Чытач - Газета - Міністэрства

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Я працую ў ДШМ, асноўная пасада - намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Па сумяшчальніцтве, гэта значыць - у асноўны працоўны час таксама выконваю абавязкі выкладчыка па класе фартэпіяна (9 педагагічных часоў на тыдзень). Растлумачце, калі ласка, парадак аплаты працы за педагагічныя гадзіны па сумяшчальніцтве і налічэнне заработнай платы, адпускных за чэрвень, ліпень і жнівень. Назавіце працягласць працоўнага адпачынку за педагагічныя гадзіны па сумяшчальніцтве

На пытанне адказвае загадчык сектара кадравай працы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына АНЦІПЕНКА:

- Што да працягласці працоўнага адпачынку, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў № 100, ён роўны 56 каляндарным дням.

 

На пытанне адказваюць намеснік начальніка эканамічнага ўпраўлення Святлана ГАЛОЎЧЫЦ і кансультант аддзела бюджэтнага фінансавання эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ганна ГУЛЕВІЧ:

 - У адпаведнасці з артыкулам 67 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, работнікам, якія выконваюць у аднаго і таго ж наймальніка разам са сваёй асноўнай работай, абумоўленай працоўным дагаворам, дадатковую працу па іншай прафесіі (пасадзе) або абавязкі часова адсутнага работніка без вызвалення ад сваёй асноўнай пасады на працягу вызначанай заканадаўствам працягласці працоўнага дня (працоўнай змены), ажыццяўляецца даплата за сумяшчэнне прафесій (пасад), пашырэнне зоны абслугоўвання (павелічэнне аб'ёму выконваемых работ) або выкананне абавязкаў часова адсутнага работніка. З мэтай удасканальвання арганізацыі працы работнікаў устаноў адукацыі з ліку кіраўнікоў, эфектыўнасці выкарыстання іх творчага патэнцыялу, а таксама падтрымлівання іх прафесійнага ўзроўню і адпаведна пастанове Міністэрства адукацыі ад 30 сакавіка 2007 г. № 26 "Аб удасканаленні арганізацыі працы педагагічных работнікаў" дырэктары, іх намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў устаноў адукацыі, у тым ліку і ўстаноў, што забяспечваюць атрыманне пазашкольнага выхавання і адукацыі, могуць выконваць у працоўны час аплачваемую выкладчыцкую работу па месцы асноўнай працы ў аб'ёме не больш за палову нормы гадзін выкладчыцкай працы за стаўку педагагічных работнікаў, гэта значыць - 9 гадзін на тыдзень, незалежна ад таго, займаюць яны 0,5 штатнай пасады або поўную пасаду. Памеры даплат за сумяшчэнне прафесій (пасад), пашырэнне зоны абслугоўвання (павелічэнне аб'ёму выконваемых работ) або выкананне абавязкаў часова адсутнага работніка ўстанаўліваюцца наймальнікам па пагадненні з работнікам і могуць выражацца ў абсалютным памеры або ў працэнтах да месячнай тарыфнай стаўкі (службовага акладу) па сумяшчальнай прафесіі (пасадзе). Канкрэтны памер пазначаных даплат кожнаму работніку вызначаецца ў залежнасці ад складанасці, характару, аб'ёму выконваемых работ, ступені выкарыстання працоўнага часу.

 

На пытанне адказвае галоўны спецыяліст упраўлення кадравага ўліку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ларыса ГАНІЧАВА:

- У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 30 сакавіка 2007 г. № 25 "Аб некаторых асаблівасцях рэгулявання працы педагагічных работнікаў" аплата працы за вучэбную нагрузку намесніку дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы за педагагічныя гадзіны адбываецца на аснове тарыфікацыі. Адпускныя па асноўнай пасадзе і педагагічнай працы вызначаюцца, зыходзячы з агульнай працягласці адпачынку па асноўнай пасадзе (пастанова Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2000 г. №47 "Аб зацвярджэнні ўмоў і парадку падліку сярэдняга заробку, які захоўваецца за час працоўнага (асноўнага і дадатковага) і сацыяльнага (у сувязі з адукацыяй) адпачынкаў, выплаты грашовай кампенсацыі за нявыкарыстаны працоўны адпачынак і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, а таксама пераліку выплат, што ўлічваюцца пры падліку сярэдняга заробку"). У перыяд летніх канікул, за выключэннем часу знаходжання ў адпачынку, заработная плата выплачваецца па асноўнай пасадзе.