аблвыканкамамі і Міністэрствам спорту і турызму, перадаць для далейшага адраджэння інвестарам. Але ж... Мецэнатаў, пагадзіцеся, таксама трэба карпатліва "гадаваць". Так што найбольш плённай і перспектыўнай пакуль падаецца ініцыятыва мясцовых улад. Логіка тут простая: сваё, уласнапрыдуманае і рэалізаванае, не муляе, і, як правіла, аўтобус пры такім раскладзе заўжды прыбывае да канцавога прыпынку. У адваротным выпадку, так і будуць збольшага "маўчаць" нашы гістарычныя сядзібы і паркі. Хто думае інакш, няхай аспрэчыць.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"