Непрадказальная “Белая вежа”

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Літаральна месяц застаўся да пачатку ХV Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа", які сёлета пройдзе з 11 па 18 верасня ў Брэсце. Плануецца, што форум збярэ ў гасцінным горадзе над Бугам тэатры з 21-й краіны свету.

/i/content/pi/cult/281/4424/Clip_6.jpgПоруч з калектывамі з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы, якія з'яўляюцца даволі частымі гасцямі на айчынных фестывалях, прыхільнікі тэатральнага мастацтва змогуць пазнаёміцца з творчымі праектамі такіх краін, як Славенія, Аўстралія, Арменія, Літва, Венгрыя, Азербайджан, Венесуэла, Англія, Партугалія, Індыя, Іран, Ізраіль, Германія, Таджыкістан, Італія, Узбекістан, Румынія. Паміж "Нашэсцем іншапланецян" гурта KUD Ljud з Любляны, што распачне фестывальную праграму, і "Свалачным каханнем" Рускага драматычнага тэатра Літвы з Вільнюса, якое яе закрывае, будуць прадстаўлены 36 тэатральных работ самых розных жанраў: драматычныя, лялечныя, пластычныя, музычныя і, канешне ж, вулічныя.

Значная частка фестывальнай афішы будзе прысвечана юбілею Антона Чэхава, што адзначаецца сёлета. З гэтай нагоды Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы пакажа "Тры сястры", Гродзенскі абласны драматычны тэатр і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі- уласныя версіі "Чайкі", а падарункам аматарам вулічных прадстаўленняў стане прыезд Львоўскага тэатра "Уваскрэсенне", які прывязе свой знакаміты "Вішнёвы сад".

Як, бадай, ніколі раней, сёлетняя афіша "Белай вежы" вабіць сваёй загадкавасцю і непрадказальнасцю: пераважная большасць заяўленых у ёй работ выклікаюць непадробны інтарэс, бо абяцаюць знаёмства з тымі пластамі сучаснага тэатральнага мастацтва, якія не надта разрэкламаваны. Але ж, як паказвае практыка, акурат яны даюць магчымасць больш глыбінна зразумець і адчуць тыя працэсы, што адбываюцца ў тэатральным мастацтве кожнай з краін. Такім чынам- да сустрэчы на "Белай вежы"!