Як адзначылі ў прэс-службе Гродзенскага аблвыканкама, напрыканцы мінулага месяца, па ініцыятыве старшыні абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры, прайшла нарада з удзелам кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый горада, банкаўскіх устаноў, структурных падраздзяленняў аблвыканкама, духавенства Гродзенскай праваслаўнай епархіі. Пад час абмеркавання было вырашана зрабіць рэстаўрацыю Каложскай царквы агульнай справай усіх жыхароў вобласці.
Такім чынам, у бліжэйшы час запланавана адкрыццё дабрачыннага рахунку, на які арганізацыі і прыватныя асобы змогуць пералічыць неабходныя сродкі. Да таго ж, у рамках мерапрыемстваў па зборы сродкаў плануецца правядзенне абласнога суботніка, розыгрышу латарэі, разнастайных дабрачынных акцый з шырокім асвятленнем у сродках масавай інфармацыі Гродзенскай вобласці і рэспублікі.
У выніку пасля рэстаўрацыі, заканчэнне якой запланавана прыкладна праз два гады, Каложская царква павінна набыць аблічча ўзору канца XVIII - сярэдзіны XIX стст.